Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве 12-14 чэрвеня адбыўся Big Book Festival. Яму папярэднічала істотная рэклямная кампанія, і яго набліжэньне адчуваў нават я ў Горадні, атрымліваючы рэгулярна паведамленьні — хто будзе ўдзельнічаць і якія сустрэчы адбудуцца. Мерапрыемства анансавалі як «вялікі фэстываль чытаньня»; сёлета ён праходзіў пад лёзунгам «Чалавек не сабака і чытаць абавязаны». Цяперашні фэст быў трэці па ліку, праводзіцца ён з 2013 году.

Сабакі былі на ўсіх рэклямных плякатах, і з сабакамі заклікалі прыходзіць аматараў кніжак. А паколькі мне больш падабаюцца каты, застаецца спадзявацца, што наступны Big Book Festival будзе з катамі, характар якіх больш адпавядае чалавеку з кнігай у руках. Фэст праходзіў у былых фабрычных памяшканьнях, прыстасаваных для патрэбаў мастакоў на вуліцы Гожай, 51, побач з Маршалкоўскай, цэнтральнай вуліцай польскай сталіцы.

Кім быў Капусьцінскі?

У першы дзень «ударным» мерапрыемствам была размова паміж вядомым аўтарам рэпартажаў Артурам Дамаслаўскім і Разяй Ікбал (Razia Iqbal) зь Бі-Бі-Сі. Сустрэча называлася «Talking Books». Аказалася, што размова будзе цалкам датычыць кнігі Дамаслаўскага «Kapuściński non-fiction», пра якую я пісаў некалі ў «Варце». Такім чынам, я быў цалкам абазнаны ў тэме і калі Ікбал запыталася ў залі, хто чытаў кнігу, змог падняць руку з многімі іншымі.

Артур Дамаслаўскі і Разя Ікбал

Артур Дамаслаўскі і Разя Ікбал

Для мяне гутарка выглядала як амаль што развучаная па ролях: Ікбал задавала пытаньні, стараючыся абвострыць размову. Дамаслаўскі кожны раз бязь цяжкасьці знаходзіў адказ. Пытаньні з залі не прадугледжваліся.

Адразу пасьля сьмерці Рышарда Капусьцінскага, якога Артур Дамаслаўскі лічыць сваім настаўнікам у прафэсіі, сябра прапанаваў удваіх напісаць біяграфію мэтра. Дамаслаўскі сумняваўся, прайшло зусім мала часу. Пакуль вагаўся, сябра перадумаў, адмовіўся. Дамаслаўскі першыя два месяцы чытаў творы Капусьцінскага, знаёміўся з архівам, затым стаў апытваць людзей, якія яго ведалі. Яны ўспаміналі пра яго з задавальненьнем, людзям ён падабаўся. Запісаўшы ўспаміны 20-22 чалавек (усяго ён зробіць каля ста інтэрвію), Дамаслаўскі пераканаўся, што кнігу сапраўды варта і магчыма напісаць.

На сустрэчы Дамаслаўскі сам апынуўся ў ролі знаўцы Капусьцінскага, Ікбал нястомна задавала яму пытаньні, якія ён ставіў іншым у кнізе «Kapuściński non-fiction». Яны паступова сыходзіліся ў тым, што Капусьцінскі ня быў чыстым рэпартэрам, што ў сваіх кнігах ён карыстаўся таксама выдумкай, таму яго можна перавесьці ў шэрагі бэлетрыстаў.

Ікбал гаворыць: Капусьцінскі пісаў, што сустракаўся з Лумумбам, Альендэ, Чэ Геварам, чаго не было. Як гэта расцэньваць? Дамаслаўскі: гэта было напісана на вокладках яго кніг, сам ён не пісаў. Але ж ён не абверг? Так, не абверг. Дык кім ён быў: «шпіёнам, хлусам, бабнікам», як было напісана ў адной рэцэнзіі на ангельскі пераклад біяграфіі? (У гішпанскай напісалі яшчэ мацней — што кніга Дамаслаўскага неадназначная, што ў ёй Капусьцінскі «бадзяецца па бардэлях»). Не, аўтар абвяргае. Ён проста высьветліў, што той мог выконваць нейкія даручэньні службы бясьпекі, працуючы за мяжой, што ў кнігах Капусьцінскага сапраўды ня ўсе моманты дакумэнтальныя, што ў біяграфіі ён не абышоў увагай яго стаўленьне да жанчын. На жаль, апошняе, а таксама сямейная частка выклікалі пратэст з боку ўдавы і дачкі Капусьцінскага, яны падалі ў суд. Суд абавязаў выкінуць з кнігі дзесяць старонак, але яго рашэньне яшчэ не набыло правамоцнасьці.

Артур Дамаслаўскі падсумоўвае: ён яшчэ больш пераканаўся, што меў права напісаць пра Капусьцінскага ня толькі як пра публічную асобу, але таксама паказаць яго як чалавека, хаця самому Капусьцінскаму гэта магло б не спадабацца.

Дарэчы, я нядаўна чытаў у «Палітыцы» апошні рэпартаж Дамаслаўскага, які па сьлядах Капусьцінскага працягвае езьдзіць у Лацінскую Амэрыку, — «Карыбская разьня». Гэтым разам Дамаслаўскі апісвае страшнае жыцьцё ў Гандурасе: кожныя 64 хвіліны забіваюць чалавека, за дзень — 22-23, за год — больш за 8 тысяч. Прычым, у краіне няма вайны.

Успомнілі Апалінэра...

У праграме мяне зьдзівіла прозьвішча Монікі Малкоўскай, якую я ведаў з польскага тэлеканалу «Культура». Яна ня мае дачыненьня да літаратуры, яна крытык мастацтва. А сустрэча з Малкоўскай называлася «Дзесяць вокладак, якія зьмянілі сьвет». Аднак назва была крыху прыцягнутая за вушы. Яна пачала з Гіёма Апалінэра, пісьменьніка «польскага паходжаньня», аб чым нагадала прысутным. Аднак вокладка яго кніжкі была звычайнай, малавыразнай, прызналася Малкоўска, рэвалюцыйнымі былі яго слоўныя калажы, асабліва падабаецца ёй той, што быў зроблены Апалінэрам паводле абрысу Эйфэлевай вежы. А ўрэшце выступ сышоў у звыклае для Малкоўскай рэчышча — у гісторыю авангарднага мастацтва ХХ стагодзьдзя, дзе яна пачувалася на сваім месцы. Дайшло і да поп-арту і да майстэрства польскага плякату. Было цікава, але кніжак у выступе практычна не было. Толькі аднойчы паявілася на экране першая вокладка «Заваднога апэльсіну» Энтані Бэрджэса.

Сустрэча з Малкоўскай адбывалася ў кавярні ў былых фабрычных сьценах. Абстаноўка была нязмушаная і прыязная. Прысутнічаў адзін спадар з сабакам ну руках.

... і Гамсуна

Я таксама выбраў для сябе сустрэчу з чытачамі нарвэскага пісьменьніка Ларса Собі Крыстэнсэна, якая называлася «Вялікі раман». Па-польску выйшла перавыданьне ягонага «Паўбрата» (каля 800 старонак), яшчэ адзін раман, «Адліў», і перакладзены трэці — «Бітлз» (выхад плянуецца напачатку наступнага году). У сустрэчы ўдзельнічаў Павал Газьлінскі, які задаваў пытаньні, і перакладчыца з нарвэскай Івона Зімніцка. Слухачам абяцалі расказаць аб мнагаслойных сюжэтах і посьпеху тоўстых тамоў у наш час.

Зьлева направа — Івона Зімніцка, Ларс Собі Крыстэнсэн і Павал Газьлінскі

Зьлева направа — Івона Зімніцка, Ларс Собі Крыстэнсэн і Павал Газьлінскі

Павал Газьлінскі пабудаваў гутарку так, каб тыя з прысутных, хто не чытаў раману, змаглі атрымаць аб ім уяўленьне. Крыстэнсэн піша таксама вершы і сцэнары. У ягоных раманах, што можа прагучаць банальна, нарвэжцы жывуць у Нарвэгіі ў акрэсьлены момант яе гісторыі (аб чым сказаў на сустрэчы сам аўтар). Паводле яго, гэта можа здавацца дзіўным, але ў ягоным тоўстым рамане «Паўбрат» апавядаецца пра «пустку, маўчаньне, цішыню», якія ўласьцівыя героям. У рамане ёсьць такая сцэна: закончылася вайна і гераіня паліць у печцы кнігі Кнута Гамсуна. Паліць кнігі — дрэнна, выказвае меркаваньне вядучы. Так, згаджаецца аўтар, паліць дрэнна, іх трэба памятаць. Разам з тым, ніхто з нарвэскіх пісьменьнікаў ня ўпаў так нізка, як Кнут Гамсун, нобэлеўскі ляўрэат ў галіне літаратуры. «У час вайны ён быў нацыстам, прыхільнікам немцаў, працягвае Крыстэнсэн, і яму ўдалося напісаць вельмі выдатны нэкралёг пасьля сьмерці Гітлера». І ў Нарвэгіі былі людзі, якія сапраўды спалілі ягоныя кнігі. Але «можна быць палітычным ідыётам і адначасова вялікім пісьменьнікам», зазначае Ларс Собі Крыстэнсэн.

Да ўдзелу ў Big Book Festival былі запрошаныя і замежныя пісьменьнікі, перш за ўсё скандынаўскія, а таксама Сьвятлана Алексіевіч зь Менску і Ўладзімір Сарокін з Масквы.

  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG