Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Донары ўхвалілі першыя крокі новага кіраўніцтва ЭГУ


На пачатку чэрвеня ў Вільні прайшоў восьмы штогадовы сход асамблеі Траставага фонду Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Як адзначае БелаПАН са спасылкай на прэсавую-службу ўнівэрсітэту, «донары пацьвердзілі сваю прыхільнасьць ЭГУ».

Траставы фонд ЭГУ — гэта незалежны орган, адказны за кіраваньне і кантроль над ахвяраваньнямі ў бюджэт унівэрсытэту. Ён створаны ў адпаведнасьці з мандатам Эўрапейскай камісіі і працуе ў шчыльным супрацоўніцтве з адміністрацыяй ЭГУ. За кошт ахвяраваньняў у Траставы фонд ЭГУ фінансуецца прыкладна дзьве траціны бюджэту ўнівэрсітэту. Гэта робіць даступным адукацыю ў ЭГУ для студэнтаў зь Беларусі.

На асамблеі выступіў кіраўнік апэрацыйнага аддзелу прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Фрэдэрык Коэн. Ён адзначыў, што яго абнадзейваюць першыя крокі новай адміністрацыі ЭГУ: праца над стварэньнем місіі, стратэгіі, праца над бюджэтам.

«Мы павінны даць мандат унівэрсытэту і кіроўнай радзе, каб накіраваць ЕГУ ў патрэбнае рэчышча, каб зрабіць яго ўстойлівым унівэрсытэтам, і Эўрапейскі зьвяз, безумоўна, гатовы падтрымаць вас у гэтым», — заявіў Коэн.

Новы рэктар ЭГУ Дэвід Полік падаў донарам плян агульнага разьвіцьця ўнівэрсытэту, задачы на новы навучальны год, сьпіс абавязкаў кіроўнай рады ВНУ, працэс рэструктурызацыі і стратэгічнага плянаваньня ўнівэрсытэту, прынцыпы фінансаваньня, бюджэт і мэты на 2015/2016 навучальны год.

У сваю чаргу мэнэджэр Траставага фонду ЭГУ Мадс Майнэрт заявіў: «Мы павінны аднавіць давер донараў, таму што было шмат дэзынфармацыі і непаразуменьняў унутры і за межамі супольнасьці донараў. Мы пацьвярджаем нашу прыхільнасьць ЭГУ».

Наступная асамблея Траставага фонду ЭГУ пройдзе ў чэрвені 2016 году.

Новым рэктарам ЭГУ сёлета ўвесну быў абраны амэрыканскі прафэсар Дэвід Полік. Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці нэгатыўна ўспрынялі гэтае прызначэньне, бо мяркуюць, што пад кіраўніцтвам замежніка ўнівэрсытэт страціць «беларускі вэктар разьвіцьця».

XS
SM
MD
LG