Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку спалілі вёску, потым зьнішчылі магілу невядомага салдата


Андрэй Салаўёў каля зруйнаванай магілы
Андрэй Салаўёў каля зруйнаванай магілы

Жыхар былой вёскі Паўлавічы, зьнішчанай паводле загаду віцебскіх уладаў, абураны зьнішчэньнем магілы невядомага салдата, якой апекаваліся вяскоўцы.

Паводле даўняга звычаю пэнсіянэр Андрэй Салаўёў хацеў ушанаваць памяць невядомага салдата, пахаванага каля вёскі Паўлавічы на ўскраіне Віцебску. Аднак месца, куды можна было б ускласьці кветкі, ужо не засталося: помнік на магіле абаронцы Віцебску, які загінуў у 1941 годзе, зьнік бясьсьледна.

Андрэй Салаўёў спрабаваў даведацца пра лёс пахаваньня, патэлефанаваўшы ў Ноўкінскі сельсавет, да якога адносілася вёска Паўлавічы. Менавіта сельсавет некалі праявіў ініцыятыву, каб ушанаваць памяць невядомага байца Чырвонай арміі, які загінуў падчас абароны Віцебску. Аднак, паводле спадара Салаўёва, сакратарка адказала, што пра лёс магілы нічога ня ведае — ні пра зьнішчэньне помніка, ні пра тое, ці былі эксгумаваныя ды перапахаваныя парэшткі.

Спадар Салаўёў напісаў заяву ў пракуратуру Віцебску з просьбай даць прававую ацэнку дзеяньням, у выніку якіх магіла невядомага салдата была зьнішчана. Ён лічыць, што пахаваньне, якое знаходзілася на ўскрайку шашы, наводдаль ад вёскі, не замінала б пэрспэктыўнаму будаўніцтву, дзеля якога вёску Паўлавічы зьнесьлі, спаліўшы маёмасьць гаспадароў-вяскоўцаў.

Ні помніка, ні знаку
Ні помніка, ні знаку

Спаленьне вёскі Паўлавічы, якое выклікала гучны рэзананс па ўсёй Беларусі, адбылося ў 2012 годзе. На той час былая вёска афіцыйна ўваходзіла ў склад Першамайскага раёну Віцебску. Хто канкрэтна аддаў распараджэньне спаліць маёмасьць — хаты і гаспадарчыя пабудовы, — уладальнікам не паведамілі. Проста папярэдзілі за колькі дзён, каб вывозілі рэчы, бо жытло ідзе пад знос. У вёсцы было 9 хат, якія выкарыстоўваліся як лецішчы, у некаторых былі прапісаныя людзі. Тэрміновае спаленьне вёскі некаторыя зьвязвалі з чаканым прыездам у Віцебск Аляксандра Лукашэнкі, а таксама з тым, што ў гэтых мясьцінах было даўно заплянавана будаўніцтва прамысловага аб’екта, якое так і не распачалося.

Старшыня Віцебскага гарвыканкаму Віктар Нікалайкін абвясьціў апошніх жыхароў вёскі Паўлавічы сквотэрамі — інакш кажучы, самасёламі, якія без дазволу захапілі пабудовы ў сваё ўладаньне. Ён падкрэсьліў, што ў 1992 годзе было прынята рашэньне зьнесьці Паўлавічы, і высяленьне тых, хто застаўся ў апошніх дзевяці хатах, праводзілася ў адпаведнасьці з рашэньнем Віцебскага аблвыканкаму 20-гадовай даўніны. Пяцёра жыхароў спаленай вёскі зьвярталіся ў пошуках справядлівасьці ў пракуратуру, суд і да гарадзкіх чыноўнікаў. Аднак паўсюль ім адказвалі, што высяленьне і спаленьне былі законныя.

Дарэчы, разам зь вёскай зьнікла і яшчэ адно сьведчаньне пра змаганьне супраць фашызму ў Вялікую Айчынную вайну. У Паўлавічах нарадзіўся Герой Савецкага Саюзу Пётар Даўбешкін, які загінуў у 1943 годзе на Ўкраіне. На ягонай хаце ў Паўлавічах была мэмарыяльная шыльда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG