Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальніку шклоўскай турмы санкцыі Эўразьвязу кампэнсавалі падвышэньнем


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Начальніка шклоўскай папраўчай калёніі № 17 Сяргея Ермаліцкага падвысілі — прызначылі начальнікам упраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласьці.

Палкоўнік Ермаліцкі адпрацаваў у Шклоўскай папраўчай калёніі 22 гады. За час службы прайшоў ступені кар’ернага росту ад начальніка атрада да начальніка папраўчай калёніі.

Пры Сяргею Ермаліцкім у шклоўскай калёніі адбывалі пакараньне шмат беларускіх палітвязьняў, у тым ліку Мікалай Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч, Аляксандар Класкоўскі, Алег Гнедчык, Мікалай Дзядок, Уладзімер Лобан, Арцём Пракапенка, Дзьмітры Новік і іншыя.

Падвышэньне Сяргея Ермаліцкага пракамэнтаваў былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч:

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

«Для ўсіх гэтых начальнікаў і галоўных кіраўнікоў падвышэньне адно — з калёніяў пераводзяць у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Увесь абсурд і нават дзікасьць сытуацыі ў тым, што Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў нібыта закліканы і абавязаны сачыць за тым, каб у калёніях захоўвалася законнасьць і не адбывалася зьдзеку з асуджаных. А тут выходзіць так, што той начальнік альбо намесьнік начальніка, якія сёньня зьдзекуецца зь людзей у калёніях, ён пасьля пераводзіцца ў Дэпартамэнт і прыяжджае ў тую самую калёнію кантраляваць, як ягоныя былыя падначаленыя гэтак жа сама зьдзекуюцца зь людзей. І ў некаторых сытуацыях сустракаеш выпадкі, калі табе проста сьмяюцца ў твар. Бо прыяжджае чалавек, які запытваецца, ці ўсё тут добра ў калёніі, які яшчэ ўчора ў гэтай жа калёніі сам зьдзекаваўся зь людзей. А побач стаіць начальнік, якога ён правярае і які ўчора быў ягоным намесьнікам. І пасьля гэтых праверак яны лазьні ладзяць, шашлыкі смажаць і бухаюць.

І атрымліваюць павышэньне найбольшыя садысты, якія маюць разнарадку зьдзекавацца з палітвязьняў і найбольш вызначаюцца ў гэтых зьдзеках. А калі найбольш стараюцца і зьдзекуюцца, то, значыць, добра выконваюць свае абавязкі. Вось давайце і падымем на падвышэньне — перавядзем у Дэпартамэнт».

У кастрычніку 2011 году Сяргею Ермаліцкаму забаранілі ўезд на тэрыторыю краін Эўразьвязу за ціск на палітычных вязьняў ва ўзначаленай ім калёніі. Пазьней візавыя санкцыі з боку краін Эўразьвязу за ціск на палітвязьняў пашырылі яшчэ на двух супрацоўнікаў шклоўскай калёніі — Ігара Алейнікава і Вадзіма Шаменава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG