Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскага зьняволенага трымалі 43 гады ў камэры-адзіночцы


У ЗША суд штату Луізіяна пастанавіў вызваліць 68-гадовага Альбэрта Вудфокса, які правёў больш за 40 гадоў у адзіночнай камэры, паведамляе BBC.

Адзіночнае зьняволеньне Альбэрта Вудфокса пачалося 18 красавіка 1972 году, пасьля таго як у турме адбыўся бунт, у выніку якога загінуў ахоўнік.

Вудфокса двойчы прызнавалі вінаватым у забойстве турэмнага ахоўніка, але абодва разы вынесеныя рашэньні пазьней адмяняліся. Цяпер судзьдзя забараніў пракурорам Луізіяны дамагацца прызнаньня Вудфакса вінаватым у забойстве ахоўніка трэці раз. Сам Вудфокс адпрэчваў усе абвінавачваньні ў свой адрас.

Вудфокс быў адным з трох зьняволеных, якія апынуліся ў адзіночным зьняволенні ў луізіянскай дзяржаўнай турме строгага рэжыму. Іх пачалі называць «тройкай з Анголы», бо турма размяшчаецца побач з былой рабаўладальніцкай плянтацыяй пад назвай Ангола.

Двое іншых зьняволеных, Роберт Кінг і Герман Ўолэс, былі вызваленыя ў 2001 і 2013 гадах. За вызваленьне «тройкі з Анголы» вялася міжнародная кампанія.

Прадстаўнікі міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International заяўлялі, што гэта адзін з рэдкіх вядомых выпадкаў, калі ў ЗША чалавека фактычна пазбавілі магчымасьці зносін зь іншымі людзьмі на такі працяглы час.

Паводле правабаронцаў, асуджаны Вудфокс праводзіў у камэры памерам два на тры мэтры 23 гадзіны на суткі.

XS
SM
MD
LG