Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На адкрыцьцё Эўрапейскіх гульняў пайшло больш як 100 млн.$. Лукашэнка: «Азэрбайджан уцёр нос усім»


Міністар моладзі і спорту Азэрбайджану Азад Рагімаў заявіў, што цырымонія адкрыцьця першых Эўрапейскіх гульняў у Баку абышлася ў суму больш чым 100 мільёнаў даляраў.

«Частка рахункаў яшчэ не была аплачана. Канчатковую лічбу мы зможам назваць толькі пасьля заканчэньня Гульняў», — цытуе яго ТАСС.

Цырымонія адкрыцьця першых Эўрапейскіх гульняў прайшла 12 чэрвеня на Алімпійскім стадыёне ў Баку. У ёй прынялі ўдзел больш за 2 тысячы чалавек. Стадыён, на якім прайшла цырымонія, быў адкрыты сёлета 6 сакавіка. Ён умяшчае каля 70 тысяч гледачоў.

«Азэрбайджан арганізацыяй гэтага мерапрыемства паказаў свой узровень і ўцёр нос усім тым, хто нападаў. Гэта нармальная міралюбная краіна, якая разьвіваецца, з цудоўным кіраўніцтвам і прэзыдэнтам, які хоча зрабіць дабро сваёй краіне. Таму крытыкуй яго, не крытыкуй, але ён робіць добрую справу для сваёй краіны, свайго народу і, як мы ўбачылі, для ўсёй Эўропы. А крытыкаваць нас заўсёды будуць. Крытыкаваць лягчэй, чым рабіць», — такую ацэнку гульням і іх арганізатарам даў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Баку 13 чэрвеня з прэзыдэнтам Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Патрыкам Хікі.

Крытыкуй прэзыдэнта, не крытыкуй, але ён робіць добрую справу для сваёй краіны, свайго народу і, як мы ўбачылі, для ўсёй Эўропы. А крытыкаваць нас заўсёды будуць.

Лукашэнка ўзнагародзіў Хікі мэдалём Францыска Скарыны «за асабісты ўклад у разьвіцьцё беларускага алімпійскага руху, масавага спорту і спорту вышэйшых дасягненьняў», паведамляе прэсавая служба кіраўніка Беларусі.

«Мне даводзіцца па службе і спортам займацца, і адказваць за спорт, яго арганізацыю. І наогул разьвіцьцё сучаснага грамадзтва зьвязана выключна са спортам. Гэта ня толькі здароўе, але і настрой чалавека», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

У сваю чаргу Патрык Хікі даў высокую ацэнку разьвіцьцю спартыўнай інфраструктуры ў Беларусі: «У вас цудоўныя спартовыя збудаваньні і аб’екты, таму што вы і самі займаецеся спортам». Прэзыдэнт ЭАК таксама адзначыў, што чуў самыя пахвальныя ацэнкі пра чэмпіянат сьвету па хакеі, што прайшоў у маі 2014 года ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG