Лінкі ўнівэрсальнага доступу

74-гадовы журналіст і апазыцыянэр з Крычава: Хочацца „асірацець“ — пажыць бяз „бацькі“


Уладзімер Кудраўцаў

Уладзімер Кудраўцаў

Жыхара Крычава Ўладзімера Кудраўцава ў райцэнтры ведаюць многія. Паўсотні гадоў ён адпрацаваў на мясцовым цэмэнтава-шыфэрным заводзе. Больш за тры дзясяткі гадоў — сярод крычаўскай апазыцыі. Фронтавец. Даўні слухач Свабоды. Выдавец незалежнай газэты «Вольны горад».

Начальства на Ўладзімера Кудраўцава глядзела коса. Прычына — у бацьку, якому ў 1941 годзе, калі фашысты ўварваліся ў Беларусь, было загадана рыхтаваць завод да эвакуацыі ў глыб Савецкага Саюзу. Абсталяваньне вывезьці не пасьпелі. З кляймом «пражываў на акупаванай тэрыторыі» бацька не расстаўся да самай сьмерці.

А калі Ўладзімеру Кудраўцаву было 74, яго ледзьве не засудзілі за нібыта паклёп на міліцыянта. На старасьці веку ён пазнаў, што такое перакрыжаваны допыт. Не хавае, што на тым допыце абгаварыў сябе і толькі дзякуючы падтрымцы калегаў пазьбег абвінаваўчага выраку.

На бацьку было кляймо, бо «пражываў на акупаванай тэрыторыі».

Пра сваё жыцьцё Ўладзімер Кудраўцаў апавядае на падворку бацькоўскай сядзібы. Скрозь зяленіва саду відаць коміны цэмэнтава-шыфэрнага. У цішы надвячорка выразна чуецца крыкі чаек на возеры, што ў былым крэйдавым кар’еры.

Крычаўскі цэмзавод і возера на месцы крэйдавага кар’ера

Крычаўскі цэмзавод і возера на месцы крэйдавага кар’ера

«У Крычаве я пражыў усё сваё жыцьцё. Жыву ў бацькоўскай хаце. Маці і тата мае памерлі. Хату будаваў разам з бацькам. Цяпер я ў сядзібе нешта перарабляю. Працы хапае. Завод мой за дзьвесьце мэтраў. Цяпер ён не працуе. Збанкрутаваў.

Я на ім рабіў электрыкам. Бацька мой яго аднаўляў пасьля вайны. Акупацыю мы пражылі ў вёсцы на радзіме маёй маці. У 1943-м, пасьля вызваленьня Крычава, вярнуліся», — нясьпешна апавядае Ўладзімер Віктаравіч пра сваё жыцьцё, седзячы на негабляваным брусе для новай лазьні.

Хата Кудраўцавых

Хата Кудраўцавых

«Ні я, ні бацька ня маем узнагародаў за сваю працоўную дзейнасьць. У заводзкай кнізе „Памяць“ мяне згадалі як працаўніка. Бацька ж мой быў на нядобрым рахунку ў савецкай улады. Яго імя нават не згадалі ў гэтай кнізе, хоць ён шмат год аддаў заводу.

Ён жа застаўся ў акупацыі. Яго па броні пакінулі ў Крычаве, каб ён удзельнічаў у эвакуацыі заводзкага абсталяваньня. Наладаваныя плятформы далёка адвезьці не ўдалося. Фашыст адрэзаў шлях. Савецкая ўлада разьбеглася. Так бацька і застаўся ў акупацыі, у вёсцы, да прыходу саветаў. Партызанаў у навакольлі не было. Куды ён мог тады падацца? Усё жыцьцё яго калолі гэтай акупацыяй. Кпілі зь яго дужа».

Савецкую ўладу Ўладзімер Кудраўцаў называе хлусьлівай і нялюдзкай. Гэтая ўлада, кажа ён, ня здолела абараніць людзей ад акупацыі і іх жа зрабіла вінаватымі.

«Людзей з кляймом „пражываў на акупаванай тэрыторыі“ ў СССР было нямала, — разважае апазыцыянэр. — Многія прайшлі пасьля вайны праз „выхаваўчыя лягеры“ альбо былі высланыя з родных мясьцін».

Бацьку ж пашанцавала, але сваё ён атрымаў спаўна.

Уладзімер Кудраўцаў

Уладзімер Кудраўцаў

У 50–60-я гады беларускасьці было больш, але людзі яе не трымаліся

«Мае бацькі, пакуль быў малы, мне тлумачылі, што трэба казаць, а што не. З такога выхаваньня вынікала, што я мусіў абавязкова нечага баяцца. Калі вырас і стаў слухаць замежныя галасы — Радыё Свабода, «Голас Амэрыкі», — то маці і бацька перасьцерагалі, што да дабра гэта не прывядзе. Камсамольцам я сьвядома ня стаў.

Калі былі першыя мае выбары, то я не пайшоў на іх. Проста займаўся хатнімі справамі. Па мяне прыехаў адзін апантаны з заводу камуніст і пачаў зь мяне зьдзекавацца, маўляў, такі малады, а на выбары ня ходзіць. Я ўзяў у яго блянк і ўсіх, хто там быў, выкрасьліў. Маці, убачыўшы гэта, з жахам загаласіла: „А што ж цяпер будзе?“. Гэты камуніст тады сказаў: калі б быў 37-ы, то мяне б саслалі», — згадвае Ўладзімер Кудраўцаў.

За савецкім часам разуменьня, што ў Беларусі жыве адметны народ, прызнаецца суразмоўца, у яго асабіста не было. Зазначае, што ўважаў сябе за беларуса, але таму, што гэта азначае, не аддаваў вялікай увагі.

Сымбалі беларускай Беларусі на працоўным стале Кудраўцава

Сымбалі беларускай Беларусі на працоўным стале Кудраўцава

«Я цягнуўся да беларускай мовы. Чытаў кнігі на ёй, але мы тады былі адурманеныя савецкай прапагандай і мала думалі пра сваю адметнасьць. Як сьпявалася ў адной песьні: „Мой адрес — Советский Союз“. Паводле такога прынцыпу і жылі.

З вышыні цяперашніх гадоў я мушу прызнаць, — кажа Кудраўцаў, — што ў 50–60-я гады было больш беларускасьці, але яе не трымаліся людзі. Я дык вучыўся ўжо неўзабаве пасьля вайны ў расейскамоўнай школе, аднак дагэтуль памятаю мамчыну мову — яе сакавітыя беларускія словы».

Грамадзкае жыцьцё ў Крычаве, паводле Ўладзімера Кудраўцава, пачало ажываць у перабудову. Кажа, што тады адчувалася: нешта павінна зьмяніцца. Думалася, заўважае суразмоўца, што зажывём, як у цывілізаваных краінах, ці хаця б гэтак, як у краінах сацыялістычнага лягера.

«Пра тое замежнае жыцьцё я даведваўся з тых жа перадачаў Свабоды ды ад тых, хто вырываўся за межы СССР. Яны шмат апавядалі, як жывуць за савецкай мяжой.

Неяк адна дэлегацыя з нашага заводу паехала ў Чэхаславаччыну. Тады дужа модныя былі плашчы з балёньні. Адзін з гэтым плашчом на руцэ прагульваўся там, і тут вылазіць з каналізацыйнага люку, як сам тады расказваў, водаправодчык у такім жа плашчы. Ён быў як спэцвопратка. Дык нашаму стала сорамна зь сябе, фарсуна, і з савецкай моды».

Агарод Кудраўцава. Побач з цыбуляй – кветнік

Агарод Кудраўцава. Побач з цыбуляй – кветнік

Сядзіба пад пільнай вартай

Сядзіба пад пільнай вартай

На выбарчым участку не маглі паверыць, што перамог Лукашэнка

«Пры канцы васьмідзясятых у Крычаве дырэктар трэцяй мясцовай школы Валер Судзілоўскі наважыўся адкрыта крытыкаваць мясцовых камуністаў, — працягвае свой аповед Уладзімер Кудраўцаў. — Пазьней ён стаў лідэрам тутэйшай суполкі Фронту. Калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, то ён сказаў: „Гэты будзе кіраваць доўга“. Ён тады ўжо здагадваўся, хто такі Лукашэнка. Сам жа я да фронтаўскай арганізацыі далучыўся на пачатку 90-х. Тады зьбіралі подпісы за правядзеньне рэфэрэндуму, каб дамагчыся роспуску Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня».

У той час, кажа суразмоўца, дужа шмат хто сымпатызаваў Беларускаму Народнаму Фронту. Але адкрыта выказвацца ў яго падтрымку мала хто жадаў.

«Тады слова „партыя“ многіх раздражняла, дый не хацелася местачкоўцам неспакойнага жыцьця», — тлумачыць настроі тагачаснага Крычава Ўладзімер Кудраўцаў.

Разам з тым, паводле яго, пры канцы 80-х і на цэмэнтавым заводзе працоўныя наважваліся-такі на нясьмелую незадаволенасьць. Як маглі, пратэставалі. Да аднаго з выступаў спрычыніўся і ён.

«У цэху вісела вялізнае пано з кіраўнікамі камуністычнага руху, дык я падчапіў яго ды зьняў са сьцяны, — згадвае Кудраўцаў. — Працоўныя хацелі фанэру, зь якой было зроблена пано, парэзаць сабе, але я ня даў. Проста пакінуў зьнятым. Кіраўнік партарганізацыі кінуўся да мяне, а я сказаў яму: „Ня згодны, дык падавай у суд ці пішы ў пракуратуру“. Скардзіцца ён ня стаў, але па-свойму помсьціў».

На пачатку 90-х, да першых прэзыдэнцкіх выбараў, жыцьцё было цяжкое, але быў спадзеў, што яно наладзіцца, кажа Кудраўцаў. На выбарчым участку, дзе ён быў назіральнікам, не маглі паверыць пасьля падліку галасоў, што перамог Лукашэнка.

«Людзі паверылі папулісту Лукашэнку і абралі яго прэзыдэнтам, — са скрухай адзначае Кудраўцаў. — Цяпер, як мне падаецца, многія лічаць сябе падманутымі, але мала хто прызнаецца ў гэтым. Пэнсіі малыя, заробкі таксама. Кошты ў крамах вялікія. Я шмат гавару зь людзьмі на тэму выбараў, якія набліжаюцца, дык яны мне: „А каго замест яго паставіш?“. Вынікае, што ў дзесяцімільённай краіне няма разумных людзей. Толькі адзін Лукашэнка мае здольнасьці кіраваць».

Цяпер мы свабоды ня маем

Журналісцкім дэбютам Уладзімера Кудраўцава стаў артыкул у «Вольным горадзе» пад назвай «Наш Данка». Яго журналіст-пачатковец Кудраўцаў напісаў на пачатку 2000-х гадоў і прысьвяціў вядомаму беларускаму палітыку, які заявіў, што за цывілізаваным сьветам свой народ не павядзе.

Падшыўка «Вольнага гораду»

Падшыўка «Вольнага гораду»

«Данка, як вядома вырваў сэрца, каб асьвяціць дарогу ў цемры, а што мусіць вырваць гэты палітык, каб не павесьці народ за цывілізаваным сьветам?», — каротка пераказвае ідэю свайго артыкула Ўладзімер Кудраўцаў.

Паводле яго, «Вольны горад» — газэта ў Крычаве папулярная. «За пятнаццаць гадоў існаваньня яна знайшла свайго чытача, і ён чакае яе. За сваю незалежную пазыцыю выданьне і яго журналісты зазнаюць перасьлед. Асабліва гэта адчуваецца, калі набліжаюцца выбары», — кажа Кудраўцаў.

Адна з узнагародаў «Вольнаму гораду»

Адна з узнагародаў «Вольнаму гораду»

Што да падзеяў з судом па факце «распаўсюду непраўдзівай інфармацыі пра супрацоўніка міліцыі», то Ўладзімер Кудраўцаў прызнаецца, што пад псыхалягічным ціскам абгаварыў сябе. Суд двойчы адпраўляў пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня назад міліцыі, бо той быў складзены з парушэньнямі. Урэшце судзьдзя пастанавіла, што тэрміны разгляду правапарушэньня Кудраўцава выйшлі, і спыніла справу.

Пра будучыню Беларусі Ўладзімер Кудраўцаў кажа без асаблівага аптымізму. Ён заўважае, што ў беларусаў быў шанец вырвацца з-пад уплыву Расеі, але яны ім не скарысталіся.

«Яны застаюцца жыць ілюзіяй, што Расея ім дапаможа. Іх апрацоўваюць расейскія прапагандысты праз свае інфармацыйныя каналы. Я не магу сказаць, калі Беларусь стане той Беларусьсю, якой яе ўяўляў, напрыклад, Васіль Быкаў. А гэтак хочацца пажыць бяз „бацькі“ — „асірацець“. Цяпер мы свабоды ня маем. У нас усе свабоды заціснутыя, і чым далей, тым горш».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG