Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэмакратыі ў Расеі ніхто не хацеў» — кіраўнік расейскага цэнтру Лявады


Леў Гудкоў
Леў Гудкоў

Расейцы атрымалі тое, чаго хацела большасьць зь іх. Прыход да ўлады Уладзіміра Пуціна быў заканамерным, а сапраўднай дэмакратыі з падзелам уладаў і жывой грамадзянскай супольнасьцю амаль ніхто не хацеў.

Напярэдадні 25-годзьдзя расейскай Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце пра эвалюцыю поглядаў расейскага грамадзтва на дэмакратыю, уласнае мінулае і пэрспэктывы разважае сацыёляг, дырэктар Аналітычнага цэнтру Юрыя Лявады Леў Гудкоў.

— 25 гадоў таму, калі прымалася Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Расеі, у тады яшчэ савецкай перабудоўнай палітыцы быў апагей супрацьстаяньня дэмакратаў і камуністаў. Давайце на тэме дэмакратыі і спынімся. Як стаўленьне расейскага грамадзтва да дэмакратыі эвалюцыянавала на працягу гэтых 25 гадоў? Ці можна казаць, што пытаньне аб дэмакратыі, якое так востра стаяла ў 1990 годзе, сёньня неактуальнае для большасьці расейцаў?

— У прынцыпе так, можна так сказаць. Бо цяпер зацьвердзіўся аўтарытарны рэжым, ды яшчэ і з рэцыдывамі таталітарызму. Усталяваная практычна поўная манаполія на мэдыяпрастору, каналы інфармацыі ператвораныя ў інструмэнты прапаганды. Адноўлены ўсе паўнамоцтвы палітычнай паліцыі, фактычна ліквідаваная любая нармальная палітычная дзейнасьць. Прасторы для палітычнай канкурэнцыі і свабодных дыскусій фактычна не засталося. Зьявілася нават ідэалёгія новая, чаго раней не было, такая амаль нацысцкая па сваім характары: гэта ідэя падзеленай нацыі, якую трэба сабраць пад дахам «рускага сьвету». Гэтая ідэалёгія наогул цалкам здымае пытаньне аб падзеле ўладаў, аб палітычнай адказнасьці ўлады, аб цыркуляцыі эліты, аб партыйнай структуры і замяняе ўсё гэта міталёгіяй арганічнага адзінства ўлады і народа. Адпаведна, выцясьняецца ўсялякае ўяўленьне аб дэмакратыі, якая прадугледжвае ўсё вышэйпералічанае. Яно сышло. Засталося пытаньне, чаму не атрымалася і чаму менавіта такі вэктар эвалюцыі быў прыняты. Я б сказаў, што ў прынцыпе ў 1990 годзе сур’ёзна ніхто ня ставіў пытаньне аб трансфармацыі савецкага грамадзтва ў нешта дэмакратычнае.

— Гэта значыць, вы лічыце, што гэта толькі на лёзунгавым узроўні было? Таму што размоваў менавіта на тэму дэмакратыі тады насамрэч вялося вельмі шмат.

— Размоў было вельмі шмат, але вельмі павярхоўных, і гаворка ішла толькі пра адцясьненьне і ліквідацыю манаполіі КПСС на ўладу. Гэта быў вельмі важны, але толькі першы крок. Ніхто ня ставіў пытаньне аб люстрацыі, бо пад ёй разумелі толькі ідэю помсты, «паляваньне на ведзьмаў», як гэта тады называлася, і ніхто ня бачыў у ідэі люстрацыі нейкі праект, стварэньне гэткай сыстэмы засьцярогі супраць рэваншу. А таксама сродак павышэньня даверу грамадзян да ўлады: бо люстрацыя — гэта яшчэ і сыстэма адбору сумленных людзей, якія карыстаюцца даверам грамадзтва. Фактычна замест гэтага вельмі хутка ўлада была перададзена ад саюзнай намэнклятуры да новай групоўкі, якая была толькі вонкава настроена антыкамуністычна, але якая захавала ў сваіх руках усе прылады кіраваньня. Важная была менавіта сама канструкцыя ўлады. Партыйная структура, якая ўзьнікла адразу пасьля развалу СССР, — гэта не былі партыі, якія вырасталі б «зьнізу», з самога грамадзтва і ўяўлялі б інтарэсы розных грамадзкіх груп. Не, гэта былі проста розныя фракцыі разваленай намэнклятуры, якія канкуравалі і змагаліся паміж сабой за ўладу.

Цалкам чытаць інтэрвію тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG