Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялікая сямёрка» гатовая ўзмацніць санкцыі супраць Расеі


Удзельнікі і госьці саміту

Удзельнікі і госьці саміту

Лідэры «Вялікай сямёркі» (G7) папярэдзілі Расею, што яны гатовыя зрабіць больш жорсткім санкцыі за ролю Масквы ў канфлікце ва Ўкраіне.

Кіраўнікі Вялікабрытаніі, Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі і Злучаных Штатаў папярэдзілі пра гэта сёньня ў супольнай заяве пад канец двухдзённага саміту ў Баварыі.

У заяве гаворыцца, што працягласьць санкцый павінна быць «выразна зьвязаная з поўнай рэалізацыяй Расеяй Менскіх пагадненьняў і з шанаваньнем сувэрэнітэту Ўкраіны».

Заява адзначае, што лідэры «гатовыя прыняць дадатковыя абмежавальныя захады ў мэтах павышэньня коштаў для Расеі, калі яе дзеяньні гэтага запатрабуюць».

Гаспадар саміту, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, пасьля заканчэньня сустрэчы заявіла для прэсы:

«Мы аднадушна асуджаем захоп Крыму [Расеяй], які супярэчыць міжнароднаму праву. Мы кажам, што канфлікт у паўднёва-ўсходняй Украіне можа быць вырашаны толькі палітычным шляхам, згодна зь Менскімі пагадненьнямі. Мы згодныя, што адмена санкцый [супраць Расеі] зьвязаная з рэалізацыяй Менскіх [пагадненьняў], і мы таксама гатовыя — калі будзе неабходна, хоць мы гэтага ня хочам — узмацніць санкцыі ў залежнасьці ад сытуацыі. Але мы лічым, што мы павінны зрабіць усё, каб прасунуць палітычны працэс, пачаты ў Менску».

Яна таксама паведаміла, што амбасадары краінаў «Вялікай сямёркі» ў Кіеве сфармуюць ініцыятыву падтрымкі, каб дапамагчы Украіне ў яе эканамічных рэформах і ў барацьбе з карупцыяй.

7-8 чэрвеня ў замку Эльмаў у Баварыі адбыўся саміт «Вялікай сямёркі», на які — з-за захопу Крыму і яе ролі ў канфлікце ва ўсходняй Украіне — не была запрошаная Расея, якая раней брала ўдзел у такіх сустрэчах у фармаце «Вялікай васьмёркі».

XS
SM
MD
LG