Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джэб Буш рыхтуецца ўступіць у перадвыбарчую гонку


Джэб Буш

Джэб Буш

Сын аднаго экс-прэзыдэнта і брат іншага пазыцыянуе сябе як самастойную палітычную фігуру.

Экс-губэрнатар Флёрыды Джэб Буш зьдзяйсьняе турнэ па Эўропе, імкнучыся такім чынам умацаваць свой аўтарытэт у сфэры зьнешняй палітыкі напярэдадні афіцыйнай заявы аб уступленьні ў прэзыдэнцкую гонку, якое Буш мяркуе зрабіць у панядзелак. Зьнешнепалітычнае турнэ Буша ўключае тры краіны-саюзьніцы ЗША: Нямеччыну, Польшчу і Эстонію, — паведамляе «Голас Амэрыкі».

Выступаючы з прамовай у Нямеччыне, Буш заклікаў Захад заняць больш рашучую пазыцыю супраць расейскай агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны, якая ажыцьцяўляецца пад кіраўніцтвам Уладзімера Пуціна, якога экс-губэрнатар Флёрыды ахарактарызаваў як «бязьлітаснага прагматыка».

«Расея павінна паважаць сувэрэнітэт усіх сваіх суседзяў, і няма сумневаў у тым, што яна будзе рабіць, як ёй заманецца, калі агрэсія застанецца без адказу», — перакананы Буш. «Наш альянс, наша салідарнасьць і нашы дзеяньні, — працягвае ён, — маюць крытычнае значэньне, калі мы хочам захаваць фундамэнтальныя прынцыпы нашага міжнароднага парадку».

«Я — сам па сабе»

Рыхтуючыся да перадвыбарчай кампаніі, Джэб Буш ахвотна выказвае захапленьне заслугамі свайго бацькі і брата, былых прэзыдэнтаў ЗША, але пры гэтым падкрэсьлівае, што ў выпадку перамогі на выбарах будзе самастойнай, незалежнай ад іх палітычнай фігурай. «Я люблю свайго брата. Я люблю свайго бацьку. І маці сваю я таксама люблю — спадзяюся, гэта нікога не бянтэжыць. Я захапляюся тым, як яны служылі краіне, і тымі складанымі рашэньнямі, якія ім давялося прымаць. Але я — сам па сабе, і мае погляды на жыцьцё сфармаваныя маім уласным мысьленьнем і маім уласным вопытам», — заявіў ён у лютым на пасяджэньні чыкагскай Рады па глябальных праблемах.

На думку аналітыкаў, Буш і далей будзе імкнуцца падкрэсьліваць адрозненьні паміж сабой, бацькам і братам. «Яму давядзецца па-майстэрску лявіраваць, знайсьці спосаб дыстанцыявацца ад свайго брата, які пакінуў пасаду, будучы вельмі непапулярным», — заявіў дасьведчаны палітычны аналітык з National Journal Том ДэФранк у нядаўнім інтэрвію «Голасу Амэрыкі».

Змрочны цень Іраку

Нядаўна Буша паставілі ў тупік пытаньнем пра тое, як бы ён паводзіў сябе ў сытуацыі з вайной у Іраку на месцы свайго брата, Джорджа Буша-малодшага. У выніку Джэб Буш заявіў, што, валодаючы ўсёй інфармацыяй, якая ёсьць у яго цяпер, ён ня стаў бы аддаваць загад аб уварваньні ў Ірак.

Стварэньне ўласнага палітычнага ладу неабходна Бушу, каб рухацца наперад, лічыць прафэсар Унівэрсытэта Вірджыніі Лары Сабата. «Ён, як і ўсе палітыкі, хоча атрымаць адразу ўсё, — адзначае аналітык. — З аднаго боку, ён хоча атрымаць намінацыю дзякуючы свайму імю, а зь іншага — заяўляць, што ён сам па сабе. Што ж, і тое, і другое разам немагчыма, так што яму непазьбежна давядзецца ў нейкай ступені адказваць за вельмі неадназначнае прэзыдэнцтва Джорджа Буша-малодшага».

Бушу ўдалося скарыстацца сваім прозьвішчам, каб атрымаць ад спонсараў-рэспубліканцаў дзясяткі мільёнаў даляраў на сваю будучую кампанію. Аднак яму яшчэ трэба будзе пераадолець скептычнае стаўленьне некаторых кансэрватараў і паспрабаваць заваяваць галасы маладых выбаршчыкаў, якія хочуць бачыць на палітычнай сцэне сьвежых асобаў. «У яго добрая рэпутацыя, гучнае імя, шмат прыхільнікаў і вялікія магчымасьці ў пляне фінансаваньня», — адзначае Джон Фарт’е з Цэнтра двухпартыйнай палітыкі ў Вашынгтоне. «Пры гэтым некаторыя сказалі б, што, будучы кандыдатам ад істэблішмэнту, па пытаньнях іміграцыі і адукацыі ён заняў пазыцыі, якія не зусім адпавядаюць уяўленьням больш кансэрватыўных выбарцаў».

Вылучыцца на фоне натоўпу супернікаў

Як толькі Буш афіцыйна пачне сваю перадвыбарную кампанію, перад ім паўстане задача паказаць сябе ў вачах грамадзкасьці як самастойную фігуру, адзначае рэспубліканскі паліттэхноляг Форд О’Конэл. «Зразумела, прозьвішча дае яму велізарную перавагу ў пляне збору сродкаў, але гэта таксама і істотная перашкода. Джэбу Бушу неабходна стаць проста Джэбам, а ня трэцім Бушам. А гэта будзе вельмі цяжка, таму што кансэрватыўныя радыёперадачы — гэта свайго кшталту хлеб надзённы для Рэспубліканскай партыі, а яны цяпер настроіліся на Джэба Буша і хочуць пазбавіцца ад яго, чаго б гэта ні каштавала. І задача Джэба — нагадаць ім, што ён быў кансэрватарам, калі быў губэрнатарам Флёрыды».

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, сёньня Буш займае адзін зь верхніх радкоў у рэйтынгу дзесяці кандыдатаў-рэспубліканцаў разам з губэрнатарам Вісконсына Скотам Уокерам і сэнатарам ад штату Флёрыда Марка Рубіё. Абвясьціўшы пра сваё вылучэньне, Буш стане адзінаццатым афіцыйным кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі на выбарах 2016 году.

XS
SM
MD
LG