Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паліцай вёску ўратаваў, пабываў у Сыбіры ды пасябраваў з чырвонаармейцам


Помнік жыхарам вёскі Стайкі, якія загінулі ў Другую ўсясьветную вайну

Помнік жыхарам вёскі Стайкі, якія загінулі ў Другую ўсясьветную вайну

У вёсцы Стайкі каля Івацэвічаў (Берасьцейшчына) людзі памятаюць, як аднавясковец-паліцай уратаваў сялян ад нямецкай кары. Карэспандэнт Свабоды пабываў у Стайках, каб аднавіць гісторыю пакручастага лёсу двух сябрукоў — Аляксандра Валінскага ды Апанаса Трафімчыка.

Сёньня Стайкі — пэрспэктыўная вёска, фактычна прыгарад Івацэвічаў. Штогадзіны сюды ходзіць івацэвіцкі гарадзкі аўтобус, пустых хат амаль няма, а любая вольная нерухомасьць умомант скупляецца.

Два суседы-сябрукі пражылі больш за 90 год

Крышку не дажыўшы да сёлетняга 9 траўня, у Стайках памёр адзін з апошніх вэтэранаў — Апанас Трафімчык. Некалькі год таму памёр і ягоны сябар і сусед Аляксандар Валінскі. Абодва пражылі больш за 90 гадоў, нягледзячы на надзвычай няпросты лёс.

Аляксандар Валінскі (зьлева) і Апанас Трафімчык. Фота 2010 году

Аляксандар Валінскі (зьлева) і Апанас Трафімчык. Фота 2010 году

Сёньня Аляксандра Валінскага ў Стайках памятаюць як выдатнага сталяра. Распавядае 71-гадовы Аляксей Трафімчык:

«Ён быў добры адмысловец. Бочкі рабіў, дзьверы, вокны... Да яго ўвесь час ішлі людзі. Аляксандар і Апанас былі такія два сябрукі. У Валінскага было шмат сяброў, бацька мой да яго хадзіў, яны аднагодкамі былі».

Як паліцай уратаваў вёску

Аляксандар Валінскі быў высокім статным хлопцам, калі ў часе акупацыі немцы забралі яго служыць у паліцыю.

«Мне, памятаю, казаў, што дарма адседзеў 10 год у Сыбіры. Бо яго забралі сілаю, ён ня сам пайшоў у паліцаі — служы, або расстрэл... Але размова такая была ў вёсцы, што ён уратаваў тут людзей ад немцаў...» — згадвае Аляксей Трафімчык.

Аляксей Трафімчык

Аляксей Трафімчык

У 2010 годзе аўтару гэтага артыкула ўдалося пагутарыць з больш як 90-гадовымі Аляксандрам Валінскім ды Апанасам Трафімчыкам. Аляксандар быў слабейшы, ужо мала ўставаў з ложка, а Апанас часта адведваў свайго сябра.

Аляксандар Валінскі распавядаў, што калі яго забралі ў паліцаі, ён спрабаваў уцячы. Каб болей не ўцякаў, яго накіравалі на Віцебшчыну ахоўваць мост на Дзьвіне. Праз пэўны час яму далі адпачынак, і Аляксандар прыехаў на радзіму ў Стайкі.

Заходзіць сонца ў Стайках

Заходзіць сонца ў Стайках

У адзін зь дзён, успамінаў Аляксандар, немцы сагналі сялян у будынак ды хацелі падпаліць «за сувязь з партызанамі».

Аляксандар Валінскі надзеў паліцэйскую форму ды разам з прадстаўніком адміністрацыі вёскі кінуўся ўпрошваць немцаў не караць сялянаў:

«Якія ж гэта партызаны — тут толькі бабы ды дзеці», — угаворвалі яны.

У выніку немцы паслухаліся, адпусьцілі людзей ды зьехалі.

Цяпер, кажа Аляксей Трафімчык, у Стайках пра гэта памятае толькі старэйшае пакаленьне:

«Зараз у Стайкі ўжо шмат новых людзей наехала, купляюць тут хаты. Усё меней застаецца тых, хто памятае тую гісторыю».

Сялянскія авечкі ў Стайках

Сялянскія авечкі ў Стайках

Служба ў Чырвонай Арміі не адпусьціла «граху паліцайства»

Пасьля адступленьня немцаў Аляксандар Валінскі пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Удзельнічаў у вызваленьні Гародні, а перамогу сустрэў у Кёнігсбэргу (цяпер Калінінград). Меў узнагароды.

Аляксандар Валінскі на лягерным фота ў 1951 годзе

Аляксандар Валінскі на лягерным фота ў 1951 годзе

Пасьля перамогі Аляксандар вярнуўся ў родную вёску. Але таго, што служыў у паліцыі пры немцах, яму не даравалі, не зважаючы, што пасьля ён быў чырвонаармейцам. У 1946 годзе Валінскага саслалі ў лягеры Сыбіры, дзе ён дзесяць год рабіў на лесанарыхтоўках.

Вярнуўся на радзіму ў другой палове 50-х, працаваў у калгасе.

Бойка на танцах — Сыбір — Чырвоная Армія

Сябра Валінскага, Апанас Трафімчык, таксама зазнаў жыцьця ў Сыбіры. У 1940 годзе яго саслалі на «папраўчыя працы» ў Салікамск за тое, што пабіўся на танцах з аднавяскоўцам.

У 2010 годзе Апанас прыгадаў аўтару гэтага артыкула вершык, які прыдумаў на высылцы:

«Завязьлі мяне ў страну чужую, З адзінокай буйнай галавой, І разьбілі мне жызьнь маладую, Дзевятнаццаць лет было, Як разлучылі, маменька, з табой...»

Прыдарожны крыж каля скрыжаваньня

Прыдарожны крыж каля скрыжаваньня

Апанас Трафімчык распавядаў, як адбывалася ссылка:

«Загрузілі тады больш за дзьвесьце асуджаных у цялячыя вагоны і адправілі эшалён аж у Салікамск. Далей чыгунка тады не ішла. У дарозе адну рыбу салёную давалі. Піць вельмі хацелася. Неяк высунуў пальцы ў шчыліну, каб ледзяша дастаць, а мне канваір па пальцах — куды, маўляў, руку саджаеш!»

На высылцы Апанас Трафімчык працаваў на лесанарыхтоўках да нападу немцаў на Савецкі Саюз. У 1941 годзе вязьня вызвалілі, і ён пераехаў жыць ды працаваць у Пензенскую вобласьць Расеі, бо радзіма была пад нямецкай акупацыяй.

Апанас казаў, што яго і многіх іншых хлопцаў з Заходняй Беларусі доўга не накіроўвалі на фронт, бо, «відаць, не давяралі палякам». Толькі 20 верасьня 1943 году Трафімчыка і некаторых іншых, вызваленых з Сыбіры, выклікалі ў ваенкамат:

«Далі абмундзіраваньне і сказалі, што пара нам ужо бараніць Радзіму. Далі вінтоўкі, а мы імі і карыстацца ня ўмелі, спачатку нават патрон не маглі закласьці. Але крышку навучылі і адправілі ў розныя часьці. Мяне накіравалі ў артылерыю мінамётчыкам. Вызвалялі Польшчу — Хэлм, Варшаву. Пад Варшаваю мяне параніла ў нагу, таму доўгі час матаўся па розных шпіталях, бо ўсюды ж месцаў мала было. Так па шпіталях дабраўся аж да Астрахані, дзе і сустрэў Дзень Перамогі. Магчыма, тое раненьне мяне і выратавала, невядома ж, як далей бы ваяваў...», — апавядаў Апанас Трафімчык.

Камуністычны сымбаль «Серп і молат» на ўезьдзе ў Стайкі зарастае кустоўем

Камуністычны сымбаль «Серп і молат» на ўезьдзе ў Стайкі зарастае кустоўем

Апанас паходзіў зь нябеднай сям’і. Казаў, што ў бацькі было 12 гектараў зямлі, дзесяць кароў, трое сьвіней, коні.

«Як расейцы прыйшлі ў 1939 годзе, дык адразу нас хацелі вывезьці ў ссылку, бо заможна жылі. Але нешта перадумалі, толькі маёмасьць адабралі», — казаў Апанас Трафімчык.

Аднаму пашана, другому — ігнараваньне заслугаў

Калі вайна скончылася і былы паліцай вярнуўся з Сыбіры, Аляксандар Валінскі ды Апанас Трафімчык сталі лепшымі сябрукамі. Іх хаты стаялі побач.

Абодва рабілі ў калгасе, які ўтвораны быў у Стайках напрыканцы 1940-х гадоў.

Жыхар Стаек Аляксей Трафімчык цяпер успамінае, што мясцовыя ўлады штогод у Дзень перамогі ўшаноўвалі Апанаса Трафімчыка як вэтэрана вайны. А вось баявы чырвонаармейскі шлях Аляксандра Валінскага ня ўзгадвалі, «бо ён быў паліцаем, доўга за гэта сядзеў у Сыбіры».

Хаты, у якіх жылі Аляксандар Валінскі (зьлева) і Апанас Трафімчык. На хаце апошняга дагэтуль – зорка, якой пазначалі вэтэранаў

Хаты, у якіх жылі Аляксандар Валінскі (зьлева) і Апанас Трафімчык. На хаце апошняга дагэтуль – зорка, якой пазначалі вэтэранаў

Так і памерлі два сябрукі са Стаек — адзін вэтэранам, а другі нерэабілітаваным «ворагам народу».

XS
SM
MD
LG