Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джаз як прыкмета, што Менск не задушыш, не заб'еш


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Я стаяў на плошчы Свабоды падчас канцэрту «Джазавых вечароў» і ня верыў, што гэта адбываецца са мною і ў Менску.

Тысячы разьняволеных людзей, якія прытанцоўваюць і ўсьміхаюцца. Відаць, як і я, ня вераць у рэальнасьць таго, што адбываецца: у цэнтры Менску на сьвежым паветры гучыць джаз. І вакол тысячы шчасьлівых людзей.

Відаць, апошні раз у самым цэнтры Менску – у парку Горкага – опэн-эер з сучаснымі гуртамі быў ажно ў 1998 годзе. Тады быў ня джаз, а рок, і публіка выглядала значна маладзейшай. Не зьдзіўлюся, што цяпер на джаз на плошчы Свабоды прыходзяць у тым ліку і тыя некалі юныя «рокеры».

Адрозьненьне ў тым, што ў 1998 было яшчэ можна, а цяпер – ізноў можна.

Каротка я для сябе сфармуляваў так: Джазавыя вечары варта было прыдумаць, каб менчукі маглі пабачыць, што яны могуць выглядаць інакш, чым на “празьніках горада”.

Напярэдадні я сядзеў на лавах у сквэрыку на Леніна і распавядаў знаёмым хлопцам, як у Менску было «да рэвалюцыі». То бок, у сілу ўзросту хлопцы ня бачылі ў публічнай прасторы гораду нічога, апроч эстэтыкі «масавых гуляньняў» ад афіцыйных «масавікоў-зацейнікаў». Гэта значыць, дзікую куламесу з безгустоўшчыны колераў і гукаў, дзе позьнесавецкая ідэалёгія перамешваецца з матывамі «гоп-ца-ца».

Я распавядаў пра сквэры, дзе гралі на гітарах і сьпявалі, пра самавучак-камэдыянтаў ля гастранома «Цэнтральны», і асабліва пра «Художнікаў», пра сквэр на плошчы Свабоды, дзе музыканты, мастакі, літаратары, артысты ладзілі свае імправізаваныя выступы аж да самых цёплых летніх раніц.

Шэрасьць, якая паступова насоўвалася ад 1994, падавалася тады несапраўднай, ненасамрэчнай.

І вось сядзіш на лавах, і гаворыш пра сьветлы час, нібы з «Марсіянскіх хронік» Рэя Брэдбэры апошні зямны чалавек распавядае народжаным на Марсе людзям пра радзінную плянэту, якая была не аднатонная, а шматкаляровая. А тут – джаз!

Падзяліўся ўражаньнем, і ў камэнтах адразу пачалі сумна-іранічна пісаць, маўляў, раз добра, то хутка прыкрыюць.

Цяпер мы ведаем, што можа быць што заўгодна. Могуць наагул усё прыкрыць, што можна. Але для мяне ёсьць відавочны вынік. Больш як дваццаць гадоў спробаў дэкультурызацыі менчукоў не далі плёну.

Ні вычварныя «празьнікі горада», ні таталітарныя плякаты а ля «Мы – беларусы», ні другасортныя шоў на дзяржТВ, ні школьныя ранішнікі па мэтадычках 1974 году ня зьнішчылі тое, што па навуковаму завецца «культурны слой», а папросту – жыцьцё.

Меркаваньне аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG