Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску нельга будзе купіць алькаголь пасьля 22.00. Затое можна будзе ім запасацца


Ад 15 чэрвеня ў Менску забароняць гандляваць алькаголем пасьля 22.00. У Менгарвыканкаме ўпэўненыя, што менчукі неўзабаве прывыкнуць да абмежаваньня на продаж алькаголю з 9.00 да 22.00. Пра гэта распавяла начальніца упраўленьня гандлю і паслуг Менгарвыканкаму Ніна Емяльянава.

Як інфармуе партал TUT.BY, раней адміністрацыі раёнаў самастойна прымалі рашэньне пра абмежаваньне гандлю алькаголем па канкрэтных крамах. Падставай служыў аналіз крымінагеннай сытуацыі ў раёне. Склалася сытуацыя, калі ў дзьвюх крамах аднаго мікрараёну дзейнічалі розныя правілы, парушалася антыманапольнае заканадаўства.

У Менгарвыканкаме ўпэўненыя, што мінчане хутка прывыкнуць да гэтага новаўвядзеньня, як прывыклі да дзён цьвярозасьці падчас школьных апошніх званкоў і выпускных. «Для пакупнікоў галоўнае пэўнасьць: калі вы ведаеце, што крама працуе да пэўнага часу, вы ж ня пойдзеце ў яе пазьней. Так і тут. Калі ва ўсіх крамах гораду будзе дзейнічаць аднолькавае абмежаваньне на продаж алькаголю, гэта стане звыклым і звычайным».

Ніна Емяльянава лічыць, што новаўвядзеньне не паўплывае на аб’ёмы выручкі крамаў, бо алькаголь заўсёды можна купіць загадзя. Улады разьлічваюць, што з забаронай на продаж алькаголю ўвечары зьнізіцца статыстыка п’яных злачынстваў. На сёньняшні дзень кожнае трэцяе злачынства ў Мінску здараецца па віне алькаголю.

Усяго ў сталіцы працуюць каля 750 крам, якія гандлююць алькаголем. Пасьля 22.00 яго прадаюць каля 120 крам.

Незаконны абарот алькаголю пасьля ўвядзеньня новага абмежаваньня абяцалі ўважліва адсочваць ў ГУУС Менгарвыканкаму.

Тым часам напярэдадні стала вядома, што ў Беларусі адменяць ліміт на захоўваньне алькагольных напояў дома. Кіраўнік Беларусі даручыў чыноўнікам і дэпутатам прапрацаваць гэтае пытаньне дэталёва і ўнесьці прапановы на заканадаўчым узроўні.

Цяпер, паводле закону, беларусам нельга захоўваць у сябе дома больш за 5 літраў безакцызнага алькаголю і больш за 15 літраў сьпіртовых напояў, калі на іх няма квіткоў з крамы. «Цяпер адпаведныя зьмены ў заканадаўстве адменяць і самі абмежаваньні, і адказнасьць за іх для фізычных асоб. Для прадпрымальнікаў правілы гульні застануцца нязьменнымі», — паведаміў тэлеканал СТВ.

Раней у Гомелі быў аштрафаваны лекар, які захоўваў дома 178 бутэлек гарэлкі, віскі, рому, віна, бальзаму і каньяку зь беларускімі акцызнымі маркамі, але звыш дазволенай колькасьці, і без дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі набыцьцё.

XS
SM
MD
LG