Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь – Белоруссия»: эмацыйнае жыцьцё на два дамы


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Тэма «Беларусь – Белоруссия» ў расейскай мове ці ня самая доўгатрывалая ў беларускім інтэрнэце.

Што б ні адбывалася ў краіне і сьвеце, з рэгулярнасьцю раз на месяц хтосьці дзесьці ўздымае тэму з дыскусіяй на дзясяткі і нават сотні камэнтаў.

А гэта значыць, што чарговы чалавек упершыню задумаўся, у чым жа справа. То бок, праблематыка не ахоплівае ўсіх адразу, тэма, высьвятляецца, вельмі інтымная, хоць і ў топе папулярнасьці.

У дадзеным выпадку назіраю за дыскусіяй у блогу вядомага грамадзскага актывіста Andrej Strizhak, які акцэнтуе ўвагу на тым, што вось «Белоруссия» абурае многіх, а «Бiлорусь», «Białoruś», «Baltаrusija» – не.

Як звычайна, тэму моцна загаворваюць «спэцыялісты» ад расейскай «словесности», якія памятаюць, як добра вучыліся ў школе і якія добра карыстаюцца пошукавымі сыстэмамі, каб паказаць, як правільна ў расейскай мове.

І тут адказ ляжыць на паверхні: вы спрачаецеся ў сфэры расейскай мовы, таму на назвы ў іншых не зьвяртаеце ўвагу. Бо вам не баліць эмацыйна.

На мой погляд, злуюцца тыя, хто ўжо хоча быць беларусам, але яшчэ для яго расейцы «свае», і ён крыўдзіцца на «сваіх». А на чужых што крыўдаваць?

Калі ў дыскусію ўступаюць расейцы, яна лягічна кажуць пра тое, што гэта іх мова. Беларусы тады спасылаюцца на... закон!

Radjesh Chou: «Бо расейская мова ў нас дзяржаўная, і мы самі вызначаем, як на ёй пішацца наша краіна».

Мне цяжка ўявіць, што ў іншай дзяржаве закон можа быць аргумэнтам. Хутчэй будзе апэляцыя да традыцыі, да таго, што «Belarus» чытач нямецкай газэты не зразумее, а «Weißrussland» – зразумее.

Ніякія законы не дапамогуць. Толькі дыпляматыя і дыялёг. Калі ў, напрыклад, амэрыканскім урадзе ідуць насустрач, разумеюць аргумэнт, маўляў, «Byelorussia» – гэта калька з расейскай, а не арыгінал, то і выкарыстоўваюць «Belarus». А ў амэрыканскія СМІ арыгінальная назва трапіць праз шмат гадоў, калі мы будзем паўсюль у сьвеце вядомыя як краіна.

Калі ў свой час Малдова папрасіла не называць яе Малдавіяй, беларусы з павагай паставіліся да просьбы, і цяпер так збольшага і ўжываюць, у СМІ – дакладна. А расейцы просьбы іншых праігнаравалі.

І тут да крытэраў эмацыйнасьці і рацыянальнасьці дадаецца этыка.

Многіх беларусаў абурае, што як бы «свае» расейцы ігнаруюць просьбу як бы «сваіх» беларусаў.

Псыхалягічны дысананс у тым, што многія ўжо хочуць быць нацыяй, але расейцаў за замежнікаў не ўспрымаюць.

Мяркую, што калі расейскамоўны беларус зрабіў свой выбар назвы «Беларусь» як адзінай для яго правільнай, то і дыскусія з часам зьнікне. Бо эмацыйна жыць на два дамы доўга не атрымаецца.

Меркаваньне аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG