Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціянскія дэмакраты па ўсім сьвеце спадзяюцца на легалізацыю БХД


Архіўнае фота
Архіўнае фота

13 чэрвеня ў менскім Палацы культуры МТЗ праходзіць V устаноўчы зьезд партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». У працы партыйнага форуму бяруць удзел больш за 200 дэлегатаў з усёй Беларусі, прысутнічаюць кіраўнікі дыпляматычных місій ЗША, Вялікай Брытаніі, Швэцыі. Згодна з парадкам дня, падчас паеджаньня будзе прынятае рашэньне пра рэгістрацыю партыі, зацьвярджэньне яе абноўленай праграмы, абраньне кіраўніцтва і абмеркаваньне палітычнай кампаніі 2015 году.

Гэта ўжо пятая спроба БХД зарэгістраваць партыю, пачынаючы ад 2009 году. У зьвязку з мерапрыемствам кіраўніцтва «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» атрымала шэраг віншаваньняў ад замежных калегаў, якія зычаць аднадумцам легалізацыі прынамсі гэтым разам. Так, Генеральны сакратар ХДС Нямеччыны, дэпутата Бундэстага Пэтэра Таўбэр у сваім пасланьні адзначыў:

«Старшыня партыі ХДС Нямеччыны і Федэральны канцлер Ангела Мэркель на сустрэчы ў вярхах у Рызе яшчэ раз дакладна вызначыла пазыцыю Федэральнага ўраду ў дачыненьні да Беларусі: „Нягледзячы на ўсе відавочныя адрозненьні, мы гатовыя інтэнсыфікаваць супрацу з Беларусьсю. Ад самой Беларусі залежыць стварэньне неабходных для гэтага перадумоваў. Важным крытэрам тут ёсьць прэзыдэнцкія выбары“. Таму я заклікаю беларускія ўлады ўхваліць вашую заяўку на рэгістрацыю. Як дэмакраты мы перакананыя ў тым, што дэмакратычныя партыі важныя для грамадзкага разьвіцьця ў Беларусі.

Вашая рэгістрацыя, акрамя таго, будзе мець вялікае значэньне і для парлямэнцкіх выбараў ў наступным годзе. Мы будзем вітаць паляпшэньне зносінаў Эўразьвязу з Беларусьсю, але ж для гэтага неабходныя заўважныя крокі ў кірунку гатоўнасьці да дыялёгу з усімі партыямі. На гэтым мы будзем настойваць і далей».

Сёньняшняя імпрэза БХД адкрытая для ўсіх ахвотных, пасьля завяршэньня зьезду заплянаваны канцэрт хрысьціянскага гурту Laudans.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG