Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі міністар напісаў ліст Надзеі Саўчанцы, яна яму адказала


Намесьнік міністра замежных спраў Вялікабрытаніі у пытаньнях Эўропы Дэвід Лідынгтан напісаў ліст украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы, якая знаходзіцца пад арыштам у Расеі.

«Прайшоў год, як вас затрымалі і незаконна пераправілі празь мяжу з тэрыторыі Украіны ў Расею. За гэтыя 12 месяцаў турэмнага зьняволеньня вы прадэманстравалі неверагодныя мужнасьць і непахіснасьць», — напісаў палітык. Ён адзначыў, што ніхто ня можа ўтрымлівацца ў зьняволеньні беспадстаўна, толькі па чыімсьці капрызе.

Лідынгтан нагадвае, што паводле Менскіх дамоўленасьцяў «павінен быць праведзены абмен закладнікамі і людзьмі, якіх незаконна ўтрымліваюць».

Надзея Саўчанка напісала ліст у адказ, падзякаваўшы Дэвіду Лідынгтану за словы падтрымкі.

«Надышла чарга ўкраінцаў выступіць супраць ганебна ворага на сваёй зямлі. У мяне і маёй краіны няма іншага выбару акрамя як адказаць на гэты выклік і прыкласьці ўсе сілы для барацьбы. І будзьце ўпэўненыя — мы не здадзімся», — напісала Саўчанка.

Ліст брытанскага міністра і адказ Саўчанкі выклаў у сацыяльных сетках адвакат лётчыцы Ільля Новікаў.

Надзея Саўчанка, якая знаходзіцца пад арыштам зь ліпеня 2014 году, абвінавачваецца ў датычнасьці да забойства двух расейскіх журналістаў у Данбасе.

У канцы траўня Сьледчы камітэт Расеі паведаміў, што завяршыў расьсьледаваньне справы ўкраінскай лётчыцы.

XS
SM
MD
LG