Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаньне «За справядлівыя выбары» трэці раз судзіцца зь Мін’юстам


Віктар Карняенка
Віктар Карняенка

10 чэрвеня ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь адбудзецца разгляд скаргі Віктара Карняенкі на адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць аб’яднаньне «За справядлівыя выбары».

«Гэта ўжо трэцяя спроба атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю, і для нас яна значыць ня толькі спробу дабіцца камфортнага існаваньня, але і дэманстрацыю таго, што ўлады ня хочуць свабодных і справядлівых выбараў», — сказаў Свабодзе каардынатар аб’яднаньня Віктар Карняенка.

Пасьля ўстаноўчага сходу, які прайшоў у лютым, у адпаведнасьці з законам былі пададзеныя дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі. Далей міністэрства апытвала ўдзельнікаў устаноўчага сходу. Сярод іншага людзей прасілі назваць поўнае найменьне арганізацыі — Беларускае праваабарончае адукацыйнае аб’яднаньне «За справядлівыя выбары».

«Калі ўдзельнік сходу не называў хаця б аднаго слова, гэта трактавалася як тое, што ён ня ўдзельнічаў у сходзе. Вось такое „парушэньне“ знайшлі і адмовілі ў рэгістрацыі», — патлумачыў Віктар Карняенка.

«Мы будзем абараняцца ў судзе. Ёсьць ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, у якім выкладзены вычарпальны пералік пунктаў, паводле якіх аб’яднаньне ня можа быць зарэгістравана. Адмова ў рэгістрацыі аб’яднаньня „За справядлівыя выбары“ не адпавядае ніводнаму зь іх — мы ж не пагражаем здароўю і жыцьцю людзей, не заклікаем да зьмены канстытуцыйнага ладу. Наша абарона ў судзе будзе грунтавацца на гэтым пакце».

Сёлета ў лютым у Менску прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «За справядлівыя выбары». Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, якія раней бралі ўдзел у назіраньні за выбарамі. Дэлегаты ўхвалілі статут, абралі кіроўныя органы.

Аб’яднаньне «За справядлівыя выбары» спрабавала зарэгістравацца трэці раз. Першая спроба была ў 2011 годзе пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году.

Аб’яднаньне «За справядлівыя выбары» займаецца вылучэньнем назіральнікаў і сябраў выбарчых камісіяў, ладзіць іх падрыхтоўку і трэнінг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG