Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін спазьніўся амаль на гадзіну на сустрэчу з кіраўніком Каталіцкай царквы Папам Францішкам. Пра гэта паведамляе ў твітэры выданне Catholic News Service.

Выданьне адзначае, што ватыканскі саноўнік і асабісты сакратар Папы Рымскага Георг Генсвайн выйшаў сустракаць расейскага лідэра ў 17:25, Пуцін прыбыў у 18:10. Чым была выклікана затрымка не паведамляецца.

Раней расейскі лідэр сустрэўся з прэм’ер-міністрам Італіі Матэа Рэнцы і наведаў выставу ЭКСПА-2015 у Міляне, дзе прымерыў татарскую цюбяцейку.

На сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Італіі Пуцін зазначыў, што Менскія дамоўленасьці па Ўкраіне выконваюцца выбарачна. «І Расея гэтак жа, як Італія, выступае за поўную імплемэнтацыю менскіх дамоўленасьцей», — сказаў ён.

Паводле Матэа Ренцы, калі дамовы «Менск-2» будуць цалкам выконвацца, гэта будзе «найважнейшай кропкай для ўсіх» і стане падставай для зьмякчэньня санкцый у дачыненьні да Расеі. Ён узгадаў «італьянскую мадэль», якая неаднаразова прапаноўвалася, «каб гарантаваць аўтаномію або дэцэнтралізацыю на тэрыторыі ўнутры Ўкраіны».


У якасьці асноўных тэмаў сустрэчы Пуціна і Папы Францішка анансаваліся сытуацыя ва Ўкраіне і становішча хрысьціян на Блізкім Усходзе. Яны гутарылі 50 хвілінаў сам-насам пры дапамозе двух перакладчыкаў. Паводле Catholic News Service, Папа Францішак выказаўся за неабходнасьць «сумленнага і вялікага высілку дзеля дасягненьня міру» ва Ўкраіне, заклікаў да аднаўленьня дыялёгу і вырашэньня гуманітарных патрэбаў.

Раней кіраўнік Ашчадбанку Расеі Герман Грэф падчас інтэрвію для фільму «Прэзыдэнт» раскрыў прычыну спазьненьняў Уладзіміра Пуціна. Паводле Грэфа, гэта зьвязана са «здольнасьцю слухаць».

«Ён слухае ўсіх, ён дае магчымасьць усім выказацца. Часам нават больш, чым трэба. Часам у яго нарады зацягваюцца на многія і многія гадзіны, праз гэта вельмі часта зьлятае графік», — адзначыў кіраўнік Ашчаднага банку, якога цытуе сайт тэлеканалу «Дождь».

Заходнія мэдыі сёньня гадалі, ці спозьніцца Пуцін на сустрэчу з Папам. На папярэднюю сустрэчу з пантыфікам у 2013 годзе Пуцін спазьніўся на гадзіну.

Украінцы пратэстуюць супраць візыту Ўладзіміра Пуціна ў Ватыкан, 10 чэрвеня 2015

Украінцы пратэстуюць супраць візыту Ўладзіміра Пуціна ў Ватыкан, 10 чэрвеня 2015

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG