Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 12 чэрвеня: 120 гадоў Родзевічу, выпускныя, Эўрапейскія гульні і рок у Міры


Толькі мая Беларусь. У школьным двары. Любань, Менская вобласьць.
Толькі мая Беларусь. У школьным двары. Любань, Менская вобласьць.

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

У Менску — адзіны дзень уручэньня атэстатаў аб заканчэньні сярэдняй школы. Цырымоніі ў школах заплянаваныя а 19-й гадзіне. У сувязі з выпускнымі ў сталіцы круглыя суткі абмежаваны продаж алькаголю і піва.

Дзіцячы фонд ЮНІСЭФ запускае ў Беларусі адукацыйную праграму «4 правілы пасьпяховых бацькоў». Прэзэнтацыя ў менскім гатэлі «Пэкін» а 12-й гадзіне.

У Мірскім замку — фэстываль «Песьня году Беларусі», пачатак а 21-й. Пасьля поўначы — рок-канцэрт беларускіх гуртоў.

У Літаратурным музэі Максіма Багдановіча дыскусія «Імя» — ці мае значэньне сёньня імя пісьменьніка, якім ён падпісвае свае творы, карыстаецца ён псэўданімам ці сапраўдным прозьвішчам і, наогул, ці ёсьць мода на псэўданімы. Пачатак у 17:30.

У Баку пачынаюцца першыя ў гісторыі Эўрапейскія гульні. За цырымоніяй адкрыцьця можна будзе сачыць у эфіры каналаў «Беларусь 1» і «Беларусь 5». У Азэрбайджан едуць як беларускія спартоўцы, так і кіраўнік дзяржавы.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

Сусьветны дзень барацьбы зь дзіцячай працай.

1867 — утвораная Аўстра-Вугорская імпэрыя.

1990 — прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце РСФСР. Адзначаецца як дзяржаўнае сьвята.

1991 — Барыс Ельцын абраны прэзыдэнтам Расеі.

1993 — Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з Арменіяй і Азэрбайджанам.

1999 — сухапутныя войскі НАТО былі ўведзеныя на тэрыторыю Сэрбіі.

2006 — прайшло цэнтралізаванае тэставаньне выпускнікоў ВНУ, беларускую мову выбралі 80608, расейскую 100226 чалавек.

2012 — у Навагрудзкім раёне разьбіўся вайсковы самалёт СУ-25. Пілёт падпалкоўнік Мікалай Грыднеў адпрацоўваў манэўры на гранічна нізкай вышыні. Калі машына пачала губляць кіраваньне, ён атрымаў загад катапультавацца, але загінуў, адводзячы машыну ад жылых дамоў вёскі Навіны.

У гэты дзень нарадзіліся:

1895 — Леапольд Родзевіч, беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзяяч. Аўтар п’есаў: «Пакрыўджаныя», «Блуднікі», «Зьбянтэжаны Саўка» і іншых. Рэпрэсаваны, расстраляны ў 1938.

1911 — Мікола Панькоў (Дзьвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія), журналіст, бібліяфіл, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

Цытата на памяць:

«Калі ты, безнадзейны, няўсцешны, нічога не шукаеш, бо дагэтуль знаходзіў толькі церні і роспач, калі цень сьмерці заступіла красу і ўцеху жыцьця, а небыцьцё вабіць у бяздонную цемру, дык схамяніся, брат мой, і ўвайдзі ў маю хату вясковую, пахілую, дзе багуе каханьне і гаспадарыць праца-весялуха. Там на стале, адліваючы срэбрам, красуе даматканы абрус, на ім ляжыць пушаны, пахучы хлеб, соль у бяроставай ступачцы, а ў паліваным жбанку сыта сытная. Адтуль відаць, як ружавее бела-ліловы золак. Там на Вялікдзень абразы на покуці ахарошваюцда дзеразой, а на Сёмуху пахне яірам пасыпаным. Там скуголеньне злой сьнежнай мяцеліцы разбіваецца аб паважны спакой дабрадзейкі печы, якая змярканьнем затуляе ў цёплую драмату. Там, брат мой мілы, аддыхнеш душой, падужэеш целам і праславіш музыку жыцьця».

Леапольд Родзевіч, з абразка «Заклік».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG