Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курс беларускага рубля да даляра набліжаецца да рэкорднага ўзроўню — 15 450, які быў дасягнуты сёлета 3 лютага.

Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фонджавай біржы і пазабіржавых зьдзелак юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў з банкамі афіцыйны курс вызначаны на ўзроўні 15 412 рублёў — даляр падаражэў амаль на 100 рублёў. Агулам рубель аслабеў да кошыка валют на паўпрацэнта.

Такім чынам, ад канца траўня нацыянальная валюта патаньнела да амэрыканскай амаль на 1500 рублёў.

Ад 1 чэрвеня Нацыянальны банк увёў новы мэханізм фармаваньня курсу рубля: апэрацыі, не зьвязаныя з абавязковым продажам прадпрыемствамі 30% валютнай выручкі, цяпер ажыцьцяўляюцца на пазабіржавым сэгмэнце — наўпрост паміж кліентамі і банкамі. Іншымі словамі, ужо тыдзень для характарыстыкі валютнага рынку Беларусі выкарыстоўваюць ня толькі біржавы курс рубля, але і курсы, паводле якіх банкі прадаюць валюту прадпрыемствам ці гандлююць паміж сабой. Вызначэньне ўсярэдненага паказьніка акрэсьліла тэндэнцыю на паступовае абясцэньваньне рубля і лягічных наступстваў — праяваў калі ня панікі, то некаторай напружанасьці ў грамадзтве.

XS
SM
MD
LG