Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сайт «Мэдуза» хочуць праверыць на экстрэмізм пасьля інтэрвію імама


Галіна Цімчанка

Галіна Цімчанка

Базаванаму ў Латвіі сайту «Мэдуза» пагражаюць праверкі Генэральнай пракуратуры і Сьледчага камітэту Расеі з-за інтэрвію зь нямецкім імамам.

Дэпутат Дзярждумы ад ЛДПР Вадзім Дзеньгін палічыў апублікаваны на сайце матэрыял Данілы Тураўскага адкрытай рэклямай забароненай у Расеі экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» і зьвярнуўся ў праваахоўныя органы, пішуць сёньня «Известия».

Падтрымаў запыт і дырэктар Інстытуту Блізкага Ўсходу Яўгеній Сатаноўскі, заявіўшы, што тыя, хто публікуе інтэрвію з джыхадыстамі, самі становяцца саўдзельнікамі злачынстваў.

Галоўны рэдактар «Мэдузы» Галіна Цімчанка ня згодная з такой ацэнкай. На сваёй старонцы ў Facebook яна напісала:

«Больш выкрывальныя матэрыялу пра Ісламскую дзяржаву, чым інтэрвію Дані Тураўскага з імамам Атаевым, складана прыдумаць: зь яго наўпрост вынікае, што Ісламская дзяржава — гэта жахлівая, сярэднявечная, нялюдзкая арганізацыя, існаваньне якой — катастрофа і пагроза сьвету, якім мы яго ведаем. Больш за тое, кожны абзац выказваньняў імама суправаджаецца фотаздымкамі і апісаньнямі зьверстваў І. дзяржавы. Нічога, акрамя прыступу жаху, гэты тэкст ў нармальнага чалавека выклікаць ня можа».

Цімчанка таксама паведаміла, што пасьля публікацыі паліцыя Нямеччыны пачала расьсьледаваньне дзейнасьці імама, які хаваецца ад паліцыі.

Супраць перасьледу выданьня выказаўся першы намесьнік старшыні камітэту Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы, інфармацыйных тэхналёгіях і сувязі Андрэй Туманаў. На яго думку, «журналіст спрацаваў выдатна», паказаўшы, што тэрарысты лічаць забойства прымальнай рэччу.

Галіна Цімчанка — былы галоўны рэдактар онлайн-выданьня Lenta. ru. Яе звольнілі пасьля таго, як Роскомнадзор вынес сайту папярэджаньне за публікацыю інтэрвію зь лідэрамі забароненай у Расіі арганізацыі «Правы сэктар». Створаны Цімчанкай сайт «Мэдуза» працуе з Рыгі.

XS
SM
MD
LG