Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкія міты: Панфілаўцы ў сьвятле падыходу праз туалет


Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Іваноў на выставе, прысьвечанай архівам.

Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Іваноў на выставе, прысьвечанай архівам.

Гэтая гісторыя здарылася на Ўсясьветным кангрэсе расейскай прэсы, што праходзіць у Маскве. Нечаканую кропку дыскусіі, ці варта пісаць пра тое, што подзьвігу панфілаўцаў не было, паставіў прадстаўнік БЕЛТА.

Усё ішло мірным, руцінным парадкам, пакуль не зьявіўся прамоўца, які разбурыў усю гэтую цішыню і спакой, піша журналістка Радыё Свабода Алена Рыкаўцава, якая наведала кангрэс.

Сяргей Міроненка, дырэктар Дзяржаўнага архіву Расейскай Федэрацыі выступіў з прамовай наступнага зьместу. Хопіць чапляцца за міты. Не было ніякіх 28 панфілаўцаў, якія ў баі пад Дубасекавым нібыта спынілі 50 нямецкіх танкаў. І поклічу «Велика Россия, а отступать некуда, позади Москва!», нібыта сказанага палітруком Клачковым, — таксама не было. Фразу прыдумаў літаратурны сакратар газэты «Красная звезда» Аляксандр Крывіцкі разам з усёй гісторыяй подзьвігу. І ўсё гэта ваенная пракуратура ўстанавіла яшчэ ў 1948 годзе. Але матэрыялы засакрэцілі, таму што адступаць сапраўды было ўжо не было куды: міт даўно жыў сваім жыцьцём.

Не было ніякіх 28 панфілаўцаў, якія ў баі пад Дубасекавым нібыта спынілі 50 нямецкіх танкаў.

Калі Міроненка закончыў, Аляксандр Клейн, намесьнік дырэктара ТАСС і кіраўнік Усясьветнага кангрэсу расейскай прэсы, задуменна кажа: «А я ж вучыўся ў школе імя герояў-панфілаўцаў. У нас і музэй быў. Але нават тады мы разумелі, што ва ўсім гэтым ёсьць нейкая недагаворанасьць...»

Цалкам відавочна, што ніякай сэнсацыі ў тым, што сказаў Міроненка, для Клейна няма. Даклад ваеннай пракуратуры апублікавалі яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Але побач сядзелі галоўныя рэдактары расейскіх газэт замежжа, якія чуюць пра гэта ўпершыню!

Я з Астаны, з Казахстану, — разгублена кажа першы прамоўца. — У нас ёсьць сьведка гэтага подзьвігу, Герой Савецкага Саюзу. Ёсьць стэла «Дубасекава» — яна будзе зьнесеная?!

Ведаеце, якой будзе рэакцыя? «А, гэтыя рускія, яны, як заўсёды, хлусяць!»

— У нас у Кіргізіі атамная бомба выбухне, калі пра гэта даведаюцца, падыходзіць да мікрафону яшчэ адна рэдактарка. Ведаеце, якой будзе рэакцыя? «А, гэтыя рускія, яны, як заўсёды, хлусяць!» Настолькі гэта неверагодна. Дык пісаць гэтую праўду ці змаўчаць пра яе?

Яна відавочна прасіла рады ў дырэктара Дзяржаўнага архіву.

— Гэта вы павінны вырашаць, не я, — кажа Міроненка. — Калі хочаце, дашлем вам даклад Афанасьева, галоўнага ваеннага пракурора 1948 году.

Прафэсійную параду даме з Кіргізіі даў Уладзіслаў Фронін, рэдактар «Российской газеты»: Я б не друкаваў. «Калі я надрукую гэты дакумэнт пра панфілаўцаў, то нанясу шкоду і сваёй аўдыторыі, і салдатам, якія ваявалі».

— Але праўда прыярытэтная, устаўляе сваё слова Аляксей Венедзіктаў з «Эха Москвы». «Для мяне таксама было шокам, што панфілаўцаў не было. Мы вучылі ў школе ўсе 28 імёнаў на памяць. Але трэба разумець: калі іх не было — значыць не было. Калі ёсьць дакумэнт — яго трэба публікаваць. А то давайце тое не друкаваць, другое... Так, у гісторыі гэтай краіны ёсьць ганебныя, брудныя старонкі. Але калі вы не мыеце ў доме брудны пакой — бруд зь яго разносіцца паўсюль. Што гэта наогул за пастаноўка пытаньня — казаць ці не праўду? Тады ёсьць іншая прафэсія — прапагандыст, калі адну частку праўды выцягваюць, а іншую хаваюць!»

Выступ Венедзіктава сабраў воплескі, заля была зусім не аднароднай. Але пераможная кропка ўсё ж засталася не за ім. Да мікрафону дацягнуўся прадстаўнік БЕЛТА:

— А чаму ў доме, дзе 17 пакояў, трэба гаварыць пра брудны туалет? Дзе іншыя 17 пакояў?

А дзе іншыя туалеты ў доме, дзе цэлых 17 пакояў?

Як паведамляе БЕЛТА, ва Ўсясьветным кангрэсе расейскай прэсы бярэ ўдзел дырэктар гэтага агенцтва Дзьмітрый Жук.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG