Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы ва Ўкраіне расейскі вайсковец можа падаць пазоў на Мінабароны РФ


Затрыманы ва Ўкраіне расеец Аляксандар Аляксандраў можа падаць пазоў да Міністэрства абароны Расіі, каб пацьвердзіць, што ён зьяўляецца дзейным вайскоўцам.

У інтэрвію карэспандэнту «Новай газэты» ён заявіў, што яго кантракт з расейскай арміяй яшчэ не мінуў і даказаць гэта нескладана.

Аляксандраў адзначыў, што мае намер са сваім адвакатам перакваліфікаваць артыкул абвінавачаньня з «тэрарызму» на «дывэрсійныя дзеяньні». Паводле яго словаў, знаходзячыся ў Данбасе, ён выконваў загады свайго кіраўніцтва, і таму, як ён лічыць, ва Ўкраіне ў яго павінен быць статус ваеннапалоннага, а не тэрарыста або найміта. Расеец заявіў, што пад Луганскам, дзе яго затрымалі ўкраінскія вайскоўцы, ён ні ў кога не страляў і «злачынных дзеяньняў не зьдзяйсьняў, акрамя таго, што незаконна перасек мяжу».

Аляксандраў паведаміў, што яму не ўдаецца зьвязацца са сваімі сваякамі ў Расеі. Паводле яго словаў, адзін раз ён размаўляў са сваёй жонкай у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», аднак пасьля гэтага яна выдаліла свой профіль.

Аляксандар Аляксандраў быў затрыманы 16 траўня падчас баявых дзеяньняў у горада Шчасьце Луганскай вобласьці. Разам зь ім у палон патрапіў Яўген Ерафееў. На допыце абодва расейцы паведамілі, што служаць у 3-й брыгадзе расейскага ГРУ. У Міністэрстве абароны Расеі гэтую інфармацыю абверглі, заявіўшы, што Аляксандраў і Ерафееў «на момант свайго затрыманьня» ўжо звольніліся з войска. Украінскія ўлады абвінавачваюць расейцаў у тэрарызьме.

XS
SM
MD
LG