Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РПЦ можа страціць праваслаўную Ўкраіну — Рыжкоў


Праваслаўны сьвятар дабраслаўляе прызыўнікоў у Кіеве

Праваслаўны сьвятар дабраслаўляе прызыўнікоў у Кіеве

Страта Крыму і вайна на Данеччыне і Луганшчыне памяняла настрой праваслаўных вернікаў на ўсходзе і поўдні Ўкраіны з прамаскоўскага на антымаскоўскі. Гэта галоўны чыньнік, якіх схіляе тры праваслаўныя царкоўныя структуры ва Ўкраіне да аб’яднаньня.

Гэтак лічыць лібэральны расейскі палітык Уладзімір Рыжкоў, які апублікаваў артыкул пра праблемы ўкраінскага праваслаўя ў The Moscow Times.

Рыжкоў нагадвае, што 8 чэрвеня супольная камісія Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы заявіла аб жаданьні абодвух царкоўных структураў «неўзабаве аб’яднацца ў Памесную аўтакефальную царкву Ўкраіны». На сустрэчы камісіі прысутнічаў прадстаўнік Патрыярха Канстантынопальскага Варфаламея І. Абедзьве згаданыя цэрквы ня маюць праўнага статусу, але гэта якраз Патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей мае найважнейшы голас у афіцыйным прызнаньні і абодвух цэркваў паасобку, і іх магчымага аб’яднаньня.

Гэткая сытуацыя, лічыць Рыжкоў, ставіць Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату, якой кіруе Мітрапаліт Ануфрый, у цяжкую сытуацыю. Мітрапаліт Ануфрый, зазначае аўтар, выступае супраць поўнай незалежнасьці праваслаўных Украіны ад Масквы, але ён можа быць вымушаны пайсьці на такі крок пад ціскам абставін і грамадзкіх настрояў.

Вясною 2016 году ў Стамбуле пад старшынствам Варфаламея І зьбярэцца першая Экумэнічная рада праваслаўных цэркваў. Патрыярху Канстантынопальскаму важна, каб гэтая сустрэча закончылася посьпехам, а таму, як мяркуе Рыжкоў, ён наўрад ці рызыкне ўзьняць украінскае пытаньне на ёй. Але, працягвае расейскі аўтар, ня выключана, што пасьля гэтай сустрэчы Варфаламей І фармалізуе аддзяленьне ўкраінскага праваслаўя ад расейскага.

Расейская праваслаўная царква налічвае каля 30 тысяч парафій, у тым ліку 12 тысяч пад юрысдыкцыяй Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.

XS
SM
MD
LG