Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнты Свабоды прайшлі па першых ад вакзалу кварталах беларускіх гарадоў і паспрабавалі адказаць на пытаньне турыста, які ня ведае, куды трапіў.

Беларуская сталіца — вясёлая і некалярадзкая

Ці вы наіўны госьць з усходу, упэўнены ва ўсёмагутнасьці расейскай мовы, ці дасьведчаны падарожнік з захаду, узброены сваёй ангельскай, але калі вы выйдзеце зь менскага вакзалу, вас чакае нялёгкі моўны квэст. Беларусы карыстаюцца мовай прыблізна гэтак жа, як у Індыі ўяўляюць сабе правілы дарожнага руху. Яны нібыта недзе ёсьць, але ўяўленьне пра дабро і зло ў кожнага сваё.

Вось жыхары дома нумар 2 жывуць на вуліцы «Кирова». А ў наступным доме нумар 4 — ужо па вуліцы «Кірава».

У «горад Сонца», запаведнік сталінскага ампіру, наўпрост да адміністрацыі прэзыдэнта вядзе вуліца імя «выдающегося деятеля коммунистической партии».

Калі не лічыць дбайна ўзноўленых на вакзальных вежах фігураў, савецкага ці камуністычнага тут ужо і няма.

Але зьвярніце ўвагу, якія фантастычныя птушкі, зубры і валошкі яшчэ ўпрыгожваюць гэтыя будынкі.

Першы чалавек на вуліцы Кірава — Іван Фёдаравіч з-пад Слуцку. Прадаў нам два пучкі кропу са словамі: «Каб пілася-елася і яшчэ хацелася».

Для мэтавых турыстаў на першых жа мэтрах беларускай зямлі — рэкляма казіно «Шангры-Ла». Менск яшчэ трымаецца за рэпутацыю «русского Лас-Вегаса», але выселеныя ўкраінскай вайной і санкцыямі расейцы ўжо перанесьлі свае гульнявыя сталы ў Крым.

Беларуская чыгунка і Мінсктранс упэўнена карыстаюцца беларускай мовай.

Аналягічна — і прыватнікі-рэгіяналы. Да Слоніма можна даехаць пры вай-фаі з уладальнікамі Мроя-Тур.

Не адстаюць і іншыя дзяржаўныя ўстановы.

«Белорусская нива щедра и красива» — арнамэнт ужо стаў звыклай пазнакай усяго беларускага. Мінгандлю дамогся свайго — каўбаса ў нас «Мінская», а вяндліна «Гродненская». Для аматараў — недарагая паўвэнджаная «Георгіеўская».

«Мини-кафе «Снежинка» — самае таямнічае месца на менскім вакзале, упрыгожанае самаробнымі выцінанкамі. Зайсьці туды так і наважыліся.

Адчайныя людзі, зь якімі адразу захацелася пазнаёміцца, трымаюць на вакзале фірму, якая «Разьмяшчае прыежджых». Усе надпісы па-беларуску! На жаль, у гэты дзень шапік быў зачынены. У фірмовай краме «Луч» двое дзьвярэй: для беларускамоўных і рускамоўных. Дарэчы, дзьве пары шкарпэтак прадалі там без пытаньняў, што гэта такое. Прадавачка адказвала па-расейску. Брэсцкія шкарпэткі ці не задарагія — па 15 тысяч за пару?

Гэтак жа лёгка ўдалося ў фірмовай краме набыць «ружы» і загарнуць іх у «паперу». Замовіць «каву з сабой» і набыць магніт з задзірлівым надпісам «Мы былі ў Менску, каталіся ў мятры». Букет валошак падарыла вясёлая і зранку нецьвярозая маладая дзеўка, якая за сто мэтраў ад вакзалу спытала: «Дзе вакзал?». Букет ландышаў за 10 тысяч таленавіта ўціснула яе прыяцелька ў такім жа бадзёрым стане. «У мяне талент, — пераконвала яна. — Усе прадаюць па 25 тысяч тры букеты, а па 10 тысяч прадаю 30!». Мы ёй верым.

Ніводнага беларускага слова выцягнуць у адказ зь беларусаў, выхаваных на праграмных творах Аркадзя Куляшова, не ўдалося. Але Менск у радыюсе ста мэтраў ад вакзалу не савецкі і не расейскі, а шматмоўны і вясёлы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG