Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Левінаў падаў у суд на БТ за выказваньні аб «праваабарончай шпане»


Павал Левінаў

Павал Левінаў

Праваабаронца Павал Левінаў патрабуе, каб яму далі выступіць на дзяржаўным тэлебачаньні.

Праваабаронца зь Віцебску Павал Левінаў накіраваў у суд Першамайскага раёну Менску «скаргу на дзеяньні дзяржаўнага органа, якія ўшчамляюць права на свабоднае выказваньне думкі». Ён просіць суд абавязаць Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію даць яму магчымасьць выступіць у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1».

Такім спосабам віцебскі праваабаронца хоча абвергнуць зьвесткі, распаўсюджаныя ў тэлепраграме «Клюб рэдактараў» 7 лютага, якія, на яго думку, не адпавядаюць рэчаіснасьці і зьневажаюць яго гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю, — паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

У перадачы, якая была прысьвечаная праблемам ва Ўкраіне, абмяркоўвалася сустрэча ў Вільні беларускіх праваабаронцаў са спэцыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашам Харашці. Падчас абмеркаваньня ў эфіры дзеяньням праваабаронцаў даваліся нэгатыўныя ацэнкі.

Так, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька зьняважліва выказваўся аб праваабаронцах, называючы іх «так званымі праваабаронцамі», якія нешта ўкладвалі «яму [Міклашу Харашці] там у вушы». А госьць тэлеперадачы, дэпутат Менскага гарсавету Георгі Атаманаў, ужыў выраз «праваабарончая шпана».

Павал Левінаў, які быў адным з удзельнікаў сустрэчы беларускіх праваабаронцаў са спэцдакладчыкам ААН, палічыў, што выказваньні, якія прагучалі ў эфіры дзяржаўнай тэлевізіі, ня толькі не адпавядаюць рэчаіснасьці, але і зьняважылі яго асабіста:

«Займаюся праваабарончай дзейнасьцю больш за 40 гадоў, зьяўляюся сябрам рады рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня „Беларускі Хэльсынскі камітэт“ і прадстаўніком аб’яднаньня на тэрыторыі гораду Віцебску і Віцебскай вобласьці. Усё, што прагучала ў тэлеперадачы „Клюб рэдактараў“, лічу не адпаведным рэчаіснасьці і зьневажальным для майго гонару і годнасьці. Не адпавядаюць рэчаіснасьці зьвесткі аб праваабаронцах, аб нашым месцы і ролі ў беларускім грамадзтве, інфармацыя пра тое, што мы зьяўляемся „праваабарончай шпаной“, а таксама што мы рабілі нейкія маніпуляцыі з вушамі спэцыяльнага дакладчыка, мандат якога быў уведзены рэзалюцыяй Рады па правах чалавека ААН».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG