Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спосабы каханьня: Шэндэровіч пра расейскі дзяржаўны патрыятызм


Рускі марш, 4.04.2014
Рускі марш, 4.04.2014

Віктар Шэндэровіч піша ў «Ежедневном журнале» пра фізіялёгію расейскага дзяржаўнага патрыятызму.

Дзякуй Барысу Акуніну за раскопкі кантэксту. Як выявілася, знакаміта-дурная песьня, якую сьпяваў Кіруха з чэхаўскага «Стэпу»...

«Наша матушка Расия всему свету га-ла-ва!» — заспяваў раптам дзікім голасам Кіруха, папярхнуўся і змоўк. Стэпавае рэха падхапіла ягоны голас, панесла, і, здавалася, па стэпе на цяжкіх колах пакаціла сама дурасьць«.

Дык вось, выяўляецца, гэтая, часоў яшчэ Мікалая Першага, патрыятычная песьня вырастае з «польскага пытаньня»!

«Если вы не покоритесь, Пропадете как трава: Наша матушка Россия Всему свету голова».

Якая, аднак, сымптаматыка.

У падбіўцы расейскага дзяржаўнага патрыятызму амаль абавязкова зашытая імпэрская тэма. «Любіць Расею» азначае тут — жадаць заваяваньня суседніх народаў і не любіць тыя зь іх, якія хочуць выбрацца з-пад імпэрскага ўплыву «матухны».

Беглы позірк па пэрымэтры выявіць паўдзясятка найноўшых, ужо пуцінскага разьліву, «ворагаў», якія па чарзе, па адмашцы з Крамлю, рабіліся ахутанымі дымам пунктамі народнай кансалідацыі: латышы, эстонцы, украінцы, грузіны, тыя самыя палякі ...

За іх сьпінамі па-ранейшаму маячыць злавесны Захад, нелюбоў да якога (што пры Раманавых, што пры Джугашвілі, што пры Пуціне) аўтаматычна азначае залічэньне ў «патрыёты». Гэта неабходная і, як правіла, дастатковая ўмова. Бо ж больш нічога й не патрабуецца. Напішы на машыне ОБАМА ЧМО, пажартуй пра Псакі — вось ты і патрыёт.

Спроба практыкаваць тут нейкую іншую разнавіднасьць патрыятызму (сумешчанага, дапусьцім, зь любоўю да навакольнага чалавецтва), — неадкладна накрываецца падазрэньнем і прыводзіць да высылкі або мардабою.

«... тыча в меня натруженными указательными: „Не наш!“»

Няшчасныя бэльгійцы, швэды, партугальцы, новазэляндцы... Як яны любяць свае радзімы? Няўжо проста так, па факце нараджэньня вось пад гэтым, а ня іншым небам? З гэтай, а ня іншай гісторыяй, мовай, звычаямі, надвор’ем? Не назло сьвету. Без панурасьці, без суворых жаўлакоў і насупленых броваў, бязь вечна адтапыранага ў бок Сусьвету сярэдняга пальца, без начальніцкага вокрыку і інспэктаваньня ... Бяз доўгай чаргі ў казну (зь ліку тых, што любяць Радзіму асабліва правільна і моцна).

Як гэта ў іх атрымліваецца? У чым знаходзяць апору пачуцьцю?

Можа, спытацца?

Можа, самім паспрабаваць любіць сваю Радзіму на тых самых падставах? Тыпу проста так. За степь да степь кругом. За Наташу Растову і Таню Ларыну, за разьлівы рэк яе, падобных да мораў?

Так, і як бы дамовіцца аб прыватнасьці гэтага працэсу? Ну, вось каб не ў мэгафон. Бо калі Радзіму доўга любяць у мэгафон, яна дурнее. А расьцьвітае яна, калі пра яе непрыкметна клапоцяцца.

Робяць гэта, як правіла, людзі, якія ў рот ня возьмуць слова «патрыятызм». Людзі накшталт лекара Антона Чэхава, аўтара апавяданьня «Стэп».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG