Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбаліст Калачоў, які заявіў, што Беларусь і Расея павінны быць адной краінай, не згуляе ў матчы з гішпанцамі


Раней паўабаронца «Растова» і зборнай Беларусі Цімафей Калачоў у інтэрвію «Прэссболу» прызнаўся, што заўсёды лічыў Расею роднай і блізкай краінай. Для яго ідэальна, калі б Беларусь і Расія былі б адной дзяржавай.

У прыватнасьці, футбаліст заявіў:

«Заўсёды лічыў Расею роднай і блізкай краінай. Тым больш у мяне тата — беларус, а мама — расейка. Так што для мяне наогул адрозненьняў няма — адны і тыя ж людзі. І да Расеі стаўлюся выдатна. Наогул, ідэальна, калі б мы былі адной краінай».

Пасьля гэтых заяваў галоўны рэдактар спартовага рэсурсу by.tribuna.com Алег Гаруновіч папрасіў кіраўнікоў беларускага футбола больш ніколі не прызначаць Калачова капітанам зборнай, а на розных форумах многія заўзятары заклікалі не запрашаць футбаліста ў склад нацыянальнай каманды.

Як паведаміў сёньня Прэсбол, Цімафей Калачоў не згуляе з гішпанцамі ў адборачным матчы чэмпіянату Эўропы-2016, гулец ужо пакінуў разьмяшчэньне зборнай Беларусі.

Калачоў абверг чуткі, што яго няўдзел у матчы зьвязаны з заявамі ці канфліктамі з трэнэрам:

«Так склаліся абставіны, што ў суботу ўвечары мне спатрэбілася тэрмінова зьехаць у Магілёў, дзе зараз знаходзіцца мая сям'я. Я падзяліўся сваімі праблемамі з Аляксандрам Мікалаевічам, і ён пайшоў мне насустрач. Ні аб якім канфлікце ня можа быць і гаворкі. З галоўным трэнэрам зборнай у мяне ідэальныя адносіны. Я аддаў нацыянальнай камандзе 10 гадоў жыцьця. І гатовы далей абараняць гонар краіны, калі спатрэбіцца мая дапамога».

Беларуская зборная згуляе з камандай Гішпаніі 14 чэрвеня на «Барысаў-Арэне». Пачатак сустрэчы а 21.45.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG