Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Spiegel: Пуцін напісаў ліст Гельмуту Колю і папрасіў заступіцца за Расею


Гельмут Коль

Гельмут Коль

Уладзімір Пуцін за апошнія месяцы накіраваў некалькі асабістых лістоў былому канцлеру Нямеччыны Гельмуту Колю. У іх ішла гаворка аб сытуацыі на паўднёвым усходзе Ўкраіны.

Пра гэта паведамляе нямецкае выданьне Spiegel са спасылкай на ўласныя ананімныя крыніцы. У канцылярыі Коля не пацьвярджаюць, але і не абвяргаюць інфармацыю аб лістах кіраўніка расейскай дзяржавы.

«Па ўсёй бачнасьці, прэзыдэнт РФ спадзяваўся, што Коль зможа заступіцца за Расею ў сытуацыі вакол Украіны» і «сказаць сваё добрае слова» — піша нямецкае выданьне.

У сваіх ранейшых выступах Калі неаднаразова заклікаў улады Нямеччыны не адмаўляцца ад дыялёгу з Расеяй. Ён таксама нібыта не ўхваліў вяртаньня Захаду да фармату G7, палічыўшы рашэньне не запрашаць Маскву на пасяджэньні клюбу наймагутнейшых дзяржаваў сьвету занадта жорсткім.

На сёньняшні дзень 85-гадовы Гельмут Коль знаходзіцца ва ўнівэрсытэцкай клініцы Гейдэльбергу пасьля хірургічнай апэрацыі на сьцягне.

Гельмут Коль займаў пасаду канцлера Нямеччыны з 1982 па 1998 год. Выйшаўшы на пэнсію, ён стаў пісаць мэмуары і апублікаваў каля дзясятка кніг. Ён добразычліва ставіўся да Расеі і неаднаразова наведваў Маскву. У 2005 годзе Коль прыяжджаў у сталіцу Расеі з прыватным візытам і сустракаўся з Пуцінам у яго рэзыдэнцыі Нова-Агарове.

XS
SM
MD
LG