Лінкі ўнівэрсальнага доступу

MERS зьбірае сьмяротнае жніво ў Паўднёвай Карэі


Карэйскія школьнікі на абсьледаваньні ў Сэўле
Карэйскія школьнікі на абсьледаваньні ў Сэўле

За мінулыя суткі ў Паўднёвай Карэі ад вірусу MERS памерлі яшчэ дзьве асобы, агульная колькасьць сьмяротных ахвяраў успышкі захворваньня дасягнула дзевяці чалавек.

Як паведамляе агенцтва Reuters, лік інфіцыраваных вірусам перавысіў сотню чалавек.

Міністэрства здароўя Паўднёвай Карэі паведамляе, што ўсе, для каго захворваньне аказалася сьмяротным, яшчэ да заражэньня пакутавалі ад сур’ёзных недамаганьняў. У паведамленьні адзначаецца, што за апошнія суткі выяўлена яшчэ 13 інфікаваных MERS. Такім чынам, афіцыйна іх колькасьць дасягнула 108. Усе новыя выпадкі зьвязаныя з распаўсюджваньнем інфэкцыі ў шпіталях.

Reuters адзначае, што ўсе выпадкі захворваньня ўдалося адсачыць да «нулявога пацыента» — грамадзяніна, які вярнуўся ў пачатку траўня з паездкі па Блізкім Усходзе, быў шпіталізаваны і пасьпеў заразіць некалькіх людзей да таго, як яму паставілі дыягназ і ізалявалі.

Упершыню блізкаўсходні рэсьпіраторны сындром (Middle East Respiratory Syndrome, MERS) быў выяўлены ў 2012 годзе ў Саудаўскай Арабіі. Як і грып, гэтая інфэкцыя распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам.

Паводле статыстыкі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, усяго ў сьвеце зафіксавана 1257 выпадкаў захворваньня MERS (з улікам цяперашняй успышкі), 448 інфікаваных ня выжылі. Найбольшая рызыка захворваньня існуе для людзей з аслабленым імунітэтам, хранічнай хваробай лёгкіх, дыябэтам і ныркавай недастатковасьцю. Вакцыны ад MERS пакуль не існуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG