Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьявяцца ў Беларусі новыя расейскія вайсковыя базы?


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Расейскі генэрал арміі Юры Якубаў заявіў Інтэрфаксу пра намер Расеі ўзмацніць «свае сілы і сродкі на заходнім стратэгічным кірунку» ў адказ на разьмяшчэньне баявой тэхнікі ЗША ў краінах Балтыі і Ўсходняй Эўропы.

Што тычыцца Беларусі, прадстаўнік управы генэральных інспэктараў Мінабароны Расеі Юры Якубаў заявіў:

«Ракетная брыгада ў Калінінградзкай вобласьці будзе паскоранымі тэмпамі пераўзбройвацца на новыя апэратыўна-тактычныя комплексы „Іскандэр“, будзе значна зьмененая расейская агульнавайсковая групоўка ў Беларусі».

Якія дадатковыя вайсковыя сілы і сродкі хоча разьмясьціць Расея ў Беларусі і як на гэта адрэагуе беларускае кіраўніцтва?

Незалежны вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін найперш заўважыў, што пасада генэрала арміі Юрыя Якубава дае падставы лічыць, што ён выказвае не сваё асабістае меркаваньне, а ўзгодненую пазыцыю Мінабароны РФ. Да таго ж Юры Якубаў, паводле Аляксандра Алесіна, памыліўся ў пэўных азначэньнях.

Экспэрт патлумачыў, што на тэрыторыі Беларусі няма ніякай агульнавайсковай групоўкі Расеі. Паводле дамовы з Масквой, у выпадку ваеннай пагрозы ствараецца сумесная групоўка сухапутных войскаў. Толькі тады на тэрыторыю Беларусі перакідваюцца расейскія сілы дзеля падмацаваньня беларускага войска, якія будуць падпарадкоўвацца беларускаму вайсковаму кіраўніцтву. Як мяркуе Аляксандар Алесін, расейскі генэрал Юры Якубаў меў на ўвазе ўзмацненьне менавіта гэтых расейскіх сілаў, якія цяпер разьмешчаныя ў розных рэгіёнах Расеі, але не ў Беларусі. Паводле ранейшых дамоваў, у Баранавічах ужо базуецца зьвяно расейскіх вайсковых самалётаў, якое плянуюць разгарнуць у авіяполк у Бабруйску. Вось гэтая база можа быць неўзабаве ўзмоцнена, пагаджаецца экспэрт.

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«У Бабруйску мае разьмясьціцца полк расейскіх самалётаў Су-30СМ3, але цяпер могуць узьнікнуць пляны гэтую базу яшчэ больш узмацніць. Мяркую, там зьявяцца ня толькі Су-30, але і франтавыя бамбавозы Су-34, якія могуць несьці тактычныя крылатыя ракеты. Бо сюды з Расеі перакідваць больш танкаў і тэхнікі ня мае сэнсу. Амэрыканцы будуць разьмяшчаць каля нашых і заходніх межаў Расеі базы захоўваньня, а ня часьці з асабовым складам, куды ў выпадку абвастрэньня канфлікту звычайнымі пасажырскімі самалётамі перакідваецца асабовы склад. Безумоўна, каб супрацьстаяць гэтым сілам падчас канфлікту, лепш нанесьці па іх удар альбо ракетамі зь зямлі, альбо ракетамі з авіяцыі. Каб не было куды амэрыканцам прылятаць».

Паводле Аляксандра Алесіна, пакуль адкрыцьцё расейскай авіябазы ў Бабруйску зацягваецца менавіта беларускім бокам. Што да разьмяшчэньня неўзабаве «Іскандэраў» у Калінінградзкай вобласьці, то яно цалкам магчымае, бо дзеля перакіданьня гэтых ракетаў па паветры ў Расеі ёсьць пэўныя транспартныя самалёты.

Экспэрт таксама ня выключыў, што расейскія «Іскандэры» могуць зьявіцца і ў Беларусі. «Два гады запар на парадах у Менску мы бачым „Іскандэры“, і гэта не выпадкова. Магчыма, гэтак ідзе адпрацоўка маршрутаў, якімі іх змогуць хутка даставіць у Беларусь», — кажа Аляксандар Алесін.

Такой думкі, аднак, не падзяляе кіраўнік праекту «Belarus security blog» Андрэй Паротнікаў, які лічыць, што беларускае кіраўніцтва не пагодзіцца на разьмяшчэньне на тэрыторыі краіны расейскіх «Іскандэраў» у складзе расейскіх часьцей, а купіць такія ракеты Беларусь ня можа з эканамічных прычын. Бясплатна ж перадаць іх беларусам не захоча сама Расея, мяркуе экспэрт. Што да авіябазы ў Бабруйску, то, паводле Андрэя Паротнікава, гэтае пытаньне зьвязанае з прэзыдэнцкімі выбарамі.

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

«Выказваньні Якубава варта разглядаць як паказчык настрояў, якія цяпер пануюць у Расеі. Але наконт базы — дык сапраўды ў іх зьяўляецца шанец „даціснуць“ гэтае пытаньне перад выбарамі, бо эканоміка Беларусі ў лепшым стане ўжо ня будзе, а ў горшым можа апынуцца, і яны могуць зьвязаць нейкую фінансавую падтрымку з пытаньнямі бясьпекі. Але, адпаведна, калі такая база зьявіцца, дык узьнікне пытаньне па аднаўленьні адносінаў з Захадам. Калі Лукашэнка зможа неяк „адчапіцца“ ад гэтай базы да выбараў, дык пасьля выбараў тым больш ён на гэта ня пойдзе. Пытаньне паціху будзе адыходзіць на задні плян, бо ў Расеі свае праблемы будуць павялічвацца».

На тэрыторыю Беларусі ўжо ня першы год прылятаюць расейскія самалёты, якія могуць несьці ядзерную зброю, заўважае старшыня АГП, магчымы кандыдат на прэзыдэнта Анатоль Лябедзька. Паводле яго, пытаньне аб узмацненьні расейскага кантынгенту ў Беларусі можа вырашыцца і фінансава.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Відаць, узмацненьне вайсковай прысутнасьці Расеі ў Беларусі можа праходзіць празь нейкія фінансавыя і эканамічныя прэфэрэнцыі для Лукашэнкі, яны могуць проста праплаціць новыя базы. Улічваючы той крызіс, у якім знаходзіцца эканоміка Беларусі, Лукашэнка так ці інакш можа на гэта пайсьці. Хоць, вядома, ён ня можа не разумець, што сёньня павелічэньне колькасьці расейскіх вайскоўцаў, іхніх летакоў ды танкаў ні ў якім выпадку не дае гарантыі бясьпекі для краіны, а наадварот, яно іх зьмяншае. Чым большая тут вайсковая прысутнасьць Расеі, тым большая рызыка і пагроза для Беларусі», — лічыць Анатоль Лябедзька.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG