Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўспомніў, што жыве ў «эўрапейскай сям’і»


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Сёньня вызначацца першыя ўладальнікі мэдалёў на Эўрапейскіх гульнях у Баку — будуць разыграныя 13 камплектаў узнагародаў.

Беларусы выступяць у спаборніцтвах па сінхронным плаваньні, каратэ, грэка-рымскай барацьбе і настольным тэнісе. У апошняй дысцыпліне адным з фаварытаў зьяўляецца лідэр беларускай зборнай, шматразовым чэмпіён і прызэр найбуйнейшых міжнародных турніраў Уладзімер Самсонаў.

Раніцай, напярэдадні стартаў, кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Аляксандр Лукашэнка меў непрацяглую гутарку са «старэйшым калегам» — прэзыдэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэту Томасам Бахам. Неўязны ў Эўразьвяз Лукашэнка карыстаецца любой нагодай, каб пабываць у краінах, дзе да яго ня маюць прэтэнзій за парушэньне элемэнтарных правоў і свабодаў. Азэрбайджан — якраз такі выпадак. На цырымоніі адкрыцьця побач з Лукашэнкам ужо звыкла сядзеў малодшы сын Мікалай.

«Беларусь гатовая адыгрываць значную ролю ў разьвіцьці міжнароднага спартыўнага руху», — заявіў беларускі кіраўнік падчас сустрэчы з Томасам Бахам, да месца згадаўшы, што ягоная краіна знаходзіцца ў «эўрапейскай сям’і» і Эўропа — «наш агульны дом».

Паводле Лукашэнкі, прынцыпы, якія беларускі ўрад вызнае ў палітыцы, вельмі сугучныя прынцыпам Міжнароднага алімпійскага камітэту: «Мы абсалютна інтэрнацыянальная, шматканфэсійная, шматнацыянальная краіна, дзе ўсе жывуць у міры і згодзе», — падкрэсьліў ён.

Лукашэнка ўнёс прапанову, каб Міжнародны алімпійскі камітэт надаваў большую ўвагу разьвіцьцю спорту ў тых краінах, якія на ўсіх узроўнях прасоўваюць гэтыя ідэі:

«Ёсць агульнапрызнаныя лідэры ва ўсясьветным спорце, але трэба падтрымліваць краіны, якія разьвіваюцца. Мы гатовыя з вамі разам працаваць на практыцы, каб гэтай ідэі надаць большы дынамізм».

Каб словы не разыходзіліся са справай, Аляксандар Лукашэнка ўручыў Томасу Баху ордэн Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі «за выключныя заслугі ў разьвіцьці алімпійскага руху, масавага спорту і спорту вышэйшых дасягненьняў», а таксама за асаблівыя заслугі ў прапагандзе ідэалаў і прынцыпаў алімпізму, папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцьця.

XS
SM
MD
LG