Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статую Ісуса, зробленую са сьмецьця, выкінулі. Выставу правяраюць на экстрэмізм


Сьмецьцевы Ісус
Сьмецьцевы Ісус

У Омску ўлады правяраюць на экстрэмізм выставу ў рамках фэстывалю сучаснага мастацтва «Прастора множнасьці», якая фактычна была разгромленая ў канцы мінулага тыдня.

У Омску ўлады правяраюць на экстрэмізм выставу ў рамках фэстывалю сучаснага мастацтва «Прастора множнасьці», якая фактычна была разгромленая ў канцы мінулага тыдня. Праз суткі пасьля адкрыцьця выставы прадстаўнікі гарадзкіх службаў паламалі і вывезьлі на сьметнік некалькі яе экспанатаў, у тым ліку так званага «сьмецьцевага Ісуса» — паменшаную копію статуі Хрыста-Збаўцы ў Рыё-дэ-Жанэйра, зробленую з бытавых адкідаў.

8 чэрвеня супрацоўнікі мясцовага Цэнтру «Э» заявілі, што правяраюць выставу на экстрэмізм, а ў Міністэрстве юстыцыі прыгразілі ўнесьці фэстываль у рэестар"замежных агентаў«, калі зь ліку яго заснавальнікаў ня будзе выключаны мясцовы мастак і адзін з арганізатараў мерапрыемства Васіль Мельнічэнка.

Васіль Мельнічэнка
Васіль Мельнічэнка

У інтэрвію Радыё Свабода Васіль Мельнічэнка, які ў рамках фэстывалю зьмяніў адзін з омскіх помнікаў Леніну, распавёў аб сытуацыі вакол «Прасторы множнасьці», аб сэнсах выстаўленых на выставе працаў, аб «маларазьвітасьці» омскіх чыноўнікаў і аб сваім стаўленьні да «ленінападу» ва Ўкраіне.

РС: Якая асноўная ідэя фэстывалю «Прастора множнасьці» і якія з прадстаўленых на ім інсталяцый выклікалі пытаньні ў праваахоўных органаў? Як гэта было?

Васіль Мельнічэнка: «Прастора множнасьці» — гэта публічны арт-фэстываль, ён праводзіцца другі год. Сёлета мы з Робін Ласэр, маёй калегай, сукуратарам фэстывалю, задалі тэму, якая гучыць як «Памяць». Мастакі ў сваіх творах павінны былі альбо адрэфлексаваць паняцьце «памяць», альбо зрабіць праекты, якія выяўлялі памяць месца або памяць супольнасьцяў, альбо стварыць праекты, якія, наадварот, фармуюць памяць сацыяльных групаў.

Дзіўна тое, што калі летась мы сутыкаліся з вандалізмам па большай частцы з боку жыхароў, якія не зусім разумелі, што адбываецца, і цягнулі ўсё ў дом, у гаспадарку, то цяпер жыхары Омску настроеныя вельмі ляяльна. І тыя працы, якія падвергліся нападу з боку чыноўнікаў, выклікалі вялікую цікавасьць у людзей — яны фатаграфавалі іх, не было ніякіх нэгатыўных рэплік.

Праца Васіля Мельнічэнкі "Люстэрка для сноў"
Праца Васіля Мельнічэнкі "Люстэрка для сноў"

Кампанія была разгорнутая выключна чыноўнікамі і праваахоўнымі органамі.

Тое, што выклікала хвалю — гэта група з трох скульптураў, зробленых са сьмецьця. Аўтары — Марыя Шынкевіч і Алёна Пажыленка. Там былі копіі скульптуры Кацярыны Вялікай, якая зьнікла падчас блякады Ленінграду, калі яе схавалі ад бамбаваньняў. Была мясцовая, омская скульптура, якая была досыць знакавай для гораду. Яна стаяла каля аэрапорту. У 1991 годзе чыноўнікі дэмантавалі гэтую скульптуру нібыта для рэстаўрацыі, але ніхто яе не вярнуў на месца. Трэцяя скульптура, якая і выклікала асноўную агрэсію, гэта рэпліка на скульптуру Хрыста ў Рыё-дэ-Жанэйра.

Яе тэма была ў тым, што мы сёньня жывем у эпоху, калі экстрэмісцкія рэлігійныя групы ператвараюць культурны архіў у сьмецьце. Назапашанае цывілізацыяй перастае існаваць. Мэта гэтай скульптуры была ў тым, каб паказаць магчымасьць пэрспэктывы для яе. Гэта калі глядзець пад адным ракурсам.

Пад іншым ракурсам скульптуры гэтых аўтараў выглядаюць наступным чынам: увесь гэты друз сабраны падчас прагулак мастачак па горадзе. Омск — вельмі засьмечаны горад. Гарадзкія чыноўнікі не спраўляюцца з гэтай праблемай. Горад з дрэннымі камунікацыямі, з дрэннай інфраструктурай. То бок, гэтая скульптура яшчэ і артыкулявала праблемы самога гораду. Але, наколькі я разумею, працэс ўсё-ткі запусьцілі нейкія людзі з Омскай Тарскай япархіі. Наколькі мне зразумела са званка ад чалавека з Цэнтру «Э», да іх паступілі сыгналы менавіта адтуль. Хутчэй за ўсё, яны паступілі яшчэ і ў гарадзкую адміністрацыю, і тыя прынялі меры [на сайце Омскай япархіі 8 чэрвеня было апублікавана абвяржэньне інфармацыі аб тым, што яе прадстаўнікі зьвярталіся ў праваахоўныя органы ў сувязі з фэстывалем — РС].

РС: Як былі зьнішчаныя гэтая і іншыя скульптуры — ці сапраўды іх проста вывезьлі на сьмецьцевых машынах?

Васіль Мельнічэнка: Так, праваслаўныя адправілі Хрыста на сьмецьце. Наколькі я ведаю з апісаньня відавочцаў, мы разьмінуліся з вандаламі ў аранжавых камбінэзонах хвілін на пяць — яны пад’ехалі, разламалі трохмэтровыя скульптуры, пастамэнты, закінулі ў грузавік і вывезьлі на сьметнік.

Цалкам інтэрвію чытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG