Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і мёртвыя душы


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Спадар Пуцін затурбаваўся рэзкім ростам сьмяротнасьці ў першым квартале году.

Ён загадаў «кабміну» пакласьці на стол аналіз прычынаў. Атрымаўшы ў рукі прычыны, распрацуюць комплекс мераў, накіраваных на зьніжэньне сьмяротнасьці, паведамляюць інфармагенцтвы…

Патэтычная частка

Ну як жа так, бядуе прэзыдэнт, я зьвесткі засакрэціў па нашай арміі у мірны час, ніхто цяпер ня лічыцца забітым, а ўсе знаходзяцца на месцы службы, чаму падскочыла сьмяротнасьць?! Хто вінаваты, хто лічбам даў гуляць як хочуць? Забыліся хіба, як настальгічна некалі зачытвалі ў казарме на паверцы тых, каго даўно няма, з жалезнай фармулёўкай – «залічаны навечна ў сьпісы часьці»?! Ня трэба вынаходзіць ровар, калі яны ў сьпісах, значыць, па-ранейшаму жывуць і кропка.

Ну, а цывільныя чаго сьмяротнасьці цяпер псуюць мне лічбы? Чаго душа жадала – даў усяго! Адмовіўся ад ножак Буша, ад шкоднай каўбасы капіталістычнай, дзе кансэрвантаў больш, чым мяса. Ад непатрэбных польскіх яблык! Ну, а гарэлка? Родная, свая? Панізіў цэны, як хацелі. Пі, калі ласка, толькі меру знай! Я гонарам напоўніў душы, напоўніў баявым запалам пры дапамозе РТР! Чаго яшчэ вам трэба? Каб бомбу скінуў на галовы НАТО? Канечне, сам сказаў, народ, табе, на ўсю Іванаўскую абвясьціў, што чалавеку рускаму і сьмерць ня страшная, калі на людзях. Дык гаварыў жа ў пераносным сэнсе я, спаслацца каб на мудрасьць векавую – што рускі чалавек за Наваросію не пашкадуе жывата, калі патрэба будзе!

Але каманды паміраць з бутэлькай перад тэлевізарам я не даваў! Мне сьведкам патрыярх, намесьнік Бога на зямлі айчыннай, ня дасьць мне схлусіць ён, уладыка! Усё засакрэціць загадаю зараз, усе лічбы з крэматорыяў і могілак, і з моргаў, і ўсіх кантор «У апошні шлях» – на прэзыдэнцкі стол, каб візу мог накласьці я. Вялікая сьмяротнасьць нам без патрэбы, вайны няма, а толькі мір, і росквіт, і патрыятычны ўздым. А каб чыноўнікі не паміралі, ад губэрнатара да меншай сошкі, няхай кабмін дасьць прапановы – «аб падвышэньні матывацыі дзеля вядзеньня імі здаровага, вядома, ладу свайго жыцьця і для заняткаў фізкультурай, спортам». Ледзь не сказаў «амінь», але «амінь» пакінем уладыку, што ўзяць зь яго, калі сьмяротнасьць зьнізіць ён не дапаможа кабміну нашаму, які з рэцэптамі жыцьця і сьмерці ніяк не разьбярэцца сам.

Празаічная частка

У глухія савецкія часы наш выкладчык эканомікі Юшкевіч на журфаку БДУ любіў успомніць досьвед савецкай улады ў змаганьні са сьмяротнасьцю. 6 студзеня 1937 году быў праведзены ўсесаюзны перапіс. Сталіну так падабалася мерапрыемства, што ён сам рэдагаваў апытальны ліст. Аднак вынікі перапісу адразу засакрэцілі, кіраўнікоў перапісу расстралялі. Іх прызналі шкоднікамі, «трацкісцка-бухарынскімі агентамі замежных разьведак».

Папярэдні прагноз (зроблены яшчэ ў 1935-м) даваў 165 мільёнаў чалавек, а перапіс паказаў наяўнасьць толькі 162-х. Дакладна праз два гады быў праведзены паўторны перапіс, які даў цудоўныя лічбы – ажно 170 мільёнаў жыхароў. І гэта пасьля хвалі чыстак і расстрэлаў. Што праўда, не было больш масавага голаду, які здарыўся ў 1932-33 гадах, вынікі якога (а таксама рэпрэсій) адлюстраваў першы перапіс. Савецкая ўлада, між іншым, так яго баялася, што лічбы надрукавалі толькі ў 1990-м.

Гісторыя ня вучыць. Хаця ў пуцінскіх плянах таксама частковая кампэнсацыя хворым за таблеткі, але калі краіна п’е і ваюе, няхай «сакрэтна», лекі сьмяротнасьці не перашкода.

Меркаваньне аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG