Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэская тэлевізія хоча паказаць расейскі фільм пра ўварваньне 1968


Савецкія танкі на вуліцах Прагі, 25 жніўня 1968 года.

Савецкія танкі на вуліцах Прагі, 25 жніўня 1968 года.

Грамадзкая тэлевізія Чэхіі мае намер набыць правы на паказ расейскага дакумэнтальнага фільму «Варшаўская дамова», прысьвечанага падзеям 1968 году, які ўжо выклікаў нэгатыўную рэакцыю чэскіх і славацкіх уладаў — пасьля яго паказу ў Расеі.

Як паведаміў чэскім і нямецкім СМІ кіраўнік праграмнай дырэкцыі чэскай тэлевізіі Мілан Фрыдрых, яго кампанія ўжо вядзе з расейскім бокам перамовы аб набыцьці ліцэнзіі на права паказу фільму. Паводле Фрыдрыха, яго прэм’ера ў Чэхіі магла б адбыцца ў жніўні — у рамках буйнога дакумэнтальнага праекту, прысьвечанага чарговай гадавіне ўварваньня войскаў краін Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе.

У фільме «Варшаўская дамова», у прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што ў пэрыяд рэформаў «праскай вясны» ў Чэхаславаччыне рыхтаваўся ўзброены празаходні пераварот, у падрыхтоўцы якога ўдзельнічалі былыя эсэсаўцы і калябарацыяністы часоў Другой сусьветнай вайны.

Пасьля паказу фільму ў Расеі амбасадар РФ у Празе Сяргей Кісялёў быў выкліканы ў МЗС Чэхіі даць тлумачэньні. Чэскі прэзыдэнт Мілаш Зэман, у цэлым вядомы сваёй прарасейскай пазыцыяй, таксама назваў фільм «ілжывым».

Пазьней група славацкіх інтэлектуалаў выступіла са зваротам да грамадзкай тэлевізіі сваёй краіны і Чэхіі, прапанаваўшы ім паказаць гэты расейскі фільм, суправадзіўшы яго дыскусіяй гісторыкаў і палітолягаў. Паводле сацыёляга і публіцыста Фэдара Гала, аднаго з тых, хто падпісаў зварот, чэская і славацкая аўдыторыя «мае права ведаць, як маскоўская прапаганда бессаромна маніпулюе гісторыяй».

XS
SM
MD
LG