Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Каныгін: «Гэтым таварышам у Данецку мір не патрэбны»


Павел Каныгін
Павел Каныгін

Спэцыяльны карэспандэнт «Новой газеты» ў Данбасе Павел Каныгін напярэдадні быў затрыманы і зьбіты «органамі дзяржбясьпекі ДНР». Пасьля агалошваньня інцыдэнту журналіста вывезьлі на мяжу Расеі і Ўкраіны, адкуль ён дабраўся да рэдакцыі сваёй газэты ў Маскве.

Пра здарэньне Павел Каныгін паведаміў: «Калі мяне прывезьлі ў МГБ, іх супрацоўнік накіраваў на мяне пісталет і сказаў, што прыстрэліць. Пасьля ён запытаў, ці я за іх, ці за „ўкропаў“. Я адказаў, што за мір. Тады ён даў мне кулаком у вока. Потым мяне павялі на допыт, дзе казалі, што я наркаман, што атрымліваю наркотыкамі заробак зь Дзярждэпу і СБУ».

Цяпер Павел Каныгін у Маскве і ён адказаў на некалькі пытаньняў Радыё Свабода.

Карэспандэнтка: «Як вы сябе адчуваеце цяпер, ці будзеце зьвяртацца да мэдыкаў?»

Каныгін: «Не асабліва добра, але ўжо лепш. Канечне, канечне, да мэдыкаў абавязкова яшчэ будзем зьвяртацца. Мы зьбіраемся разьбіць гэтую правакацыйную атаку на мяне. У тым сэнсе, што яны хочуць выставіць мяне наркаманам і ўсяляк дыскрэдытаваць як журналіста. Але нічога з гэтага ня выйдзе, і яны пацерпяць поўнае фіяска. Якраз зараз я еду да незалежнага нарколяга, дзе мы правядзем поўную экспэртызу. І гэтыя мярзотнікі і нягоднікі, якія прымусілі мяне прайсьці свой ліпавы тэст, будуць вымушаныя выцерціся».

Карэспандэнтка: «Гэта значыць, што вас змусілі прайсьці нейкія абсьледаваньні? І хто „яны“?»

Каныгін: «Так, змусілі, пад пагрозамі — адмовіцца ў мяне не было аніякага шанцу. Я быў увесь у крыві, з разьбітым вокам. Яны — гэта прадстаўнікі гэтак званага МГБ, гэтак званай — квазі „Данецкай народнай рэспублікі“. Гэта людзі, якія думаюць, што яны будуюць дзяржаву, — яны насамрэч чагосьці не разумеюць пра дзяржаўныя структуры. Яны не разумеюць, што ў нармальных дзяржаўных структурах не суправаджаюць журналіста з цэнтру горада аўтаматчыкі, не настаўляюць на яго зброю, калі журналіст бяззбройны, не разьбіваюць яму твар, не дапытваюць яго ў кайданках, ня водзяць у прыбіральню, каб ён пад прымусам здаў мачу на аналіз на наяўнасьць наркотыкаў. Гэтыя людзі чагосьці не разумеюць, і ў нас ёсьць інфармацыя, што ўсё гэтае неразуменьне сыходзіць ад нейкіх кансультантаў-паліттэхнолягаў маскоўскіх, якія сядзяць і навучаюць, як трэба няшчасным гэтым данецкім дзеячам працаваць і будаваць сваю дзяржаву. І нічога не атрымліваецца, атрымліваецца вось такая „лажа“ вельмі подлая. Калі прыяжджае журналіст і паведамляе, як і што адбываецца насамрэч, а я пішу пра тое, што я бачу. Калі я бачу, што ўкраінская армія абстрэльвае Данецк, то я пра гэта і пішу. Калі я бачу, што ДНР абстрэльвае пазыцыі ўкраінскай арміі, то я таксама пра гэта паведамляю. А ім гэта не патрэбна — яны так і сказалі: нам аб’ектыўная журналістыка непатрэбная. Пра нас трэба добра пісаць альбо ніяк».

Карэспандэнтка: «Як часта вы бываеце ў Данбасе, ці бывалі на пазыцыях украінскай арміі, ці нешта падобнае здаралася раней і з чым зьвязаны гэты інцыдэнт?»

Каныгін: «Нічога падобнага раней не здаралася. Для мяне самога дагэтуль загадка, чаму гэта са мной здарылася. Я вельмі даўно працую там, у Данецку ў тым ліку. Я працую з украінскім бокам і ДНР-аўскім, і ніколі не было ніякіх праблемаў. Але вось цяпер чамусьці, падчас перамоваў у Менску, чамусьці гэтыя таварышы ў Данецку ставяць самі сабе падножку, паказваючы, што мір ім не патрэбны. Мне падаецца, што ўсё гэта падобна на вельмі дзіўную і незразумелую гісторыю. Канечне, яны былі вельмі напалоханыя антываенным мітынгам, які для іх вельмі неспадзявана адбыўся напярэдадні. Яны былі вельмі разгубленыя і, пэўна, гэта была такая нэрвовая рэакцыя на гэтую падзею. Бо я быў адным зь нямногіх журналістаў, хто паведамляў пра гэтую падзею ў рэжыме рэальнага часу. Таму вэрсіі могуць быць самыя розныя. Альбо яны ізноў рыхтуюць нейкую ваенную апэрацыю, што цалкам верагодна, і гэткім чынам „зачышчаюць“ інфармацыйнае поле, каб не было нейкіх журналістаў, якія нешта ўбачаць і абавязкова паведамяць пра гэта. Таму яны, пэўна, імкнуцца ўскладніць працу журналістаў. І гэта ня першы выпадак, калі перад буйнымі ваеннымі кампаніямі ўсталёваўся жорсткі рэжым для працы журналістаў. Таму версіяў можа быць вельмі шмат, і яны могуць быць вельмі розныя».

Карэспандэнтка: «Ці паспрабуеце вы паехаць туды ізноў пасьля ўсяго, што адбылося?»

Каныгін: «Напачатку мы паспрабуем, каб вінаватыя за гэтую правакацыю ў дачыненьні да мяне панесьлі адказнасьць паводле расейскіх законаў, украінскіх ці хоць ДНРаўскіх. А пасьля паглядзім — я спадзяюся, што так — я туды яшчэ паеду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG