Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як фонд з Кубані адраджае патрыятычны дух расейскага народу на тэрыторыі Беларусі


У Беларусі фонд «Алея расейскай славы» ўсталяваў бюсты Пушкіна, Кутузава, Суворава, Кузьняцова і Маргелава, а ў Рэчыцы паставіў памятны знак расейскім «воінам-лякальнікам».

Падарунак з падтэкстам

6 чэрвеня каля Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа быў адкрыты бюст расейскага паэта Аляксандра Пушкіна. Гэтую скульптуру гораду падарыў фонд «Алея расейскай славы». На п’едэстале разьмешчаныя ўрыўкі з пушкінскіх вершаў «Клеветникам России» і «Я помню чудное мгновенье».

Верш «Клеветникам России» Пушкін напісаў з нагоды здушэньня царызмам беларуска-польскага антырасейскага паўстаньня 1830–1831 гадоў.

Сядзіба фонду месьціцца ў горадзе Крапоткін Краснадарскага краю. Кіраўнік, аўтар і выканаўца ідэі праекту — Міхаіл Сердзюкоў.

На сайце фонду «Алея расейскай славы» напісана, што «праект быў задуманы з адзінай мэтай — адраджэньне патрыятычнага духу расейскага народу»:

«Мы лічым, што патрыятычнае выхаваньне зьяўляецца крыніцай і сродкам духоўнага, палітычнага і эканамічнага адраджэньня краіны, яе дзяржаўнай цэласнасьці і бясьпекі. Адкрываючы помнікі і бюсты ў розных кутках Расеі, мы гэтым самым аддаём даніну памяці нашым вялікім продкам і суайчыньнікам».

Сердзюкоў: Намеру абразіць не было

Кіраўнік праекту «Алея расейскай славы» Міхаіл Сердзюкоў сказаў Свабодзе, што не хацеў абразіць беларусаў вершам Пушкіна пра здушэньне паўстаньня 1830–31 гадоў.

На пытаньне, чаму фонд «адраджае патрыятычны дух расейскага народу» на тэрыторыі іншай дзяржавы, спадар Сердзюкоў сказаў, што «не аддзяляе рускіх, беларусаў і ўкраінцаў»:

«Я шчыра выбачаюся. Я шчыра проста ня ведаў, да чаго гістарычна гэты верш прывязаны. Але ўвогуле я не разьдзяляю рускіх, беларусаў і ўкраінцаў. Як звычайны рускі я лічыў, што гэты верш — супраць ворагаў, якія ішлі на расейскую дзяржаву. Хто такія ворагі? На дадзеным этапе — гэта тыя, хто правакуе ў Луганску і Данецку. А больш шырока ворагі — гэта і Гітлер, і Напалеон. Ніякага намеру абразіць пачуцьці беларусаў тут няма. Гэта ад няведаньня гісторыі, на жаль».

У Магілёве не пярэчылі

Як патлумачыла памочніца Міхаіла Сердзюкова Алена Кісялёва, нагодай, каб усталяваць бюст Пушкіна. стаў нацыянальны аўтапрабег «Наша вялікая перамога», зладжаны Ўсерасейскай арганізацыяй «Баявое брацтва», рухам «Антымайдан» і матаклюбам «Начныя ваўкі»:

«З тэхнічных прычынаў у дзень прабегу ўсталяваць помнік не атрымалася, таму яго адкрылі пазьней — 6 чэрвеня. Плянавалася, што гэта будзе падарунак Беларусі на 9 траўня ад праекту „Алея Расейскай Славы“. У нас ёсьць некалькі варыянтаў зь вершамі, якія ўсталёўваюцца разам зь бюстам Пушкіна. Для Магілёва быў абраны „Клеветникам России“. Я ўзгадніла гэты тэкст з гарадзкімі ўладамі. Усё зацьвердзілі, сказалі: „Пойдзе“. Калі б былі пярэчаньні, то мы б замянілі на іншы тэкст».

Фонд «Алея расейскай славы» раней усталяваў у розных гарадах Беларусі бюсты Міхаіла Кутузава (Менск), Аляксандра Суворава (Менск), Івана Кузьняцова (Барысаў) і Васіля Маргелава (Рэчыца і Менск), а таксама памятны знак расейскім «воінам-лякальнікам» (Рэчыца).

Як зазначыў спадар Маргелаў, «воінамі-лякальнікамі» ў Расеі лічаць удзельнікаў лякальных вайсковых апэрацыяў: у Аўганістане і Чачні. Баевікоў «ДНР» і «ЛНР» ён да гэтай катэгорыі не аднёс.

Помнікі вядомым расейцам, вырабленыя і прэзэнтаваныя фондам, ёсьць таксама ў ЗША і Ўкраіне.

На пытаньне, чаму фонд займаецца ўсталёўваньнем такіх помнікаў, кіраўнік фонду Міхаіл Сердзюкоў сказаў, што гэта робіцца дзеля таго, каб людзі не забывалі гісторыю:

«Страшна, што на вуліцы ня ведаюць, хто такі Ракасоўкі, Жукаў, але ведаюць Барыса Маісеева і Ксенію Сабчак. Сорамна. Я дзякую Богу, што ёсьць такі прэзыдэнт, як Лукашэнка — падтрымлівае тое, што мы ў Расеі ўжо развалілі. Трэба працаваць, каб мы памяталі сваю гісторыю. Мы ўсе славяне — рускія, беларусы і ўкраінцы для мяне непадзельныя. Сярод нашых помнікаў ёсьць і Тарас Шаўчэнка, і Мікалай Гогаль, і Аляксей Бэрэст — гэта ўкраінцы».

Фядута: Гэта нетактоўнасьць з боку Расеі

Пушкініст Аляксандар Фядута лічыць усталяваньне ў Магілёве помніка з радкамі вядомага верша «Клеветникам России» палітычным крокам:

«Пушкін напісаў некалькі вершаў, прысьвечаных паўстаньню 1830–31 гадоў. Гэтыя творы былі надрукаваныя і шырока вядомыя. Ня ўсе сябры Пушкіна ставіліся добра да гэтых вершаў, напрыклад, Вяземскі называў іх „шынельнымі вершамі“. Але Пушкін быў шчыры, ён пісаў тое, што ён думаў. Ён быў чалавек імпэрыі. Тое, што зрабіў расейскі бок, калі паставіў на Беларусі помнік з радкамі зь верша „Клеветникам России“, — гэта нетактоўнасьць. Ня трэба ўцягваць нябожчыка ў сучасныя палітычныя сутычкі. А цытаваньне на помніку таго ці іншага радка — гэта не мінуўшчына, а сучаснасьць. Калі было трэба, то можна было абраць у Пушкіна іншыя радкі, якія б не былі палітычным крокам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG