Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хартыя-97» запускае аналітычную альтэрнатыву крамлёўскай прапагандзе


Уладзімер Кобец
Уладзімер Кобец

Краіны «Вышаградзкай чацьвёркі» — Славаччына, Польшча, Чэхія і Вугоршчына — падтрымалі аналітычны і мэдыйны праект фонду «Хартыя-97» «Усходняе партнэрства: эўрапейскі адказ Эўразіі».

У рамках гэтага праекту ў Браціславе адбылася першая сустрэча міжнароднай экспэртнай групы, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў аналітычных цэнтраў краін Вышаградзкай групы, Беларусі, Украіны і Расеі.

Кіраўнік варшаўскага фонду «Хартыя-97» Уладзімер Кобец з гэтай нагоды паведаміў Свабодзе:

«Гэты праект паўстаў перадусім таму, што ўпершыню пасьля „халоднай вайны“ Эўропа і ўвесь сьвет сутыкнуліся з такой зьявай, як расейская агрэсія супраць краінаў, якія ўключаныя ў эўрапейскую ініцыятыву „Ўсходняе партнэрства“. У рамках гэтага праекту, які называецца „Эўрапейскі адказ эўразійскаму выкліку“, мы аб’ядналі экспэртаў васьмі краінаў.

Яны маюць прааналізаваць вынікі палітыкі праграмы „Ўсходняга партнэрства“: наколькі яны адпавядаюць задачам, якія былі пастаўленыя перад праграмай, наколькі рэалізаваныя інтарэсы краін, якія ўваходзяць у праграму „Ўсходняга партнэрства“?

Мы ведаем, што Крэмль мае сваё бачаньне будучыні нашага рэгіёну. Наступствы гэтай пазыцыі мы назіраем у выпадку анэксаванага Крыму. І гэты „русский мир“, які падаецца як выратаваньне і будучыня, насамрэч нясе сур’ёзную пагрозу нашым краінам і ўсяму эўрапейскаму кантынэнту. Абмеркаваньне, аналіз гэтай сытуацыі і выпрацоўка пэўных рэкамэндацыяў для краінаў Эўразьвязу і щрадаў — гэта і ёсьць мэта нашага праекту.

Адначасна, „Усходняе партнэрства: эўрапейскі адказ Эўразіі“ — гэта і мэдыйны праект. Мы ведаем, што цяпер актывізавана шмат квазімэдыяў, праз расейскія прапагандысцкія каналы вядзецца інфармацыйная вайна супраць грамадзянаў і краін Эўразьвязу і краін „Усходняга партнэрства“. Таму яшчэ адна істотная задача гэтага праекту — даць аналітычна-экспэртны погляд на падзеі, якія былі б даступныя для шырокіх колаў грамадзкасьці. Бо тое, што ідзе з расейскіх тэлеканалаў — гэта непрыхаваная гебэльсаўшчына, проста адкрытая хлусьня з падменай паняткаў і гістарычных фактаў. Таму ў адказ мы павінны даць людзям магчымасьць атрымліваць узважаны погляд на падзеі. Калі з боку Расеі вядзецца інфармацыйная вайна, то ёй неабходна супрацьстаяць».

Карэспандэнтка: «На які вынік разьлічана гэтая праца і наколькі доўгатэрміновы сам праект?»

Кобец: «Яшчэ на стадыі абмеркаваньня праекту Беларусь і Ўкраіна разглядаліся як ключавыя краіны для посьпеху „Ўсходняга партнэрства“. Але мы бачым, што ніякай стратэгіі Эўразьвязу адносна нашых краінаў не было, а сама палітыка партнэрства ня мела пэўнага грунту. Пасьля Рыскага саміту зусім незразумела, якія пэрспэктывы гэтага партнэрства, бо краіны рухаюцца абсалютна ў розных кірунках. Тым часам павінен быць выпрацаваны мэханізм хуткай падтрымкі краін, асабліва з гледзішча падзеяў ва Ўкраіне. Эўразьвяз — таксама мішэнь для крамлёўскай прапаганды. Калі аналіз гэтых падзеяў будзе зроблены, тады экспэрты выпрацуюць дакладныя прапановы на ўдасканаленьне сытуацыі. Гэтыя напрацоўкі будуць даступныя для абмеркаваньня і ў мэдыях, і праз адкрытыя канфэрэнцыі. Адна з такіх публічных канфэрэнцыяў па гэтых пытаньнях ужо адбылася ў Браціславе. Пазьней яны пройдуць і ў іншых краінах „Вышаградзкай чацьвёркі“, а таксама ў краінах „Усходняга партнэрства“, наколькі гэта магчыма. Гэты праект падтрыманы краінамі „Вышаградзкай чацьвёркі“ і разьлічаны на адзін год».

Карэспандэнтка: «Што ўяўляе сабой другі складнік праекту — ягоная мэдыйнасьць?»

Кобец: «Пра стварэньне нейкай новай мэдыйнай структуры гаворка не вядзецца, бо мы лічым гэта памылковым і нават небясьпечным. Варта скарыстоўваць тое, што мы ўжо маем. А мы маем досьвед 20-гадовага інфармацыйнага супрацьстаяньня прапагандзе ў Беларусі. Маю на ўвазе і інтэрнэт-сайт „Хартыі-97“, і ўсе недзяржаўныя СМІ, якія здольныя даваць незалежную інфармацыю. Гэта і тэлеканал „Белсат“, і Радыё Свабода, і многія іншыя. Адказнымі за гэтую інфармацыю будзе фонд „Хартыі-97“, але ўдзячныя мы будзем усім, хто далучыцца да гэтай справы. Бо мы бачым, як працуе расейская прапаганда, якая выкарыстоўвае ўсе магчымыя сродкі, каб працаваць на карысьць Крамля. І гэта ёсьць інфармацыйная вайна.

Наша задача — падаваць ня толькі навіны, але і экспэртны погляд на падзеі, каб людзі маглі пабачыць эўрапейскую пэрспэктыву для сябе і для сваёй краіны. Бо „русский мир“ не прынясе нічога, акрамя ГУЛАГаў і сьмерці. Мы ня хочам, каб нашы краіны ператварыліся ў новы Данбас, і будзем змагацца за сваю незалежнасьць і свабоду. Скарыстоўваючы і такія праекты, будзем імкнуцца зьмяніць сытуацыю на карысьць эўрапейскай будучыні нашых краін, дасягаючы галоўнай мэты — эўрапейскай інтэграцыі Беларусі, Украіны і Малдовы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG