Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы ў выніку скандалу, зьвязанага з працёкам сьледчых матэрыялаў, у адстаўку падалі некалькі міністраў і старшыня Сэйму.

Супроць бізнэсмэна і выдаўца газэты Зьбігнева Станогі, які апублікаваў 2,5 тысячы фотакопій канфідэнцыйных матэрыялаў сьледзтва, пракуратура ў Варшаве пачала расьсьледаваньне паводле артыкулу аб распаўюдзе матэрыялаў сьледзтва без дазволу. Яму пагражае штраф або зьняволеньне да двух гадоў.

10 чэрвеня прэм’ер-міністар Польшчы Эва Копач прыняла адстаўку міністра аховы здароўя Барташа Арлуковіча, міністра дзяржаўнага скарбу Ўладзімежа Карпінскага і міністра спорту Анджэя Берната ды трох віцэ-міністраў. Пра адстаўку заявілі таксама дараднік кіраўніка ўраду Яцэк Растоўскі і маршалак Сэйму Радаслаў Сікорскі.

Два дні таму Зьбігнеў Станога на сваім профілі ў Facebook апублікаваў звыш 2,5 тысячы фотакопій дакумэнтаў сьледзтва ў справе скандалу з праслухоўваньнем польскіх палітыкаў, які ўспыхнуў летась і давёў да галасаваньня ў Сэйме аб недаверу ўраду Дональда Туска.

У чэрвені 2014 году польскі часопіс Wprost апублікаваў некалькі аўдыёзапісаў прыватных размоваў польскіх палітыкаў кіроўнай партыі, Грамадзянскай плятформы, якія мелі даволі скандальны зьмест. Прыкладам, у прыватнай размове з удзелам тагачаснага міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага і былога міністра фінансаў Яцэка Растоўскага кіраўнік МЗС Польшчы меўся, з ужываньнем нецэнзурнай лексыкі, характарызаваць стасункі Варшавы і Вашынгтону. Паводле часопісу Wprost, Сікорскі нібыта сказаў, што альянс паміж ЗША і Польшчай «наўпрост шкодны, таму што стварае ілжывае адчуваньне бясьпекі». «Хоць у рэальнасьці мы рухаемся да канфлікту зь немцамі і расейцамі, мы працягваем верыць, што ўсё ідзе цудоўна таму, што мы адсмакталі ў ЗША», — нібыта сказаў Сікорскі.

Пасьля публікацыі гэтых запісаў тыднёвікам Wprost пракуратура пачала сьледзтва. Працёк матэрыялаў гэтага сьледзтва і частковае апублікаваньне іх Зьбігневам Станогам на пачатку гэтага тыдня польскія камэнтатары акрэсьліваюць як наступны моцны ўдар па Грамадзянскай плятформе, пасьля прайграных прэзыдэнцкіх выбараў і перад парлямэнцкімі выбарамі гэтай восеньню.

Зьбігнеў Станога сказаў журналістам, што, апублікаваўшы матэрыялы сьледзтва, ён «зрабіў паслугу польскаму народу». Паводле ягонай вэрсіі, матэрыялы перадала яму асоба, якая была ці то «пракурорам», ці то «функцыянэрам спэцслужбаў» — гэтая асоба нібыта зьмясьціла матэрыялы на адным з кітайскіх інтэрнэт-парталаў. Адтуль Станога, паводле ягоных словаў, перапосьціў частку матэрыялаў на свой профіль і профіль сваёй газэты (Gazeta Stonoga) у Facebook. Неўзабаве гэтыя матэрыялы былі заблякаваныя.

Пра самога Зьбігнева Станогу зьвесткі ў польскіх СМІ даволі супярэчлівыя. Ён — бізнэсмэн, якога нібыта пакрыўдзіла падатковая служба, налічыўшы яму несправядлівы падатак. Адмовіўшыся плаціць гэты падатак, ён адседзеў больш за тры гады ў турме, пакуль суд яго не апраўдаў. Паводле адных, Станога апублікаваў матэрыялы сьледзтва, каб адпомсьціць ураду. Паводле іншых, ён — змагар зь дзяржаўнай бюракратыяй за большую празрыстасьць у публічным і палітычным жыцьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG