Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Белы дом: абарона тэрытарыяльнай цэласьнасьці саюзьнікаў па НАТО — абавязак ЗША


Амэрыканскія вайскоўцы ў Польшчы падчас сумесных з Польшчай вайсковых вучэньняў, непадалёк ад Варшавы, 21 сакавіка 2015 году

Амэрыканскія вайскоўцы ў Польшчы падчас сумесных з Польшчай вайсковых вучэньняў, непадалёк ад Варшавы, 21 сакавіка 2015 году

Злучаныя Штаты плянуюць разьмясьціць войскі і тэхніку ў краінах Усходняй Эўропы і Балтыі.

Прэсавы сакратар Белага дома Джош Эрнэст пракамэнтаваў паведамленьні аб плянах Злучаных Штатаў на сталай аснове разьмясьціць амэрыканскія войскі і ваенную тэхніку ў краінах Усходняй Эўропы і Балтыі. У ЗША «ёсьць абавязацельства — забясьпечыць абарону тэрытарыяльнай цэласнасьці нашых саюзьнікаў па НАТО», — падкрэсьліў Эрнэст, якога цытуе «Голас Амэрыкі».

«Мы падпісалі Паўночнаатлянтычную дамову, якая прадугледжвае абарону нашых саюзьнікаў, і Злучаныя Штаты і прэзыдэнт гэтай краіны сур’ёзна маюць намер цьвёрда прытрымлівацца гэтай дамовы», — заявіў прэс-сакратар, адказваючы на пытаньні рэпартэраў падчас штодзённага брыфінгу ў Белым доме.

Паводле Джоша Эрнэста, плян «яшчэ знаходзіцца на раньніх стадыях працэсу прыняцьця палітычных рашэньняў, але ён адпавядае стратэгіі, якой мы заўсёды кіраваліся».

У той жа дзень Міністэрства абароны Расеі выступіла зь перасьцярогай супраць рэалізацыі гэтага пляну. «Мы спадзяемся, што здаровы сэнс пераможа, і атрымаецца прадухіліць новую ваенную канфрантацыю ў Эўропе, якая можа мець небясьпечныя наступствы», — гаворыцца ў заяве.

Згодна са сьцьвярджэньнем прадстаўніка мінабароны РФ генэрала Юрыя Якубава, якое прагучала ў інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс», «гэта будзе самым агрэсіўным крокам Пэнтагона і НАТО з часу „халоднай вайны“ мінулага стагодзьдзя». «Расеі нічога не застанецца, як нарошчваць свае сілы і сродкі на заходнім стратэгічным напрамку», — заявіў Якубаў.

Прадстаўнік Пэнтагона палкоўнік Стыў Уорэн падкрэсьліў, выступаючы ў той жа дзень, што плян своечасовага дысьлякаваньня цяжкіх узбраеньняў і ваеннай тэхнікі ў Эўропе — гэта «тое, што мы ўжо робім» у мэтах падрыхтоўкі. Паводле Ўорэна, ваеннае ведамства яшчэ ня вызначыла канкрэтных месцаў дысьлякацыі. У адказ на просьбу пракамэнтаваць расейскую заяву, ён сказаў, што гаворка ідзе аб «простым разьмяшчэньні тэхнікі, з тым, каб было больш магчымасьцяў праводзіць вучэньні».

У суботу газэта The New York Times паведаміла, што калі гэты плян будзе зацьверджаны міністрам абароны Эштан Картэрам і прэзыдэнтам Баракам Абамам, то ЗША пачнуць разьмяшчаць баявую тэхніку і войскі колькасьцю да 5 тысяч чалавек у Баўгарыі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Румыніі, Польшчы і, магчыма, Вугоршчыне. Усе гэтыя краіны зьяўляюцца сябрамі НАТО.

Як заявіла міністэрства абароны Польшчы, плян прадугледжвае разьмяшчэньне Злучанымі Штатамі танкаў і іншай ваеннай тэхнікі на польскай тэрыторыі. Як паведаміў у нядзелю міністар абароны Польшчы Томаш Сіманяк, у мінулым месяцы ён абмеркаваў гэты плян з прадстаўнікамі Пэнтагону ў Вашынгтоне, дзе ён атрымаў запэўніваньні ў тым, што рашэньне будзе прынятае ўжо найбліжэйшым часам.

Як падкрэсьліваюць аналітыкі, плян Злучаных Штатаў закліканы даць адказ на падтрымку Масквой прарасейскіх бунтаўшчыкоў ва ўсходняй Украіне, на якую паказваюць заходнія назіральнікі. Крэмль неаднаразова адмаўляў факт падтрымкі бунтаўшчыкоў жывой сілай і тэхнікай, сьцьвярджаючы, што расейскія вайскоўцы, заўважаныя або захопленыя ў палон на ўкраінскай зямлі, зьяўляюцца добраахвотнікамі.

«Калі нешта адбудзецца, то мы ня зможам некалькі дзён ці тыдняў чакаць, пакуль прыбудзе дадатковая тэхніка», — сказаў міністар абароны Латвіі Раймандс Веёніс у інтэрвію газэце The New York Times, якая ўпершыню паведаміла пра пляны нарошчваньня вайсковай прысутнасьці. «Нам трэба будзе рэагаваць неадкладна», — падкрэсьліў латвійскі міністар.

XS
SM
MD
LG