Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Луганшчыны абвінавачвае добраахвотнікаў у злачынствах


Кіраўнік Луганскай вобласьці Генадзь Маскаль накіраваў генпракурору Ўкраіны Віктару Шокіну і міністру ўнутраных справаў Арсеню Авакаву пералік злачынстваў, учыненых, паводле яго, добраахвотнікамі батальёну «Айдар» у зоне канфлікту з сэпаратыстамі.

Як адзначае Маскаль, частка з гэтых «добраахвотнікаў» не была афіцыйна аформленая ў батальёне, але папярэдні камандзір батальёну «Айдар» Сяргей Мельнічук выдаў ім зброю.

«З трыбуны Вярхоўнай Рады было заяўлена, што Генпракуратура расьсьледуе злачынствы Мельнічука толькі ў Кіеве, Кіеўскай і Жытомірскай вобласьці, — цытуе Маскаля рэсурс LB.ua. — Разам з тым ёсьць маса фактаў выкраданьняў, вымаганьня, катаваньняў, рабункаў, незаконнага выкарыстаньня зброі і г. д. у зоне правядзеньня АТА».

Маскаль адзначае, што, як правіла, гэтыя злачынствы ўчыненыя так званымі добраахвотнікамі, якія атрымалі ад Мельнічука незарэгістраваную зброю, насілі нашыўкі «Айдару», але паводле дакумэнтаў у батальёне ня значыліся.

«Я яшчэ раз падкрэсьліваю, што частка „айдараў“ сапраўды са зброяй у руках абараняе тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны на перадавой, тады як іншая частка вырашыла банальна зарабіць на вайне. У пераліку толькі 25 адсоткаў злачынстваў, сярод якіх самыя цяжкія і самыя рэзанансныя — выкраданьне дзяржаўных службоўцаў з патрабаваньнем выкупу, супраціў работнікам праваахоўных органаў, рабаваньне прадпрымальнікаў і да таго падобнае», — заявіў Маскаль.

Ён запатрабаваў расьсьледаваць прадстаўленыя ім факты злачынстваў.

XS
SM
MD
LG