Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска з Тбілісі: «Такое ўражаньне, што ты ў цэнтры ваенных дзеяньняў»


Беларуска Тацяна Монцік зь сям’ёй жыве ў Тбілісі. Адпачыўшы на Чорным моры, у ноч з суботы на нядзелю яна вярнулася — і не пазнала Тбілісі:

— Такое ўражаньне, што я вярнулася ў зусім іншы горад. З акна свайго дома я бачу кавалак дарогі, якой больш няма. Яе ўсю змыла. Гарадзкі ляндшафт зусім перамяніўся. Учора рух быў цалкам паралізаваны, над горадам ляталі самалёты, спрабавалі высачыць жывёлаў, якія зьбеглі з разбуранага заапарку. Заапарк быў у нізіне, і ён цалкам разбураны. Дагэтуль ня ўсіх драпежнікаў злавілі, каго не маглі злавіць — проста адстрэльвалі. Кажуць, што з шасьці тыграў, якія паўцякалі, чатырох застрэлілі, з шасьці львоў — трох застрэлілі. Уначы на вуліцы Пертыяшвілі тыгар разарваў шэсьць бяздомных сабак. І дагэтуль паліцыя папярэджвае, што хадзіць па горадзе пешшу небясьпечна.

Тацяна Монцік
Тацяна Монцік

Я ўчора размаўляла з супрацоўнікамі Чырвонага Крыжа, яны ўсю тую ноч ратавалі людзей, якіх магутная плынь павымывала з дамоў. Яны распавядалі жудасныя рэчы, як людзі захлыналіся ў бруднай вадзе. На жаль, выратаваць удалося ня ўсіх. Паводле супрацоўнікаў Чырвонага Крыжа, 24 чалавекі лічацца зьніклымі бязь вестак, больш за 200 сем’яў засталіся без жытла. А там, дзе стыхія разгулялася найбольш, усё забарыкадавана, шмат паліцыі, выюць сырэны, і складаецца такое ўражаньне, што ты ў цэнтры ваенных дзеяньняў.

Я жыву на 12-м паверсе, сёньня еду ў ліфце, а па сьценах сьцякае вада. Тэлефаную ў ЖЭС, мне адказваюць, што сутарэньні затапіла, там стаіць вада, гарадзкія камунальнікі абяцалі прыслаць майстра. Але ж мы разумеем, што калі ў горадзе такая трагедыя, то вельмі ня хутка чарга дойдзе да вады ў сутарэньні...

У цэнтры сталіцы, на Плошчы Герояў, таксама ўсё разбурана, размыта. Вельмі шмат валянтэраў дапамагаюць разграбаць, расчышчаць горад.

— Тацяна, а на ваш погляд, гэта так разгулялася стыхія, некіраваная прырода? Побач горы, у горадзе цячэ Кура, шмат меншых рэчак. Ці ўсё ж такі ёсьць віна камунальных службаў, праблемы зь ліўневай каналізацыяй, са сьцёкамі?

— Безумоўна, праблемы ёсьць. Шмат крытыкаў Саакашвілі цяпер кажуць, што ў пэрыяд яго кіраваньня раку Вэрэ замуравалі ў трубу, умяшчальнасьць якой раўнялася аб’ёму дзьвюх такіх рэчак, а калі разгулялася стыхія і ўсё з гор зьбягала туды, аб’ём вады павялічыўся ў 30 разоў. Гэтую трубу магутная плынь проста разьнесла, таму што вышэй, у гарах каля пасёлку Цхнеці, прарвала плаціну. Усе гэтыя плыні вады абрынуліся на Тбілісі. Вада разбурыла і нядаўна пабудаваную хуткасную дарогу, якая праходзіла над ракой, і практычна ўсё зьнесла на сваім шляху.

— А на ваш погляд, ці доўга будуць ліквідаваць наступствы стыхіі, рабіць парадак у горадзе?

— Калі меркаваць па згуртаванасьці простых людзей, гатоўнасьці іх дапамагаць, — магчыма, і ня вельмі доўга. Але шмат што будзе залежаць ад таго, колькі выдаткуюць сродкаў на аднаўленьне гораду і як гэтыя сродкі будуць разьмяркоўвацца. Так што пакуль цяжка сказаць... Напрыклад, новая дарога, якая цалкам разбурана, была ледзьве не галоўнай транспартнай артэрыяй гораду.

Улады спрабуюць узьняць настрой, патрыятычны дух людзей, абяцаюць хутка ўсё аднавіць. Але, на маю думку, гэта ўсё непрадказальна. Прагноз надвор’я несуцяшальны — і сёньня ўначы, і заўтра сыноптыкі абяцаюць зноў моцныя залевы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG