Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Wall Street Journal: Пуцін ажыцьцяўляе гітлераўскі сцэнар


Пуцін не зьяўляецца пераўвасобленым Гітлерам. Але выразна відаць, што ён ажыцьцяўляе сваю «стратэгію выжываньня» паводле «гітлераўскага сцэнару».

Гэтак лічыць журналіст Голман Джэнкінс-малодшы, які ў найноўшым выданьні The Wall Street Journal аналізуе дзеяньні прэзыдэнта Расеі.

Аўтар нагадвае, што выдаткі на армію ў Расеі на сёньняшні дзень дасягнулі ўзроўню 14% валавога ўнутранага прадукту (у ЗША гэтыя выдаткі складаюць 4% ВУП). І працягвае:

«Сам Пуцін, з месца апошняй зімовай алімпіяды ў Сочы, на якую ягоны рэжым выклаў 50 мільярдаў даляраў, сказаў вышэйшаму вайсковаму кіраўніцтву краіны: „Мы можам і павінны зрабіць для абароннага сэктару тое, што мы зрабілі для Сочы. Усе пытаньні, зьвязаныя з адпаведным разьмеркаваньнем рэсурсаў, былі вырашаныя“».

Далей аўтар прыводзіць сьціслыя цытаты з кніжкі пра мілітарызацыю гітлераўскай Нямеччыны пры Гітлеры ў 1930-х гадах, напісанай брытанскім гісторыкам і біёграфам Гітлера Іэнам Кэршаў:

«Выбары [у лістападзе 1933 — РС.], казаў Гітлер, даюць немцам апошні шанец адкінуць камунізм пры дапамозе выбарчых бюлетэняў. Калі гэтага не адбудзецца, ён змрочна намякаў, што будзе задзейнічаная сіла... Эканоміка Нямеччыны павінна быць падпарадкаваная мэтам падрыхтоўкі і правядзеньня [міжнароднай] барацьбы... Пасьля таго, як праекты грамадзкіх работаў, уключна з Алімпійскімі гульнямі 1936 году, а потым штораз больш інтэнсіўнае пераўзбраеньне пачалі выцягваць Нямеччыну з рэцэсіі, Гітлер атрымаў усе прапагандысцкія козыры... Пад канец 1938 году ціск фарсіраванай праграмы пераўзбраеньня пачаў адчувацца вельмі востра. Стала відавочна, што палітыку „пераўзброімся любым коштам“ можна ўтрымаць толькі ў кароткатэрміновай пэрспэктыве... Працяглыя эканамічныя цяжкасьці былі асноўным стымулам да павелічэньня нямецкага ціску на Аўстрыю... З эканамічнага гледзішча, падзеньне Чэхаславаччыны таксама давала павабную пэрспэктыву... Ён ня верыў, што будзе вайсковая рэакцыя. У горшым выпадку маглі быць эканамічныя санкцыі».

Паводле Голмана Джэнкінса-малодшага, прэзыдэнцкія выбары ў Расеі ў 2018 будуць праведзеныя ў такім ключы, што яны стануць насамрэч рэфэрэндумам, на якім голас за Пуціна будзе падавацца прапагандыстамі як падтрымка Расеі, а голас супраць яго — як падтрымка яе ворагаў.

«Да гістарычных аналёгій трэба безумоўна падыходзіць з асьцярогай, але гэтая аналёгія можа нам растлумачыць сёе-тое пра натуру рэжымаў, пабудаваных на адчайных і беспэрспэктыўных авантурах... Яна таксама можа сказаць нам крыху пра тое, як такія рэжымы, як правіла, канчаюць. Гісторыя адзначае ня менш за 10 замахаў на жыцьцё Гітлера падчас ягоных 12 гадоў ва ўладзе, два з якіх не ўдаліся толькі дзякуючы незвычайнаму нешанцаваньню» — заключае аўтар The Wall Street Journal.

XS
SM
MD
LG