Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў, якія вывесілі сьцяг Нямеччыны над будынкам ФСБ ў Калінінградзе, асудзілі і вызвалілі


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Калінінградзкія актывісты, якія вывесілі сьцяг Нямеччыны над будынкам ФСБ, 17 чэрвеня былі прызнаныя вінаватымі ў хуліганстве.

Суд прызнаў Міхаіла Фельдмана, Алега Савіна і Дзьмітрыя Фанарова вінаватымі ў хуліганстве.

Алегу Савіну і Дзьмітрыю Фанарову прызначана пакараньне ў выглядзе 1 года і 1 месяца пазбаўленьня волі, а Міхаілу Фельдману — у выглядзе 1 года, 1 месяца і 23 дзён. З улікам часу, які яны правялі ў СІЗА, іх вызвалілі ў залі суду.

У сакавіку 2014 калінінградцы Міхаіл Фельдман, Алег Савін і масквіч Дзьмітрый Фанароў вывесілі нямецкі сьцяг над адным з будынкаў абласной управы ФСБ ў Калініградзе. Такім чынам маладыя людзі хацелі паказаць сваё стаўленьне да анэксіі Крыму і сытуацыі ва Ўкраіне. Яны былі адразу і затрыманыя. Спачатку гэта быў адміністрацыйны арышт за «нецэнзурную лаянку» і выкрык «хайль Гітлер» (самі затрыманыя лаянку і крыкі адмаўляюць). Пазьней актывістаў абвінавацілі паводле крымінальнага артыкулу за «хуліганства».

Рашэньне суду стала нечаканым для ўдзельнікаў працэсу і сваякоў асуджаных. У інтэрвію Радыё Свабода маці Міхаіла Фельдмана Тамара Губарава прызналася: яна думала, што сына «яшчэ памучаць»:

«Я настолькі шчасьлівая, што ў мяне слоў няма. Мішу прывязу дадому, адкормліваць буду. Я на такі вынік ня спадзявалася. Думала, што яму яшчэ дадуць тэрмін» — сказала яна.

Паводле адвакатаў, справа аб сьцягу — амаль копія справы Pussy Riot. Толькі замест абражаных пачуцьцяў вернікаў — пачуцьці вэтэранаў.

Двое з трох асуджаных — актывісты Камітэту грамадзкай самаабароны. У самой арганізацыі іх учынак не ўхваляюць, аднак разумеюць, чаму яны гэта зрабілі.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітычнымі вязьнямі. Праўда, цяпер гэтым палітвязьням давядзецца задумацца пра сваю бясьпеку. Паводле каардынатара камітэту Ганны Мар’ясінай, пагрозы праз інтэрнэт паступаюць ім пастаянна.

XS
SM
MD
LG