Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз узгадніў працяг санкцыяў супраць Расеі да канца студзеня 2016 году


Паслы краін ЭЗ у Брусэлі падоўжылі эканамічныя санкцыі супраць Расеі на шэсьць месяцаў, да канца студзеня 2016 году. На адзін год падоўжанае і дзеяньне забароны на інвэстыцыі ў Крым.

Міністры замежных спраў краін ЭЗ павінны зацьвердзіць рашэньне аб працягу санкцыяў на пасяджэньні ў Люксэмбургу 22 чэрвеня. Санкцыі ўдараць найперш па энэргетычным, фінансавым і ваенна-прамысловым сэктарах расейскай эканомікі.

Рашэньне ЭЗ аб працягу забароны на інвэстыцыйныя праекты ў Крыме, верагодна, будзе зацьверджана 19 чэрвеня.

Санкцыі былі ўпершыню ўведзеныя ў ліпені 2014 году ў адказ на анэксію Расеяй Крымскага паўвострава і на дзеяньні Крамля, які, як лічаць на Захадзе, падтрымаў узброеных прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Санкцыі сталі найбольш жорсткімі на той момант абмежавальнымі мерамі, якія прымаў ЭЗ у дачыненні да Расеі. Яны закранулі фінансавы, нафтавы і абаронны сэктары.

У сакавіку гэтага году кіраўнікі ўрадаў краін ЭЗ вырашылі, што будуць працягваць дзеяньне санкцыяў супраць Расеі да таго часу, пакуль Масква не пачне цалкам выконваць умовы Менскіх пагадненьняў.

Раней былы міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што крызіс ва Ўкраіне прывёў да міжнародных эканамічных санкцый у дачыненьні да Расеі за ўдзел у канфлікце. У выніку ВУП Расеі зьнізіўся на 1–1,5 працэнта. Ён дадаў, што каля 500 тысяч чалавек у Расеі страцяць свае працоўныя месцы з-за дрэнных эканамічных умоў.

Кудрын заявіў у звароце ў Савеце Фэдэрацыі ў Маскве 3 чэрвеня, што адток капіталу з Расеі летась склаў 150 мільярдаў даляраў і дасягне 100-110 мільярдаў у 2015 годзе.

Паводле Кудрына, эканоміка краіны знаходзіцца ў стане поўнамаштабнага крызісу, які падсілкоўваецца адтокам капіталу, нізкім эканамічным ростам з-за канфлікту ва Ўкраіне і нізкіх цэнаў на нафту.

Кіраўніца Банку Расеі Эльвіра Набіуліна на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі адзначыла, што другі год у РФ зьніжаецца інвэстыцыйны попыт, а сёлета скарачаецца спажываньне. Яна адзначыла, што «ў адрозьненьне ад піку інфляцыі, дно спаду эканомікі яшчэ ня пройдзена».

XS
SM
MD
LG