Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёзьне кіроўца хуткай дапамогі павесіў каля дома шыльду «Жыве беларус»


У райцэнтры Лёзна жыве Ўладзімер Собалеў — кіроўца хуткай дапамогі, стваральнік уласнай філязофскай сыстэмы, аматар беларускай даўніны і зьбіральнік скарбаў. Над ягонай сядзібай лунаюць бел-чырвона-белыя флюгеры, а на падворку вісіць шыльда «Жыве беларус».

Радыё Свабода пабывала ў мясьцінах легендарнага Мірона — райцэнтры Лёзна. Там, на самым расейскім памежжы, жыве Ўладзімер Собалеў — кіроўца хуткай дапамогі, стваральнік уласнай філязофскай сыстэмы, аматар беларускай даўніны і зьбіральнік скарбаў. Над ягонай сядзібай лунаюць бел-чырвона-белыя флюгеры, а на падворку вісіць шыльда «Жыве беларус».

15 год таму Собалева прызналі злачынцам. З дапамогай самаробнага прыстасаваньня ён падлучыўся да лініі электразабесьпячэньня ў райцэнтры Лёзна і скраў электраэнэргіі на 800 даляраў. Прынамсі, такая лічба фігуравала ў ягонай судовай справе.

Але Собалеў ня лічыць сябе ані «вялікім камбінатарам», ані дробным махляром. Кажа, што ні драбніцы тае электрычнасьці ня ўзяў для свае ўласнае гаспадаркі. Вось якая, паводле ягоных словаў, «палітычная таямніца» крылася за колішнімі падзеямі.

Падлучыўся міма лічыльніка, каб надрукаваць улёткі супраць выбараў

«Трэба было надрукаваць улёткі за байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў, што былі ў 2000 годзе, — распавядае Ўладзімер Собалеў. — Напісалі тэкст, што, маўляў, ад выбаршчыкаў нічога не залежыць, як тлумачыў Зянон Пазьняк. І я вырашыў, што ўсё гэта надрукую.

Віцебскія мае сябры казалі: „Мы заплацім за электраэнэргію“. Але я падумаў: „Не! Як гэтыя ўлады з намі, так і мы зь імі!“ І падлучыўся міма лічыльніка. Дарэчы, тыя выбары ў Віцебску былі сарваныя, людзі на іх не пайшлі. А мяне аштрафавалі: электрыкі вызначылі несанкцыянаванае падлучэньне.

Тут "жыве беларус"

Тут "жыве беларус"

Спачатку я бянтэжыўся пра гэта распавядаць, а цяпер думаю — чаго? Па-першае, я зрабіў гэта не для ўласнае карысьці. Па-другое, ужо даўно сплаціў той штраф. Але тады, вядома, было дужа крыўдна.

Вы ж толькі падумайце! Мне налічылі ажно 800 даляраў, каб пакрыў нанесеную шкоду. І адначасова са мной спаганялі грошы з нашага гароднінасушыльнага заводу, дзе цэлы цэх незаконна спажываў электраэнэргію. Ім налічылі ўсяго 200 даляраў. Параўнайце — адзін я і цэлае прадпрыемства! І што? Я памучыўся, вядома, але ўсё сплаціў. А той завод даўно збанкрутаваў. Ён зачыніўся, а я жыву! І далей зьбіраюся жыць!»

Цэнтар Лёзна

Цэнтар Лёзна

...Пра тое, што ў Лёзьне жыве не якісьці тым прыблуда, а сапраўдны беларус, спавяшчае адмысловая шыльдачка на падворку Ўладзімера Собалева. Шыльдачка невялікая, а гісторыя вакол яе атрымалася гучная, апавядае гаспадар:

«Сваю сядзібу я ўвесь час упрыгожваю. Прыдумалася неяк займець шыльдачку са словамі «Жыве беларус». Я заказаў яе ў менскай фірме «ААТ Лазер Графікс» праз прадстаўніцу ў Віцебску. Але юрысты гэтай фірмы не дазволілі выраб такой шыльды. Мне адкрыта казалі, што ўзгаднялі тэкст у Менску, у галоўным офісе, і тыя не далі згоды.

Цэнтар Лёзна

Цэнтар Лёзна

Паколькі я наперад заплаціў грошы, мне было прапанавана заказаць шыльдачку зь іншым тэкстам. Я як раззлаваўся ды як напісаў ліст у «Нашу Ніву», што ёсьць такія беларусафобы! Напісаў яшчэ так: «Я хачу запытацца ў прэзыдэнта: „Чаму я, этнічны беларус, не магу называць сябе беларусам на радзіме сваіх продкаў?“. Калі не атрымаю адказу на гэтае пытаньне, то на будучыя выбары не пайду!»

Усё, скандал! Як пасыпаліся камэнтары! Нехта камэнтаваў: «Каб ты напісаў «Здох беларус», дык табе б у момант усё зрабілі... Нехта пытаўся: «Дайце адрас гэтага мальца, мы яму якую хочаш шыльду зробім!»

Цэнтар Лёзна

Цэнтар Лёзна

Урэшце праблема вырашылася: знайшлося ў Лёзьне прадстаўніцтва іншай фірмы, якая і зрабіла шыльдачку. Цяпер здалёк відаць, што на вуліцы Гайдара жыве сапраўдны беларус.

Зь Лёзьна паходзіць род Шагалаў, але начальства зрабіла брэндам гораду суніцы

А ці многа ў Лёзьне такіх сапраўдных беларусаў? На гэтае пытаньне Ўладзімер Собалеў адказвае скептычна. Маўляў, як бывае перапіс, дык беларусамі пішуцца шмат. А як размаўляць па-беларуску — дык нікога і няма. Хіба толькі на нейкіх культурніцкіх імпрэзах у бібліятэцы або ў Доме культуры зрэдзьчас гучыць беларуская мова...

Вызначыць, наколькі беларускае мястэчка Лёзна, сапраўды цяжка. Гэты райцэнтар — на самым усходнім памежжы: за якіх 10 кілямэтраў пралягае беларуска-расейская мяжа, там сканчаецца Віцебшчына ды пачынаецца Смаленская вобласьць. У Лёзьне шмат расейскіх назваў: рэстарацыя «Ивушка», амаль што безаблічныя крамы кшталту «Техномир» або «Нужные вещи». І тут жа — гандлёвы цэнтар «Родны кут», кінатэатар «Сьвітанак» і ўсталяваная побач мэталічная канструкцыя незразумелага прызначэньня — з гербам Лёзна, агромністымі чырвонымі ягадамі ў стылі «мара Мічурына» і надпісам «Сунічная брама».

Сунічная брама

Сунічная брама

Навошта яна, патлумачыла гандлярка з бліжэйшай крамы:

«У нас у раёне, у Дабрамысьлях, праводзіўся фэст песьні і паэзіі „Сунічныя бары“. Цяпер ён праходзіць у Лёзьне і нават лічыцца міжнародным. Бо да нас прыяжджаюць выканаўцы з суседняй краіны — з Расеі. Таму прыдумалі зрабіць такую браму — каб фатаграфавацца гасьцям і маладым падчас вясельляў. У нас тут наагул усе фатаграфуюцца!»

Адзін з фатаздымкаў — дзяўчаты з мастацкай самадзейнасьці ў «Сунічнай браме» — вісіць на мясцовым Доме культуры. Дарэчы, Уладзімер Собалеў ужо 30 гадоў грае ў тутэйшым самадзейным тэатры. Будынак РДК дбайна адрэстаўраваны яшчэ да абласных «Дажынак-2011», а на ягоным фасадзе вісіць мэмарыяльная шыльда «На гэтым месцы знаходзілася сядзіба сям’і, зь якой паходзіў мастак Марк Шагал».

Дом культуры

Дом культуры

Напамін пра Марка Шагала, радавод якога йдзе зь Лёзьненшчыны — і на другім баку вуліцы. Каля раённага музэя, на высокім вузенькім пастамэнціку, стаіць бюст мастака. За ім — праз плот — нейкія ці то склады, ці то гаражы, адным словам, нічога маляўнічага...

Бюст Марка Шагала

Бюст Марка Шагала

«А вы ведаеце, што дзед Марка Шагала быў мясьнік? І што ў яго нават карціна ёсьць з такой назвай? Страшная такая: стаіць габрэй увесь у чорным, з барадой і зь сякерай. Гэта ён так свайго дзеда намаляваў», — спыняецца побач жанчына з кошыкамі — па адным у кожнай руцэ. І працягвае, дэманструючы дасьведчанасьць ня толькі ў жывапісе:

«Бюст зрабіў віцебскі скульптар Гводзьдзікаў. І гэта быў як нібыта бонус раёну да ўгодкаў вызваленьня ў 1944 годзе. Бо галоўнае — што зрабілі шыльду, якая на музэі. Для бюста, вядома, месца не найлепшае, яго паставілі, ні ў кога не пытаючыся. А вось наконт шыльды — гэта ўвогуле асобная гісторыя: настаўніца 1-й школы Ніна Ціхамірава хацела ўсталяваць помнік дзецям вайны — тым, хто пацярпеў ад фашызму. Яна зьбірала на яго ахвяраваньні, а потым райвыканкам далучыўся, суботнікі пачалі праводзіць... Але грошай не хапіла на помнік, толькі на шыльду. Мне здаецца, атрымалася самае прыстойнае, што ёсьць у горадзе. Праўда, ідэя трошкі трансфармавалася: гэта шыльда ўжо ў гонар ня толькі дзяцей вайны, а ўсяго ваеннага пакаленьня».

Мэмарыяльная шыльда вісіць каля ўваходу ў музэй. У тым самым будынку і бібліятэка. Тамтэйшая супрацоўніца падзялілася ўласнымі меркаваньнямі пра культурныя брэнды Лёзьненшчыны:

«Шагал — гэта Шагал. Але раёну загадана пазначыць сябе чымсьці мясцовым і беларускім. Вось у „Славянскага базару“ сымбаль — валошка. А ў нас брэнд цяпер — суніцы. Ён, канечне, крыху гвалтам уводзіцца. Начальства кажа: „Як так, што мы бяз брэнду?“ Сказалі — „трэба“. Прыдумалі, і цяпер мы яго папулярызуем.

Флюгеры са сьцяжкамі

Флюгеры са сьцяжкамі

Фэстываль „Сунічныя бары“ праводзіцца ў Лёзьне. Адмысловыя строі ў Доме культуры пашылі, танец пра сунічку вывучылі — папулярызацыя ідзе поўным ходам! Расейцы, калі прыяжджаюць, у захапленьні. Прыяжджаюць пэрыядычна, у залежнасьці ад курсу валют. Як у той бок — мы ўсе едзем у Смаленск ці Рудню нешта купляць. А калі стабілізуецца — нікуды ня едзем, расейцы да нас едуць. І толькі хваляць нашага прэзыдэнта: ах, як у вас чыста, як прыгожа, вы тут усе проста ў шакалядзе!»

Лёзна — радзіма беларускага Мірона

Але зусім не «ў шакалядзе» выглядае Лёзна, калі адысьціся ад цэнтру. Прыкладам, той самы гароднінасушыльны завод, які не ўратавала скрадзеная электраэнэргія, так і зеўрае выбітымі вокнамі. Будынак стаіць занядбаны, а побач непахісна ўзвышаецца цагляны комін. Некалі на ім легендарны Мірон вывешваў бел-чырвона-белы сьцяг.

"Баявы флюгер Мірона"

"Баявы флюгер Мірона"

Дарэчы, не ў абласным Віцебску і не ў сталічным Менску, а менавіта тут Мірон зьдзейсьніў свой першы гераічны ўчынак, узьняўшы нацыянальны сьцяг на практычна недасяжную вышыню. Але было гэта ў іншым месцы — на коміне лёзьненскага камбінату бытавога абслугоўваньня, які ўжо зьнесьлі, апавядае Ўладзімер Собалеў:

«Першы раз Мірон вывесіў сьцяг на высакавольтных дратах — над шашой Р21, якая вядзе ў Расею. Было гэта, як толькі наш сьцяг памянялі на чырвона-зялёны, тады Мірон адразу актывізаваўся! Вісеў на дратах той сьцяг каля тыдня, бо баяліся здымаць, каб токам не забіла. А Мірон нічога не баіцца!

Уладзімер Собалеў можа даць фору і маладзейшым

Уладзімер Собалеў можа даць фору і маладзейшым

Выклікалі потым „выратавальнікаў“ зь Віцебску, са спэцтэхнікай, яны й зьнялі... А другім разам сьцяг зьявіўся ўжо на коміне КБА. Як Мірон туды караскаўся? Неверагодна! Комін быў гнілы і неўзабаве разваліўся. І гэты сьцяг здымаць таксама баяліся, бо была прымацавана скрыначка з надпісам „Асьцярожна, замініравана!“ Хто ж палезе?

"Комін Мірона"

"Комін Мірона"

Міліцыянты паехалі, узялі зброю і як пачалі пуляць! І па скрынцы, і па сьцягу... Я потым нават артыкул напісаў у „Народную Волю“, што маёр міліцыі ніводнага разу ня змог пацэліць у скрынку! Вядома, гэта быў муляж. І ўрэшце здымаў сьцяг нейкі дэсантнік з альпінісцкім рыштункам. А Мірон жа нічога такога ня меў — толькі ногі ды рукі!

Аздоба хаты

Аздоба хаты

Ну, а той сьцяг, які вісеў на коміне гароднінасушыльнага, дык увогуле зьняць ня здолелі. Бо прыступкі былі з аднаго боку, а сьцяг на другім баку. Туды толькі Мірон мог ускараскацца! Тады міліцыянты ўзялі даўгую палку, падпалілі яе і так сьцяга дасталі — спалілі ўшчэнт».

Дом пад крыжам Эўфрасіньні Полацкай

Апавядаючы пра ўчынкі Мірона, спадар Собалеў асабліва акцэнтуе ўвагу на ягонай надзвычайнай сьмеласьці і спартовых навыках. Зрэшты, «летапісец» і сам у добрай фізычнай форме. У ягоным двары — спартовая пляцоўка са штангай і гірамі. 55-гадовы Ўладзімер Собалеў можа лёгка абысьці ў спаборніцтве нават каго маладзейшага!

Аднак самае цікавае на падворку спадара Ўладзімера — ня гэта. Дакладней, надзвычай цікавы ўвесь падворак, куды суседзі могуць прыходзіць, як у музэй. Тут у гародчыку ўкапаныя некалькі каменных колаў-жорнаў і старажытны каменны крыж. На ім сымбалічны крыж — не звычайны, а нібыта складзены са старажытных славянскіх рунаў. Усе гэтыя артэфакты сабраныя ў бліжэйшых ваколіцах. А над падворкам і над хатай круцяцца флюгеры-ветракі, іх тут пад дзясятак. Розных формаў і памераў, у тым ліку ў выглядзе бел-чырвона-белага сьцяга.

«Энэргія ветру — гэта невыпадкова. Пакуль ёсьць энэргія, ёсьць жыцьцё», — кажа Ўладзімер Собалеў.

Вось такія аканіцы

Вось такія аканіцы

Пра пераўтварэньні энэргіі, узьнікненьне матэрыі і ўвогуле жыцьця на Зямлі ён мае ўласную тэорыю. Яна выкладзена ў тэарэтычных артыкулах пра сусьветныя законы, мае адмысловую назву «Мірвера» ды сваю эмблему — выяву беркута са стылізаванай літарай «М» на сьпіне, паміж бел-чырвона-белых крылаў. Драўляную «птушку», якая аздабляе сьценку хаты, спадар Уладзімер зрабіў уласнымі рукам і назваў «Баявы флюгер Мірона». А вышэй над ім — самаробны балькончык, абшаляваны карункавымі разьблёнымі дошчачкамі і крыжам Эўфрасіньні Полацкай.

«Я люблю тое месца, дзе я цяпер жыву. Я люблю свой дом, гэтую старэнькую хату, якой больш за паўстагодзьдзя. Калі я сюды перасяляўся, яна была самая звычайная. Але мне спадабалася месца, дзе яна стаіць — зацішнае, і побач невялікая рачулка-ручаёк... Калі пачаў яе ўпрыгожваць, сабраліся мужыкі суседзі, пальцам на мяне паказваюць ды сьмяюцца: „Навошта ты гэта робіш, нейкае ўсё мудрагелістае, адваліцца ўся твая прыгажосьць, рабі прасьцей, дый усё!“ А калі зрабіў, дык прыходзілі потым разглядаць. Аж языкамі цокалі — так падабалася!» — апавядае спадар Собалеў.

Што не ўпадабала суседка

Што не ўпадабала суседка

Размаляваныя кветкамі аканіцы, крыжы Эўфрасіньні Полацкай у падстрэшшы ды каля весьніцаў, штучныя маленькія сажалкі на падворку, альтанкі для адпачынку — гэтага ўсяго не маглі не заўважыць суседзі, якія жылі «як прасьцей». Адна спадарыня ўгледзела цераз плот ня толькі вынікі працы гаспадара: ёй дужа не спадабаліся бел-чырвона-белыя сьцяжкі ў чужым двары.

«Яна казала: „Што ты тут павесіў? Паліцэйскі сьцяг, пад гэтым сьцягам мяне хацелі ў Нямеччыну сагнаць, хацелі ў канцлягер адправіць. Мы тут такога страху пад гэтым сьцягам нацярпеліся... Здымай!“

Пытаюся ў яе: „Шаноўная суседка, а колькі ж пад чырвоным сьцягам людзей пазабівалі? Свае сваіх, без аніякіх фашыстаў?“. Дык яна як закрычыць, што тое даўно было. Параўнала, значыцца, мільёны забітых Сталіным і тое, што яна страху нацярпелася... Бабулі той ужо няма на сьвеце, але зь землякамі пра бел-чырвона-белы сьцяг і сёньня дужа не паразмаўляеш. Могуць з кулакамі накінуцца. Але адразу разумеюць у палітыцы, калі нешта тычыцца непасрэдна іх.

"Пагоня" замест абразоў

"Пагоня" замест абразоў

Вось мой напарнік па працы ай як любіў прэзыдэнта! Ды раптам прыходзіць злосны. Пытаюся, што здарылася. Адказвае: „Дык Лукашэнка сказаў па тэлевізары, што раз хочаш добра жыць, мусіш працаваць па 25 гадзін у суткі. А калі ж тады спаць?“ Атрымліваецца, што няма калі. Вось тады напарніка і разабрала злосьць», — распавядае жыцьцёвыя гісторыі Ўладзімер Собалеў.

Адзін гадзіньнік — з «Тытаніка», другі падарыў індыйскі актор Радж Капур

Кажа, што зь мясцовымі жыхарамі — а іх у Лёзьне каля 7 тысяч — па-беларуску размаўляе нячаста. І хацеў бы, але непрыемна чуць у адказ «гавары, як людзі гавораць». Працуе ён кіроўцам на хуткай дапамозе, і там размовы — не галоўнае. Больш трэба турбавацца, каб пасьпець да хворага, не ўляцеўшы ў аварыю.

Праца — па графіку, так што застаецца час і майстраваць, і займацца творчасьцю. Уладзімер Собалеў захапляецца чаканкай па мэтале, складае вершы і піша песьні, часам сьпявае іх пад гармонік або фартэпіяна, набытае некалі для сына.

«Як тады мяне аштрафавалі за скрадзеную электрычнасьць, дык у хаце было гола! Пустыя сьцены, пустыя пакоі, і толькі я сяджу на ложку пад лямпачкай і думаю: „Вось як цяпер жыць? Хіба засіліцца?“ Але падумаў — не! Цяжка, але перажывем! Сын тады якраз паступіў у музычную школу, а судовыя выканаўцы папярэдзілі: калі набудзеш піяніна, дык забяром у кошт штрафу. Бо ўся маёмасьць была апісаная. Тады мая маці вырашыла падарыць піяніна ўнуку, і факт падарунку давялося пацьвярджаць у натарыюса — што не за мае грошы набывалі... Але з тае пары многа часу сплыло! Вунь колькі ў мяне ўсяго, сьценкі больш ня голыя!» — сьмяецца спадар Уладзімер.

Сьценкі ў ягонай хаце зусім «ня голыя»: ён заўзяты калекцыянэр, і ў кожным зь невялічкіх пакояў столькі экспанатаў, што можна запоўніць не адну музэйную залю! Чаго тут толькі няма: чыгунныя прасы, лямпы ды іншыя этнаграфічныя рэчы, некалькі старых гармонікаў, безьліч карцін, а замест абраза ў куце — «Пагоня». Сапёрная рыдлёўка суседнічае з паўтузінам гадзіньнікаў. Адзін зь іх — і ўвогуле з таго самага парахода «Тытанік».

Па словах Уладзімера Собалева, ягоны продак плыў на «Тытаніку», і яму пашанцавала ўратавацца: калі параход наляцеў на айсбэрг, побач праходзіў карабель і падабраў некалькі чалавек, якія не пабаяліся скочыць за борт. Адзін з пасажыраў скочыў зь мехам у руках, дзе былі розныя рэчы, назьбіраныя ў паніцы ды вэрхале. Пераважна каштоўныя і чужыя — бо авантурны продак Собалева хацеў ня проста ўратаваць сваё жыцьцё, але й раздаць пазыкі сваякам, што зьбіралі яму грошы на квіток у падарожжа. Каштоўнасьці потым прадалі, кажа спадар Уладзімер, а вось гадзіньнік, скрадзены зь нейкай каюты, пераходзіць цяпер з пакаленьня ў пакаленьне...

Падарунак Раджа Капура

Падарунак Раджа Капура

Можна верыць або ня верыць аповеду лёзьненскага жыхара. Але слухаць Уладзімера Собалева, які выкладае артыстычна і натхнёна, адна асалода! А ён працягвае гаварыць пра гадзіньнікі, распавядаючы новую неверагодную гісторыю — пра сустрэчу з акторам індыйскага кіно Раджам Капурам на цэнтральнай вуліцы Лёзна:

«Тут праходзіць шаша, як ехаць у бок Віцебску. І вось іду я ўздоўж дарогі, ды раптам спыняецца побач аўтобус з надпісам „Інтурыст“. Зь яго выходзіць сам Радж Капур, зь перакладчыкам. І кажа мне, што я надта падобны да ягонага ўжо памерлага сябра маладосьці. Такім я падаўся падобным, што Радж Капур спыніў аўтобус! З паўгадзіны мы размаўлялі, ён мяне распытваў, хто я ды адкуль. А хто я? Беларускі хлопец, жыву тут, у Лёзьне, калекцыяную гадзіньнікі... „Ах, гадзіньнікі! — кажа Радж Капур. — Тады чакай падарунка!“ Запісаў мой адрас ды зьехаў. А празь месяцы тры прыходзіць пасылка — велічэзная скрыня, а ў ёй гадзіньнік з боем! З самой Індыі!»

Зрэшты, чаму б і не паверыць, што такое было? На памежжы — як у анамальнай зоне — чаго толькі не бывае! Тут людзі размаўляюць па-расейску, але маркіруюць сваю тэрыторыю «Сунічнай брамай», каб выразна адрозьнівацца ад суседзяў. Тут шануюць сваіх загінулых на вайне землякоў, памятаюць пра тутэйшае паходжаньне мастака-габрэя Марка Шагала, але найбольш ганарацца, калі іхным чыстым вуліцам зайздросьцяць расейцы з суседняй вобласьці. Тут праходзіць дарога, якая злучае дзьве краіны, а ў месцы злучэньня якраз і знаходзіцца Лёзьненшчына — рэгіён, паддатны расейскаму ўплыву, аднак дарэшты не асыміляваны.

Відаць здалёк: тут "жыве беларус"

Відаць здалёк: тут "жыве беларус"

І супраціў гэты, можа, не такі відавочны, але адчайна шчыры. Нездарма Ўладзімер Собалеў памятае кожны сьцяг легендарнага Мірона і штодня займаецца спортам, каб быць ня горшым за яго ў фізычных магчымасьцях. Ён разважае пра таямніцы Сусьвету, складаючы сваю «Мірверу», і камандуе ветрам, ловячы яго ў бел-чырвона-белыя флюгеры. Зьбірае розныя цікавосткі ў хатні музэй і дбайна ўпрыгожвае сваю сядзібу, горда абвясьціўшы ўсім панавокал, што тут «жыве беларус».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG