Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інцыдэнт на мяжы: Польскі паліцыянт, мы за цябе!


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Інцыдэнт каля памежнага КПП «Баброўнікі» выклікаў бурнае абмеркаваньне зь беларускага боку.

А было так: польскі паліцыянт ужыў газавы балёнік супраць беларусаў, якія стаялі ў аўтамабільнай чарзе. Ён хацеў упарадкаваць чаргу, паколькі дарога ў гэтым месцы вузкая, але народ не хацеў выконваць яго патрабаваньні.

Асабліва пацярпела грамадзянка з картай паляка, якая ўмела толькі па-расейску, а паліцыянт адказаў, што па-расейску не разумее. Я прачытаў каля ста трыццаці камэнтароў. Большасьць была рашуча на баку польскага паліцыянта. Перш удзельнікаў абмеркаваньня абурыла, што ўладальніца карты паляка ня ведае польскай мовы. Як яна магла атрымаць гэты дакумэнт, калі польскай не валодае? Выходзіць: мы «ціпа тожэ палякі», але бяз польскай мовы можам абысьціся. Тыпова савецкія людзі: мы беларусы, але беларускай ня ведаем, таму што ў нас карта паляка, але ў краме ці ў гуртоўні можна карыстацца расейскай (у Польшчы ўсё больш рэклямных шчытоў сёньня зроблена па-расейску), дык навошта нам і тая польская?

Думаю, што ўсе, хто езьдзіў у РП, бачылі, як на мяжы паасобныя грамадзяне (у тым ліку з картай паляка) ставяць сябе вышэй за іншых, лезуць без чаргі, выдумляючы нейкія прычыны, стрымлівае сябе адзін з гарадзенцаў. Такія людзі застаюцца звычайнымі гандлярамі, хоць і з картай паляка, пагаджаецца іншы. Варта з кожнага такога браць на мяжы па дзесяць баксаў, адгукаецца наступны: а то занадта сваволяць, лічачы сябе «высокадухоўнай праслойкай грамадзтва», за візу ня плацяць, як усе «астатнія, нармальныя людзі, а ўсё хочуць на халяву». Напэўна тая дамачка таксама палічыла «ўсіх, хто бяз карты, быдлам і ламанулася без чаргі», выказвае меркаваньне яшчэ адзін.

Ды вось і наступныя галасы: «Паглядзеў відэа. Нібыта ўсе цьвярозыя, а паводзяць сябе як п’яныя рускія ў Турцыі». «Аспрэчваць дзеяньні паліцыянта за мяжою? Я за паліцыю». «Ня раз назіраў хамства нашых. У асноўным гэта вечна пакрыўджаныя базарнікі. Польская паліцыя вельмі цярплівая. А тут, відаць, дасталі. Даўно пара нашых хамаў на мяжы прыціснуць. Стопудова лезьлі па-нагламу». «Вы думаеце, гэта першы выпадак, калі нашы па-хамску паводзяцца за мяжой? Вы думаеце, што на іншым пагранпераходзе інакш? І гэтая жанчына яўна не ў гасьцях у цёці была. І калі ёсьць карта паляка, веданьне польскай мовы абавязковае. А вось паліцыянт не абавязаны ведаць расейскую». «Гаварыце як ёсьць: проста яны паводзілі сябе так, як прывыклі на радзіме. Таму я ня зьдзіўлены. І ня ў карце паляка справа, проста такія гэта людзі, хто займаецца прыгранічным бізнэсам. Наглядзеўся я на іх, гідка!» «Я з вамі згодны. Саляравозы абнаглелі. Прапускаюць перад сабой калёны сваіх “братоў па бізнэсу”, ды яшчэ правы качаюць. Толькі празь іх узьнікаюць аграмадныя чэргі, таму што гэтае быдла ўпэўнілася ў сваёй беспакаранасьці. Вось каб: улез без чаргі, візу анулявалі! Тады быў бы поўны парадак. Гэтае хам’ё ніколі ня выправіцца, таму трэба ўжываць да іх жорсткія меры. Карацей, польскі паліцыянт з балёнікам, ведай: мы за цябе!»

Ды нашы людзі сьмелыя ня там, дзе трэба. Як на Плошчу выйсьці, дык «ачко жым-жым», а як спрачацца з паліцыянтам, ды яшчэ за мяжой, дык аднекуль сьмеласьць бярэцца неразважная — яшчэ адзін голас. І наступны: «Спачатку яе пазбавілі права голасу. Ах, баршчы толькі варыць на кухні? Добра, няхай. Затым ёй загадалі працаваць за адну траціну кітайскага заробку. І каб нейк выжыць, яна гайда ў Польшчу, выстойваць у чэргах, прыніжацца, траціць нэрвы. А тут раптам пшыкнулі газам у вочы, і яна палічыла, што яе ніколі так у жыцьці не прыніжалі…» І гэта вы лічыце найбольшым прыніжэньнем? А калі на свой заробак ня купіш на ўвесь месяц прадукты, каб не эканоміць на кожным кавалку каўбасы? Хіба ў Польшчы цэны такія? — падтрымліваюць іншыя дыскусію.

«Дзікуны абураюцца! Не падабаецца вам польскі парадак — дык сядзіце ў сваім беларускім і чакайце новых падаткаў і росту цэнаў». Так, яны канфармісты дома, але дзе ня трэба, дык упёртыя, фанабэрлівыя, наглыя. І пры чым тут карта паляка? Навошта пра яе абавязкова ўспамінаць? Толькі ганьбіцца перад палякамі. Дый перад сваімі таксама, мяркуюць гарадзенцы.

Абзываецца таксама скептык: усім вядома, чым заканчваецца выхад на Плошчу ў нас — ад штрафу да турмы. Такія ў нас «новыя традыцыі», у Польшчы па-іншаму. І яшчэ адзін не ўстрымаўся ад зьедлівасьці: «Жанчына разыграла карту паляка, але паліцыянт не павёўся: “Расейская мова? Не, не разумею”. Так, ён дзейнічаў у рамках законаў сваёй краіны, а барыгі і спэкулянты толькі ганьбяць нашу краіну! Было б нядрэнна, каб ім анулявалі візы! Дазволіць салярачнікам уезд у Польшчу толькі раз на месяц, і сама праблема зьнікне! І чэргаў ня будзе!»

Што ж, ня проста так прарвалася жоўць і раздражненьне, «набалела». Другое: у інтэрнэце паявіліся відэа інцыдэнту, дзе паліцыянт паводзіўся сапраўды стрымана. І таму яшчэ такія камэнтары: «Я хутчэй паверу паліцыянту», «Так, мне сорамна за нашых людзей». «Дадумацца, за мяжой не падпарадкавацца паліцыянту! А каб гэта ў Нямеччыне? А ў Штатах? Там бы маглі застрэліць і не адказвалі б…»

Як бачым, «інтэрнэт» не падтрымаў пацярпелую, устаў сьцяною на бок польскага ахоўніка парадку. Што праўда, ніхто ня ўспомніў аб іншым: беларусы на мяжы праявілі папросту цуд салідарнасьці — сабралі вельмі вялікую суму, каб тая, якой пырснулі газ у вочы, змагла сплаціць штраф, які ёй у дадатак да газу выпісаў паліцыянт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG