Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КДБ Беларусі працаваў «крот». Прычым не адзін, а з жонкай


Пра гэта сёньня паведаміў журналістам у Палаце прадстаўнікоў старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык.

Ён сказаў, што гэта быў ваеннаслужачы КДБ, які супрацоўнічаў з замежнай выведкай. Здраднік уцягнуў у сваю справу і жонку. Вакульчык паведаміў, што абаіх шпіёнаў затрымалі на гарачым учынку і нядаўна асудзілі на 15 гадоў турмы кожнага.

Як сказаў старшыня КДБ, за ўсе гады існаваньня Рэспублікі Беларусь паводле артыкула 358 Крымінальнага кодэксу — «Шпіянаж» — былі асуджаныя тры чалавекі, а 11 чалавек асудзілі паводле артыкула 356 «Здрада дзяржаве».

На пытаньне журналістаў, на якія краіны працавалі затрыманыя па абодвух артыкулах Крымінальнага кодэксу, Вакульчык сказаў, што не хацеў бы называць канкрэтныя дзяржавы, але згадаў, што яны працавалі «ня толькі на заходнія краіны».

Апошняя справа паводле артыкула аб шпіянажы была ўзбуджана ў траўні гэтага году адносна афіцэра выведкі з замежнай дзяржавы. Ён затрыманы і цяпер у СІЗА.

Вакульчык таксама паведаміў, што за апошні год у Беларусі два замежныя дыпляматы былі прызнаныя пэрсонамі нон-грата, а за ўсе гады існаваньня незалежнай Рэспублікі Беларусь такіх дыпляматаў было затрымана дзесяць. Паводле словаў старшыні камітэту, усіх іх выслалі з тэрыторыі Беларусі за дзейнасьць, несумяшчальную са статусам дыплямата.

Сёньня старшыня КДБ Беларусі прадстаўляў у Палаце прадстаўнікоў у першым чытаньні дапаўненьні і зьмены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Галоўная навацыя, якую агучыў спадар Вакульчык, палягае ў тым, што раней грамадзяне Беларусі, якія супрацоўнічалі з замежнымі спэцслужбамі на тэрыторыі іншых краін, знаходзячыся ў паездках у іншых краінах, фармальна не маглі быць прыцягнутыя да адказнасьці беларускай дзяржавай. Цяпер спадар Вакульчык прапанаваў дэпутатам унесьці ў заканадаўства зьмену, згодна зь якой адказнасьць за дзейнасьць, накіраваную супраць нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, можа наступаць і тады, калі грамадзянін Беларусі перадае дзяржаўныя сакрэты і іншую канфідэнцыйную інфармацыю за межамі Беларусі. Дэпутаты падтрымалі гэтую прапанову.

Вакульчык сказаў журналістам, што «зьвесткі пра выдачу дзяржаўных сакрэтаў і таямніц грамадзянамі Беларусі, які знаходзяцца за мяжой, становяцца нам вядомыя часам праз год, часам празь месяц, праз гадзіну або дзьве, а часам амаль у рэжыме онлайн. І цяпер, калі будзе працаваць новае заканадаўства, мы зможам прыцягваць да адказнасьці грамадзян за выдачу таямніц па-за межамі краіны, калі будзе даказана, што яны сапраўды выдалі дзяржаўную таямніцу або дзяржаўны сакрэт».

XS
SM
MD
LG