Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джэб Буш сёньня ўступае ў перадвыбарную гонку


Джэб Буш

Джэб Буш

Экс-губэрнатар Флорыды мае сёньня афіцыйна абвясьціць пра сваё вылучэньне

Былы губэрнатар Флорыды Джэб Буш, сын аднаго прэзыдэнта ЗША і брат іншага, у панядзелак у Маямі афіцыйна абвесьціць аб сваім вылучэньні ў прэзэдэнты, стаўшы 11-м кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі.

На палітычным полі Рэспубліканскай партыі, дзе дамінуюць кансэрватыўныя кандыдаты, што апэлююць да галасоў выбаршчыкаў-аднадумцаў, Буш заявіў сябе як кандыдат, які прадстаўляе больш шырокую аўдыторыю выбаршчыкаў.

«У сэрцы маіх перакананьняў ляжыць перадумова таго, што найбольш уразьлівыя павінны быць на перадавой лініі нашага грамадзтва, а не ў апошніх шэрагах, — сказаў Буш у відэазвароце, дзе яго суправаджалі жанчыны, прадстаўнікі меншасьцяў і дзіця з абмежаванымі магчымасьцямі. — Новае лідэрства, якое падзяляе кансэрватыўныя прынцыпы і прымяняе іх для ўздыму дабрабыту людзей — вось, што нам трэба».

Буш сабраў вялікія сродкі на сваю перадвыбарчую кампанію і першапачаткова лічыўся галоўным кандыдатам сярод рэспубліканцаў, аднак апошнія апытаньні паказваюць, што ён ідзе практычна ўпоравень з двума іншымі кандыдатамі — сэнатарам ад штату Флорыда Марка Рубіё, які ўжо ўступіў у гонку, і губэрнатарам Вісконсіну Скотам Ўокерам, які пакуль не абвясьціў афіцыйна аб сваім вылучэньні.

Тым часам, вядучы кандыдат ад Дэмакратычнай партыі, былая дзяржсакратарка Гілары Клінтан, праводзіць перадвыбарчыя мерапрыемствы ў Аяве ў спробе прыцягнуць валанцёраў у штаце, які прахалодна паставіўся да яе кандыдатуры ў 2008 годзе, калі яна ўпершыню балятавалася ў прэзыдэнты.

У пачатку наступнага году дэмакраты і рэспубліканцы Аявы правядуць першыя галасаваньні ў рамках выбараў 2016 году па партыйных «кокусах», выбіраючы з доўгіх сьпісаў па кожным штаце кандыдатаў, якім трэба будзе супернічаць на ўсеагульных выбарах. Кандыдат, які пераможа, зьменіць ў студзені 2017-га Барака Абаму на пасадзе прэзыдэнта, які, у адпаведнасьці з канстытуцыяй, ня можа служыць больш за два тэрміны.

XS
SM
MD
LG