Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сына лідэра крымскіх татар Джэмілева асудзілі на 5 гадоў


Хайсэр Джэмілеў
Хайсэр Джэмілеў

Краснадарскі краявы суд 10 чэрвеня прысудзіў сына дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Мустафы Джэмілева — Хайсэра, да пяці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Пра гэта ў сваім твітэры паведаміў яго адвакат Мікалай Полазаў. Адвакат дадаў, што мае намер абскардзіць прысуд.

Раней паведамлялася, што дзяржабвінаваўца Сьвятлана Някоз прапанавала асудзіць Хайсэра Джэмілева да 5,5 гадоў пазбаўленьня волі. На думку адваката Мікалая Полазава, Хайсэр Джэмілеў не заслугоўвае такога пакараньня, а адбываць яго ён павінен не ў Расеі, а ва Ўкраіне.

2 чэрвеня прысяжныя на працэсе ў Краснадарскім краявым судзе прызналі Джэмілева вінаватым у забойстве па неасіцярожнасьці і захоўваніні зброі і боепрыпасаў. Пры гэтым галоўнае абвінавачваньне — у наўмысным забойстве з хуліганскіх памкненьняў, пакараньне за якое прадугледжвае пажыцьцёвае зьняволеньне, — было зьнятае.

Хайсера Джэмілева абвінавачваюць у тым, што ў траўні 2013 году ён у двары свайго дома ў Бахчысараі забіў знаёмага сям’і са стрэльбы свайго бацькі. 11 красавіка 2015 году Дняпроўскі раённы суд Кіева завочна асудзіў яго да трох гадоў і васьмі месяцаў пазбаўленьня волі.

Пасьля анэксіі Крыму расейскія ўлады вывезьлі Хайсэра Джамілева з крымскага сьледчага ізалятару ў Краснадарскі край. 10 ліпеня мінулага году Эўрапейскі суд па правах чалавека пастанавіў вызваліць Хайсэра Джэмілева са сьледчага ізалятару, аднак Расея не адрэагавала на гэтае рашэньне.

Бок абароны расцаніў дзеяньні праваахоўных органаў Расеі як спосаб ціску на яго бацьку Мустафу Джэмілева, які адмовіўся прызнаць Крым расейскім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG